Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ермакоў задаволена адказаў:
— Ёсць з чым сустракаць. Не з пустымі рукамі!..
2...
Радасць перамогі была ў камбрыга агорнута непакоем. Пасёлак узялі, але хіба гэта ўсё? Утрымаць яго ў сваіх руках будзе цяжэй, чым давялося ўзяць. Ці ж гітлераўцы прымірацца адразу з тым, што дарога перарэзана? Будзе бой, ды і не абы-які. Ермакоў ведаў гэта і таму адразу пачаў рыхтавацца да новага бою.
Большасць сваіх рот і амаль усе мінамёты і трафейныя гарматкі ён паставіў на ўскраіну, з боку якой да пасёлка падыходзіла шырокая істужка шляху. Тут, меркаваў ён, давядзецца цяжэй за ўсё, бо гітлераўцы колькі змогі будуць ірвацца вярнуць дарогу... Другая брыгада мелася абараняць пасёлак з паўночнага боку і з працілеглай ускраіны, дзе шлях выходзіў у поле.
Камандны пункт Ермакоў зрабіў у каменным пакойчыку нейкага напаўразбуранага магазіна. Камбрыг і Туравец, прысеўшы на пустыя скрынкі, падсілкоўваліся.
Перад імі на скрынцы, акурат такой жа, як і тыя, на якіх сядзелі, была банка трафейных кансерваў. Адсюль у пралом акна віднеўся шлях, што бег дугою да ляска, цьмяна шарэючы між зеленаватых лапік бульбы і жоўта-шызых палосак жыта.
У далечыні была яшчэ чуваць мінамётная страляніна. Гэта вёў бой з гітлераўцамі заслон, якім камандаваў Дрозд і ў якім быў са сваім узводам Васіль Крайко. Ад самай поўначы, калі пачаўся наступ на пасёлак, яны біліся пры шляху з гітлераўцамі, што стараліся прарвацца.
— Горача Дразду! — прамовіў Ермакоў, дастаючы лыжкай мяса з кансервавай банкі.
За час ад блакады Ермакоў папаўнеў, і на твары яго з'явіўся неўласцівы яму раней выраз нейкай мяккасці.
Туравец хмурыў бровы над цыганскімі вачыма так, нібы хацеў штосьці зразумець, але не мог.
— Ціснуць іх гітлераўцы моцна... І, ведаеш, мне здаецца, фашысты абыходзяць нашых. Акружыць, відаць, хочуць...
— Не акружаць! — але ў голасе Ермакова, хоць камбрыг і глушыў гэта, чулася трывога.
— Не акружаць? Ты ўпэўнены?
Туравец, перапытаўшыся, як звычайна, угледзеўся ў Ермакова, нібы ацэньваючы яго словы.
— Можа, і не акружаць, а можа?.. Крута ім будзе, калі акружаць! Там у гітлераўцаў можа падабрацца вельмі многа рознага зброду. Мяшок зробяць Дразду... Трэба вывесці «старшыню», пакуль не позна... Што ж гэта...
У пакой убег Ляхора, які адразу адрапартаваў, што яго прыслаў Дрозд.
— Вось добра! Якраз успамянулі вашага камандзіра. Ну, што там у вас?
Ляхора адказаў, што гітлераўцы стараюцца акружыць роту, што стрымліваць больш іх адной роце немагчыма.
— Я згодны з табой, камісар...— Ермакоў зашпіліў гузікі на тугім каўняры, зноў павярнуўся да Ляхоры, рашучы, хуткі: — Ляці туды і перадай: няхай адыходзяць, зараз жа адыходзяць! А фрыцаў — прапусціць. Я іх сустрэну!.. Зразумеў? Паўтары! Правільна...
Ляхора выбег з пакоя. Ермакоў у акно бачыў, як ён ляціць на кані па мосце, потым па зялёным выгане за рэчкай назад да лесу.
Ермакоў акінуў позіркам свае пазіцыі, дапаўняючы ўяваю тое, чаго не бачыў.
Партызаны былі абапал шляху ў акопах пры ўскраіне. За крайнімі пабудовамі тут вілася вузкая рачулка, каля якой у прыбярэжных кустах і на дварах маўчалі тры замаскіраваныя гарматкі. Яны стаялі на прамой наводцы. Непадалёк, на двары, уздымалі свае трубы нявідныя адсюль мінамёты. Гэта ўсё добрыя памочнікі камбрыга, ён іх заўсёды шануе...
Ермакоў крыкнуў сувязных.
— Перадайце камандзірам, зараз будуць «госці»... Няхай падрыхтуюцца прымаць. Сустракаць, скажыце, па ўсіх законах, не шкадуючы дабра! Няхай чакаюць хуткага сігналу. Сігнал яны ведаюць — стрэл з гарматы. Вось усё! Ідзіце!..
Ермакоў упіўся вачыма ўдалеч. Нарэшце, камбрыг убачыў, як з-за дрэваў паявіліся на дарозе некалькі машын. Яны пачалі ледзь прыкметна набліжацца... Хутка можна было ўжо добра разабраць, якія з іх грузавікі, якія бронетранспарцёры...
Ермакоў узяў трубку адзінага тут тэлефона, які звязваў яго з мінамётчыкамі і гарматамі. Калі пярэднія машыны наблізіліся метраў на дзвесце да рэчкі, ён скамандаваў коратка:
— Давайце! Агонь!..
Непадалёк адразу разложнага грымнула гармата. Яе падтрымала другая, трэцяя...
Пачалося!
3...
— Усе вярнуліся? — запытаўся Туравец у Дразда.
Камісар і камандзір роты былі на двары, абсаджаным старымі клёнамі, непадалёк ад брыгаднага КП. Каля хаты і пад клемамі тут сядзелі і ляжалі дзесятка паўтара партызан, якія займаліся рознымі справамі. Гаварылі, курылі, прыслухоўваліся да страляніны, аглядалі зброю. Адзін з іх, пажылы чалавек з малінавым загарэлым каркам, драмаў. Групка толькі што пераправілася ў зацішным месцы ўброд цераз рэчку і далучылася да сваіх. Камбрыг трымаў яе да пары ў рэзерве.