Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 154
Перейти на страницу:

— Вось так лепей, — сказаў Вежа і дадаў: — А для сябе… для сябе я стаю за белы шар.

І рэзка кінуў:

— Воля!

Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.

Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.

— "На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, — чытаў Пятро Яроцкі, — третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) — постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян".

Ён кашлянуў.

— Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.

Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.

Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.

А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.

…Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.

Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.

— Гэтыя шары грукалі страшна, — сказаў Вежа. — Як камяні па труне.

— Сапраўды, бацька, — адказаў пан Юры. — Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.

— А што, хіба пахавалі?

— Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла — трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.

— Колькі?

— За адмену дзвесце шэсць, супраць — сто восемдзесят сем.

Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:

— Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?

— Не адны.

Стары свідраваў сына вачыма.

— Раўбіч ведаў?

— Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.

— Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.

— Чым бы ты памог?

— Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я… Я прывёз бы толькі сто чалавек — і Кроер паляцеў бы рылам.

— Нашто табе гэта рабіць?

Вежа ўсміхнуўся.

— Так проста. Клейне прыемна сядзець побач з Зохарам, мне — сутыкнуць гэтую сволач, прымусіць іх біцца. Урэшце, мне проста забаўна было б паглядзець, а што з гэтага будзе. І я не люблю Кроера.

XX

Я пішу гэтыя радкі на паперы, салёнай ад марскога ветру. Мора, цёмна-сіняе, у рэдкіх белых карунках, разбіваецца аб вялікі камень, на якім я ляжу, усплёсквае пенай і трапляе мне на ногі, а калі пашанцуе, — толькі аднымі пырскамі, — падае мне на спіну.

Халодныя, як апёк, пацалункі салонай марской вады.

А зямля вакол сухая, парэпаная, як далонь малпы, попельна-шэрая або блакітная. І сярод гэтай сухмені вялізны, аж да Турцыі, і глыбокі, аж да апошняга дна, наскрозь сіні празрысты крышталь — найчысцейшай вады. Мора пахне ёдам і водарасцямі, зямля — пылам, сухой калючкай, нагрэтым мармурам, карыцай і перцам, сухім авечым памётам.

Іліядай!

Я прыкрываю паперу сваім целам. А вада імчыцца справа і злева ад мяне, ірвецца ў бухту, разбіваецца аб скалы, нясе з сабою, як тысячы тысяч год, дымныя агаты, зеленаватыя халцэдоны і вінна-празрысты (як маладое тутэйшае віно) сердалік.

Часам у глыбінях мільгане сіняе вераценца скумбрыі, па распаленых, пахучых баках каменя бегаюць цікаўныя крабы, а мора наступае і адступае, і мой камень, здаецца, гайдаецца ў вадзе, то вырастаючы, то апускаючыся, звонкі, як бронзавы карабель арганаўтаў, неўміручы "Арго".

Падымаю вочы і заўважаю — далёка! — празрыстае дрэўца гледычыі. Вялізныя сухія струкі на ім — як вязкі скручаных цёмных змей.

Уздымаю вочы яшчэ вышэй — і тады бачу, як на вяршыні Карадага, на вяршыні Святой Гары, спакойна спачываюць два маленькія празрыстыя воблачкі. Уначы над Карадагам узыдзе месяц, асвеціць іх, і кожнае заззяе празрыстым, слаба-ружовым і вінным, жамчужным святлом — як сердалік.

Але галоўнае — мора!

Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро.

1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)