Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 254
Перейти на страницу:

— Ну што? Ну што, гадаўцы? Чаго вам трэба? — слаба крыкнуў ён амаль праз слёзы, якімі замакрэлі вочы. Пад горла яму таксама падвалілася нешта, мулкае і даўкае, і ён спыніўся на сцежцы за пяць крокаў ад плота.

— Ану ходзь бліжэй! — неяк дужа спакойна, з ледзьве прыкметнай пагрозай сказаў Гуж, утаропіўшыся ў яго цвярдым, як цвік, позіркам. Твар паліцая быў нібы дзеравяны, і Пятрок адчуў, што на гэты раз не абыдзецца.

— Што вам? Чаго вы чапляецеся? Якога ражна вам трэба ад мяне? Гады вы, нямецкія запраданцы…

— Ану спакойна! — зарычэў Гуж, ускідваючы вінтоўку. — А то мы…

— Што вы, што? Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! — з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. — Страляйце!!!

— Гэта паспеем! — спакойней аб’явіў Гуж. — Ідзі сюды!

— А во не пайду! Не пайду да вас і слухаць не стану. Вылюдкі вы!!!

Гуж спакойна закінуў вінтоўку за плячо, кіўнуў Каландзёнку:

— Ану, дай яму!

Каландзёнак сігануў цераз верхнюю жэрдку плота, па растаптаных барознах ступіў да яго і размахнуўся. У Петрака зазвінела ў вуху, сяліба хіснулася ўваччу, і ён нечакана апынуўся на мулкіх каляных калівах бульбоўніку.

— Устаць!

— Зараз! Зараз! Устану… Яшчэ ўстану… Але за што б’яце? Што я — чалавек?

Не паспеў ён, аднак, узграбсціся на ногі, як другі ўдар у правае вуха паваліў яго на другі бок у гразкую растаптаную баразну.

— Дзе гарэлка?

— А во — скулля вам! — сказаў Пятрок, плюючыся крывёй — здаецца, яму выбілі апошнія зубы. — Во, наце! Наце! — тыцнуў ён Гужу кукіш. — Біце! Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! Во і яму тожа! Скулля ўсім вам!

Каландзёнак зноў падскочыў да яго і размахнуўся, але Гуж за плотам спыніў яго, цвёрда гукнуўшы:

— Стоп! Пака хопіць. Мы яго гэта… Паказацельна.

— Рэпрэсію, ці што? — тонкім голасам спытаў Каландзёнак.

— Рэпрэсію. На вяроўцы, — сказаў Гуж і таксама пералез цераз плот. — Ану паднімайся!

— Не паднімуся. Страляйце!

— Паднімешся, стары корч! Самагоначку разбазарыў. Раздаў, каму не трэба. А сваім — фігу? Не, я ўжо цябе ўзгрэю. За ашуканства. І за аскарбленне фюрара. За фюрара, знаеш, што палагаецца?

— А хоць што! Я і фюрару плюну ў яго вусатую морду. І табе тожа, прадажнік!

— Цыц!

Гуж коратка ткнуў яму ботам пад грудзі, Пятрок войкнуў і скурчыўся на баку ў бульбоўніку. Хвілін колькі ён не мог ні ўздыхнуць, ні сказаць што, дыханне яму перацяло, у вачах усё пайшло кругам. «Канец! Хутчэй бы, каб без гэтых пакут», — неслася ў думках, якія адно яшчэ мелі здольнасць неяк усведамляць яго незайздросную долю, можа, апошнія некалькі хвілін перад канцом.

— Устаць!

Але ўстаць ён не мог, хоць не мог таксама і крыкнуць што паліцаям — ён толькі роспачна хліпаў ротам, як рыбіна, выкінутая з вады на бераг. Тады Гуж падышоў да яго і дужа тузануў за плячо.

— Устаць!

Спакваля, аднак, ён трохі глынуў паветра, раз і другі. Гуж зноў тузануў яго, удвух з Каландзёнкам яны паставілі яго на ногі і, ухапіўшы пад пахі, павалаклі цераз гарод да дрывотні. Ён ледзьве перастаўляў аслабелыя ногі, шапка яго засталася ў бульбоўніку, дужа стыла на ветры галава з рэдзенькім белым пухам — рэштаю яго валасоў. Але, мабыць, яму ўжо не спатрэбіцца ні шапка, ні якое здароўе, ні нават сама галава, і ён не шкадаваў сябе. Ён толькі думаў, што яшчэ трэба сказаць гэтым пачварам, — пакуль быў язык, ён яшчэ меў нейкую супраць іх зброю. Але, як назло, патрэбныя словы не ішлі ў галаву, і ён толькі тупа бубніў:

— Чакайце, чакайце, будзе вам…

— Гэта табе будзе! Гэта ты пачакай трошкі, — з тайным зларадствам паабяцаў Гуж.

Яны болей не білі яго, прывялі на падворак да прывязаных ля тыну коней. Каландзёнак усё трымаў яго пад руку, а Гуж чамусьці пабег у хату. «Ці не возьмуць яны і Сцепаніду?» — падумаў Пятрок. Ён думаў, што зараз убачыць яе і яны пойдуць разам на апошнюю сваю Галгофу, але вельмі хутка Гуж выскачыў з сянец адзін.

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)