Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Пан Юры, маршалак Юры — бо тут ён быў зусім іншы, невядома адкуль і веліч узялася — абводзіў вачыма залу.
…Усе знаёмыя, кожны твар, кожная постаць. Вунь сядзіць адзіная сярод усіх жанчына, Надзея Клейна (у яе ў доме няма дарослых мужчын, і ездзіць яна ў зборню прынцыпова). А вось там хвалюецца пан Мнішак з яго замучаным тварам і стрыманым гонарам у вачах. Ля яго Раткевіч Юллян, галава малодшага роду Загорскіх, чалавек з нервовым жаўтаватым абліччам. Ён гаворыць аб нечым з Мнішкам. Часам да іх схіляецца з задняга рада галава Міколы Браніборскага, таксама сваяка з малодшага роду. Непрыемная галава, сквапная, з хваткім, як у галаўня, ротам. Гэты, відавочна, запраўляе справамі ў сваім кутку і зараз нешта рыхтуе.
У першым радзе жоўчнае, знясiленае нейкай неадчэпнай думай аблiчча Яраша Раўбiча. На падлакотнiку крэсла цяжка ляжыць безвалосая рука з жалезным бранзалетам. Вочы-правалы часам сустракаюцца з вачыма пана Юрыя i змяжаюцца, як у стомленай птушкi.
…Пан Іван Таркайла з братам. Гэтыя, відаць, нешта прачулі, бо сядзяць насцярожана. Абодва пышнавусыя, абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах.
"Ох, нешта будзе. Дальбог, будзе", — думае пан Юры.
Тым больш што ў заднім радзе сядзіць далёкі брацік жонкі, любенькі пан Кастусь Кроер, распатланы, як заўжды на падпітку, з ашалелымі шэрымі вачыма, такімі вар'яцкімі, што хоць ты перахрысціся, зазірнуўшы ў іх выпадкам.
Кажуць, пасля бунту ў Півошчах брацік зусім расперазаўся: п'е як апантаны, распуснічае, марнатравіць набытак. Па вёсках стаіць лаянка, плач, мардабой. Пасябраваў, сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы… Як бо яго? Кошык?.. Корчык?..
І вось загонавыя, разам з блакітнымі, гойсаюць па лясах, ловяць. Ды толькі трасцу вы яго без здрады зловіце… Колькі год гуляюць славутыя бандыты? А колькі пашанцуе. Прайдзісвет гуляў некалькі год. Чортаў Бацька — шаснаццаць і яшчэ адно лета, пакуль сабутэльнікі па п'янцы не далі доўбняй, ды трапілі, відаць, па голым месцы. А Чорны Война гуляе ўжо дваццаць год. Лясы нямераныя, сцежкі знаёмыя.
Пан Юры амаль жадаў, каб у адной з вёсак Кроера адбылося нешта дзікае. Тады дваранская грамада, пад яго, пана Юрыя, кіраўніцтвам, мела б права і магчымасць патрабаваць апекавання над гэтым раз'юшаным сабакам. Адабраць, за няздатнасць і п'яную прыдуркаватасць, права кіраваць жывымі людзьмі, маёнткі ў апеку, а пана Канстанціна пад хатняе зняволенне, гуляць з нянькай у дурня ды чытаць чэцці-мінеі.
Хай адзін знявечаны. Затое астатняя тысяча душ уздыхнула б з палёгкаю.
I нiчога, нiчога ж з iм нельга зрабiць, пакуль ён бандыцкiм баронам сядзiць у сваiх вёсках. "Мой дом…" I iдзiце вы, маўляў, да д'ябла з вашымi ра?джаннямi, пан маршалак i пан губернатар.
Стары Вежа глядзеў на сына і ўсміхаўся. Усё ж чагосьці варты. Нават усе гэтыя soi-disant gros bonnets[63] глядзяць на яго не без павагі.
Урэшце, павагу ў іх прыдбаць лёгка.
Вежа нахіліўся да Ісленьева, шапнуў яму:
— Глядзі, як мой будзе ўтаймоўваць "совет нечестивых".
— Вы буркатун, князь, — сказаў Ісленьеў. — Вы зноў лаеце гэтых людзей, і ўрад, і веру. Проста дзіву даешся.
Яны ўсміхнуліся. З усяго гэтага хаўрусу Вежа паважаў толькі аднаго Ісленьева. Паважаў за чысціню, хаця і ставіўся да яго з нейкай дзіўнай паблажлівасцю, бо Ісленьеў мяккацела служыў.
…Загорскаму ўдалося навесці цішыню. Ён зрабіў Басаку-Яроцкаму знак казаць далей.
Старшыня для парадку яшчэ раз ударыў у маленькі гонг. Бронзавы гук неяк жаласна праляцеў вялізнай пацішэлай залай, прагучаў пад скляпеннямі і змоўк.
— Ціха, панове дваране, — сказаў Яроцкі. — Мы назнарок пакінулі час на тое, каб абмеркаваць запіску, пададзеную дваранскаму губернскаму з'езду і падпісаную васьмю дваранамі… Браніборскім, Вітахмовічам, Вірскім, Панафідзіным, Яноўскім… Раткевічам…
— Сем пар чыстых, — сказаў Кроер, і ўсе паглядзелі на яго.
— Ямантам…
— Сем пар нячыстых, — сказаў Кроер, але ўжо цішэй.
— І Мнішкам… Пры гэтым пан Мнішак паставіў подпіс толькі ўчора… А пан Раткевіч, хаця ідэя запіскі была ягонай, зняў свой подпіс, не згаджаючыся з дапаўненнямі, унесенымі Браніборскім, і згадзіўся зноў паставіць толькі сёння, патрабуючы, аднак, магчымасці выказаць асобную думку.
— …у палонцы, — сказаў Кроер.
— Пане Браніборскі, — сказаў Яроцкі, — ідзіце сюды, чытайце.
Браніборскі ўзняўся, чаканячы крок, пайшоў на подыюм. Чырвоная саф'янавая папка з залатымі снурамі заціснута пад пахай, галава ўскінута.
63
Так званыя тузы (франц.)