Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Усмешка ў Санькі харошая. Заіка Васіль усміхаецца так, нібы заўсёды просіць прабачэння: «Эх, сказаў бы я вам нешта в-вясёленькае, д-ды вось не выйдзе…» А Санька ўсмешкай сваёй абяцае: «Я вам зараз такое скажу… ну, такое, што проста!..» I так ён будзе абяцаць усё жыццё. Прыемна глядзець на такую ўсмешку, бо ўсе мы заўсёды чакаем і хочам радасці.
Васіль і Санька ўжо дружылі, хоць і пазналіся нядаўна.
— Т-ты ўсё д-дыхаеш, Саня, д-дыхаеш, б-брат, — сказаў Васіль. — З-закурым м-мо, няхай начальнік н-нам п-пазайздросціць.
Сцяпанавіч, усё яшчэ з рукамі ў кішэнях штаноў, прыжмурыўшы пад кепкай малыя шэрыя вочы, глядзеў уздоўж шашы, пад сонца, як палкаводзец, і прыкідваўся, што нічога не чуе.
— Дыхаю, брат Васіль, — гаварыў Санька, беручы ў Недасека махорку. — Дыхаю і ніяк пе нацешуся. Што, давай паляжым?
Яны пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу паляглі на траву. Цела прыемна ныла, адпачываючы пасля трохгадзіннага сядзення за рулём, натруджаныя вочы з асалодай адпачывалі на ласкавай зеляніне.
— Чорт вазьмі —не відаць! — з прыкрасцю прабурчаў за канавай Сцяпанавіч.
Насустрач яму замест чаканых грузавікоў імчала-ся «Пабеда».
— Т-твой н-начальнік, Б-будай, — кіўнуў на яе Недасек. — Ідзі, б-брат, павітайся!
— А што ты думаеш? — усміхнуўся Санька. I ён гукнуў: — Сцяпанавіч! Зірні на нумар: можа, мой?
«Пабеда» шуганула каля трох грузавікоў і Сцяпанавіча, і Малыя зоркія вочы яго, прывычна прыжмурыўшыся, злавілі на жоўтай шыльдачцы чатыры лічбы.
— Дванаццаць шэсцьдзесят сем!
— Эх, чорт, не мой! — Санька махнуў рукою і перакаціўся на спіну.
Сцяпанавіч пакінуў углядацца і, канчаткова паддаўшыся спакусе, салідна гоцнуў цераз канаву.
— Што, спадзяваўся, што твой? — спытаўся ён у Санькі, кладучыся побач з ім.
— А што т-ты д-думаў — т-толькі т-ты ў яго н-на-чальнік? — падміргнуў Васіль. — А т-ты, Б-будай, н-на д-дарозе стаяў бы д-ды п-павітаўся б: м-можа п-пазнаў бы цябе…
— Ну, я яго, вядома, пазнаў бы, а ён мяне — не. З машыны яно горш відаць…
Недасек засмяяўся.
— А чаму т-ты д-думаеш, ён цябе не пазнаў бы? Н-начальніцкае вока зоркае, — зноў падміргнуў ён на Сцяпанавіча. — Яно, б-брат, б-бачыць, як рэнтген.
Унурыўшыся над травой, Сцяпанавіч жаваў сухую сцяблінку і маўчаў.
— Мой начальнік, — сказаў Санька, — каго, брат, бачыць не хацеў, таго ніколі і не бачыў.
Са збітай на патыліцу кепачкай, падпёршы далонню поўную, румяную шчаку з рыжавата-залацістай шчэццю, Недасек глядзеў на Сцяпанавіча, зморшчаны не то ад сонца, не то яшчэ і ад бяскрыўднай хітрасці, і ўсё, здаецца, падміргваў.
— Вось т-там, Сцяпанавіч, н-начальнік! — сказаў ён. — П-паслухай, б-брат, д-ды п-павучыся, як к-ка-мандаваць. А то т-ты ў нас Фамут, д-ды н-не зусім яшчэ Фамут.
Сцяпанавіч паглядзеў на заіку, пасля на траву, і твар яго пачаў налівацца крывёй.