Па слядах Купалы і Коласа
- Автор: Чыгрын Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Па слядах Купалы і Коласа». Краткое содержание книги:
У 2002 годзе Слонімскі беларускі драматычны тэатр зноў вяртаецца да камедыі Янкі Купалы. Спектакль тады вырашае паставіць рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў, які прыехаў у Слонім з Усходне-Казахстанскага абласнога рускага тэатра драмы імя Жамбыла горада Усць-Каменагорска. Зусім не ведаючы беларускай драматургіі, звычаяў, нораваў, беларускага жыцця і гісторыі, рэжысёр узяўся за “Прымакі” і паставіў. Пачынаўся спектакль арыгінальна. Тры вясковыя пляткаркі (артысткі Ірына Яцук, Вікторыя Міхальчык, Надзея Ільчанка) распавядалі адна адной аб тым, што дзеяцца ў вёсцы, а таксама разважалі пра мужыкоў. У п’есе Янкі Купалы гэтага няма. Але такая своеасаблівая задумка рэжысёра надала спектаклю новае і свежае ўспрыманне. А далей падзеі на сцэне адбываліся, як у п’есе. Камізм спектакля ўзмацняўся, дзякуючы своеасаблівасці мовы дзеючых асоб, багатай народнымі параўнаннямі, прымаўкамі, фразеалагізмамі, трапнымі, часам грубаватымі дасціпнымі выразамі, а таксама дзякуючы нечаканым паваротам сюжэта, своеасаблівай пабудове дыялога і, вядома ж, ігры акцёраў Тамары Галаванавай, Сяргея Фурсы, Кацярыны Дзядовіч, Наталлі Шугай, Сяргея Лішыка і Віталя Спасюка.
Тым не менш, мінскія тэатральныя крытыкі не дужа спрыяльна ацанілі “Прымакі” у пастаноўцы Віктара Бутакова. Напрыклад, Вячаслаў Іваноўскі ў зборніку “Беларускі тэатр – 2001/2002” (Мн., 2003. С. 9-10) пісаў: “На жаль, спектакль рэжысёра В.Бутакова ў недастаткова густоўна стылізаваных дэкарацыях і касцюмах персанажаў (мастак Аляксандр Толкач) хутчэй нагадваў звыклую для беларускага тэлебачання павільённую рэканструкцыю “Вячорак”, чым знакаміты купалаўскі вадэвіль, багата насычаны беларускім фальклорным матэрыялам і лёгкім дабрадушным гумарам. Нягледзячы на пэўную рызыкоўнасць становішча, у якім пасля значнага падпітку мужчын Максіма Кутаса і Трахіма Сініцы апынуліся жанчыны – Даміцэля Сініца і Палагея Кутас, зранку прачнуўшыся і знайшоўшы ў сваіх ложках суседскага мужа, Янка Купала не дапускае ў сваім даволі простым народным жарце аніякай двухсэнсоўнасці альбо нават намёку на непрыстойнасць. Таму так важна пры пастаноўцы гэтага купалаўскага твора і рэжысёру, і выканаўцам знайсці адпаведныя выразныя сродкі, яскравыя мастацкія знаходкі, адчуць камедыйную стыхію жанра, каб імправізацыяй надаць спектаклю лёгкую іранічнасць, не даць магчымасці сцэнічнаму відовішчу апусціцца да побытавай дробязнасці, захаваўшы адначасова з тым сакавітую народную характарснасць вобразаў...”. З крытыкам варта пагадзіцца. Але ж вясёлы вадэвіль “Прымакі” гледачам падабаецца, ён напоўнены смехам, мяккім, дабрадушным, народным смехам. Да сённяшніх дзён у рэпертуары Слонімскага драматычнага тэатра гэты спектакль ёсць, і на яго ідуць гледачы.
Гэта толькі выбраная вандроўка ў розныя тэатральныя калектывы і тэатры Слонімшчыны, дзе вось ужо на працягу 80 гадоў ідуць п’есы Янкі Купалы. Кожны спектакль па п’есе нашага песняра даваў і дае людзям адчуванне сваёй нацыянальнай годнасці. І народ наш любіў і будзе заўсёды любіць Купалаўскую драматургію, бо яна — неўміручая.
1
Музею беларускай кнігі, які існуе пры Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа, сёлета споўнілася 20 гадоў. Гэта адзіны падобны музей на Гарадзеншчыне. Ён складаецца з дзвюх залаў. Першая прысвечана Якубу Коласу, другая – літаратурнай Слонімшчыне. І хоць Якуб Колас ні разу не быў ў Слоніме, творчасць песняра неразрыўна звязана і з горадам над Шчарай, з яго людзьмі.
Кожны раз, калі я сёння іду па Ружанскай вуліцы ў цэнтр Слоніма, мне ўяўляецца спадарыня Ядвіся Бараноўская. Яна жыла побач з Ружанскаю вуліцай на Цвінтарным завулку (цяпер завулак Дастаеўскага). Так-так, гэта менавіта тая Ядвіся, якая стала прататыпам Ядвісі Баранкевіч у аўтабіяграфічнай аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”. Гэтую аповесць Якуб Колас напісаў у 1923 годзе.
Галоўным героем аповесці з’яўляецца Андрэй Лабановіч — прадстаўнік перадавой часткі дэмакратычнай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя. Іван Навуменка ў сваёй кнізе “Якуб Колас” (Мн., 1982) адзначае, што Лабановіч можа быць і “залішне сур’ёзны для сваіх дваццаці гадоў, але маладосць — пара кахання, гарачых парыванняў, і ўсё гэта, зрэшты, не абмінае і нашага героя. Як ні заняты настаўнік філасофскім роздумам, школьнай працай, грамадскімі інтарэсамі, як ні суцяшае сябе тым, што яму падабаюцца тры дзяўчыны — панна Марына, панна Людміла і, нарэшце, Ядвіся (на яго думку, гэта зарука, што ён не закахаецца ні ў адну), але ўсё ж такі ён закахаўся, і каханне да Ядвісі, можа быць, самы істотны момант жыцця Лабановіча ў Цельшыне”. Далей пісьменнік падкрэслівае, што “ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, дачкі падлоўчага Баранкевіча, адносяцца да ліку лепшых любоўных старонак беларускай прозы”.