Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ён яшчэ паспрабуе вырвацца! Вось калі не ўдасца гэта, тады не застанецца ніякай надзеі — тады апошні патрон у аўтамаце — сабе...
Хлопец, прыгінаючыся, кінуўся ўсцяж берага. Адбегшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся і выглянуў з лазняку.
Проста ў кірунку яго ішоў гітлеравец. Салдат быў блізка.
Далей, у баку ад яго, Вася заўважыў яшчэ дзве постаці.
Гітлеравец, убачыўшы Васю, насцярожана ўзняў аўтамат.
Вася адразу выпрастаўся. «Не трывожыцца, не трывожыцца... Спакайней, спакайней!..» — стукала ў грудзях сэрца.
І ён стараўся быць спакойным, непаспешлівым. Цяпер, калі яму было добра вядома, што рабіць, ён дзейнічаў з незвычайнай развагай. Ён добра адчуваў, чым зараз рызыкуе. Блакітныя вочы яго былі незвычайна халодныя.
Немец, які быў гатовы крыкнуць — «хальт!», убачыўшы перад сабой шэра-блакітны мундзір, завагаўся. Але яшчэ больш падзейнічала на салдата тое, што гэты загарэлы, без пілоткі, бялявы хлопец быў зусім спакойны. На яго твары няма нават адзнакі непакою ці спалоху. Так упэўнена можа ісці толькі свой.
Гітлеравец, аднак, штосьці запытаўся.
Васіль зразумеў толькі адно слова: «warum». Ён амаль не ведаў нямецкай мовы.
Не гаворачы нічога, хлопец па-ранейшаму набліжаўся да немца. Салдат адступіў крок назад, пагрозна крыкнуў:
— Wer ist du?! Halt![2]
— Іх бін... — стукнуў сабе ў грудзі хлопец, але што далей сказаць, ён не ведаў.
Гітлеравец быў поруч: стомленыя, злыя вочы, аброслы, няголены падбародак, раскрыты, ашчэраны ад крыку рот.
Больш марудзіць нельга было. Крайко, які да гэтага здаваўся бесклапотна-спакойны, ураз перамяніўся. Ён ірвануўся да гітлераўца, з усёй сілы ўдарыў па аўтамату.
Адным стрэлам са свайго аўтамата Васіль прыкончыў фашыста.
Цяпер — бегчы.
Хлопец схапіў аўтамат забітага і колькі сілы, прыгнуўшыся, пятляючы, паімчаў далей, у рэдкі лясок.
Ён, як праз сон, чуў ззаду страляніну, крыкі. Васіль адчуваў, што гэта гоняцца за ім.
«Толькі б не паранілі ў нагу», — праплыло ў галаве. Ён на момант прыпыніўся і пусціў насустрач гітлераўцам чаргу.
Яму хутка прышлося збочыць. Наперадзе ў прагалінах завіднелася дарога, а па ёй паўзлі фурманкі. Гэта былі немцы. Хлопцу нічога не заставалася, як пабегчы ўсцяж дарогі.
Але і тут ён неўзабаве вымушан быў спыніцца. Наперадзе хлопец убачыў некалькі грузавых машын, якія стаялі між дубоў і ляснога дробнага хмызнячку.
Каля грузавікоў тупалі, перагаворваліся немцы.
Вася адразу стаў.
Адчуваючы, як тужліва сціскаецца сэрца, ён азірнуўся ўправа, улева. Справа лясок канчаўся, віднелася запусцелае, зарослае свірэпіцай поле, па якім наводдаль ішла дарога... Уцякаць няма куды.
Вася прытуліўся да шурпатай кары дуба. Нарыхтаваў аўтамат.
Раздзел V
1...
Абапал дарогі ішлі палоскі жаўцеючых жытоў. Калі набягалі павевы ветру, па верхавінні жытоў хадзілі шызыя хвалі, нібы на рачулках.
За гусеніцамі віхурыўся бялесы надакучлівы пыл, уздымаўся хмараю над дарогай, асядаючы на браню наступных машын, забіваючы танкістам і аўтаматчыкам вочы і вушы.
Аляксей, выбіраючы чысцейшае месца на хусцінцы, зрэдку выціраў ёю павекі, якія ад тоўстага пласту пылу рабіліся цяжкімі. Хусцінка была шэраю ад пяску і пылу.
Да гарадка, у якім напярэдадні авіяразведка знайшла многа нямецкіх танкаў і артылерыі, заставалася не больш пятнаццаці кіламетраў. Калі б усё было добра, батальён праз паўгадзіны падышоў бы да ўскраіны. Але кожнаму цяпер было зразумела, што бой і, мусіць, нялёгкі, — немінучы.
Аляксею прыгадалася размова з Гогабярыдзе, які ўчора сказаў старшаму лейтэнанту:
— Цяпер, Аляксей, да Мінска рушым, як па асфальту з гары. Без прыпынкаў, і ўсё — хутчэй, хутчэй!.. Ведаеш, як ехаць уніз па асфальце, калі вецер свішча ў вушах? І шыны свішчуць. Цудоўна! — Вочы Сандро заблішчалі ад захаплення.
— Кажуць, тады трэба добра сачыць за дарогай і... трымаць тармазы.
— Канешне! — не зразумеў Сандро. — А-а, гэта каменьчык у разведку?! Не захапляцца?! Сачыць і быць напагатове? Будзь спакойны, дарагі Аляксей, буду сачыць усімі вачыма майго ўзвода!
— Во-во! Сачы!.. Бо каб не прышлося тут тармазы ўключаць...
Наперадзе, там, дзе ішла галаўная паходная застава, загучалі частыя выбухі. Старшы лейтэнант адразу прыслухаўся, з гукаў выбухаў ён пазнаў, што страляюць палявыя гарматы.
2
Хто ты?! Стой!