Адвечны покліч Радзімы
- Автор: Бутэвіч Анатоль
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Мінская фабрыка каляровага друку
- ISBN: 985-454-236-Х
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Адвечны покліч Радзімы». Краткое содержание книги:
Не стамляйся шукаць ісціну. Стомлены чалавек не адужае дарогу жыцця.
А веды дадаюць дужасці, сілы, мудрасці. Так заўсёды лічылі нашы продкі. І нястомна імкнуліся да святла ісціны і праўды. Таму на ўсім гістарычным шляху пакідалі свае памятныя адзнакі, свае апазнавальныя знакі. І дагэтуль яны ўяўляюцца яркапраменнымі маячкамі, што пазначаюць шлях з мінулага ў будучае, яднаюць дзень учарашні з днём сённяшнім.
Гэтаксама яднаюць нашу гісторыю з сучаснасцю выдатныя помнікі архітэктуры, духоўныя здабыткі продкаў, унітаваныя ў агульнаеўрапейскі кантэкст беларускія з’явы і падзеі, выдатныя постаці рупліўцаў-папярэднікаў. Пасеяная імі ніўка сёння шчодра каласіцца умалотным ураджаем.
Разгарні кнігу і ты пераканаешся ў справядлівасці гэтага.
Цягам пяці стагоддзяў узвышае людскі дух цудатворны Мінскі абраз Божай Маці.
Прамудрасцю Боскай асвятляе беларускі шлях Полацкая Сафійка.
Згублены ў часе крыж Льва Сапегі праменіцца не толькі святасцю, а і душэўнай шчырасцю і шчодрасцю яго стваральніка і фундатара.
Дагэтуль уражвае праніклівай мудрасцю і ўсебаковай дасведчанасцю беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, аўтар выдатнай паэмы-хваласпеву ў гонар Вітаўта Вялікага “Песня пра зубра”.
Адзін з вядомых і ўплывовых у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай магнацкі род Радзівілаў здзіўляў свет не толькі сваімі дабрадзейнымі справамі, а і не менш знанымі дзівацтвамі і штукарствамі.
Апантаны паслядоўнік навуковых ідэй італьянскага мастака Ленарда да Вінчы беларус Казімір Чарноўскі нават у вусцішных камерах-адзіночках царскіх турмаў здолеў стварыць праект першай у Расіі падводнай лодкі.
Нястомным сэрцам б’ецца на падобным на кляновы лісток беларускім абшары самае загадкавае і гаючае возера Нарач.
Пра гэтыя залацінкі-цуды роднай Беларусі наш расказ. Ён дапаможа табе прасвятліцца ісцінай, зразумець мудрую велічнасць спраў і дзеяў нашых улюбёных у сваю зямлю і жыццё продкаў. Прыслухайся да парады нашага вядомага паэта Міхася Стральцова і
Адным з такіх дарункаў быў цудатворны абраз святой Багародзіцы. Некалі ён знаходзіўся ў Вялікім Ноўгарадзе. Паданні сведчаць, што калі скіфы даймалі горад асадай, абраз Божай Маці дапамог вытрымаць напад і разбіць ворага. У 1611 годзе войскі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы ўступілі ў Ноўгарад, абраз перадалі Сапегу. Вялікі канцлер захоўваў святыню разам з іншымі каштоўнасцямі ў галоўнай рэзідэнцыі свайго роду -- Ружанах.
Пасля смерці Льва Сапегі ягоны наследнік Казімір, маршалак і будучы вялікі канцлер, забыўся пра ікону. Ды аднойчы ў сне да яго з’явілася Багародзіца і папрасіла перанесці абраз у належнае яму месца. Ікону адшукалі і перадалі ў Жыровіцкі храм. Але Багародзіца з’явілася зноў і настойвала на сваім. Знакаміты абраз быў вернуты ў царкву святой Тройцы Чарэйскага манастыра.
З імем Сапегі звязана і Чарэйская плашчаніца 1566 года. Гэты выдатны помнік праваслаўнай даўніны вылучаўся сваімі мастацкімі вартасцямі. Асабліва вышытымі на ім надпісамі. Пазней плашчаніца захоўвалася ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, а падчас апошняй вайны бясследна згінула.
Аднак не толькі ваенныя трафеі адрасаваў Сапега манастыру. У 1596 годзе вялікі канцлер заказаў для манастырскай царквы напрастольны крыж. Як зазначае знаны даследчык беларускай даўніны Е. Раманаў, які на свае вочы бачыў Сапегаву святыню, крыж зроблены “з нізкапробнага серабра і, верагодна, быў пазалочаны”. Меў у вышыню 61 сантыметр, з якіх трошкі больш за палову займала падстаўка. Чатырохканцовы, з трохпялёсткавымі канцамі, кожны з пялёсткаў заканчваўся невялікімі шарамі. Шырыня дрэва на крыжы складала 4 сантыметры, таўшчыня -- 2. Была пазначана і дата вырабу.
Першапачаткова крыж упрыгожвалі каштоўныя камяні. На пярэднім баку знаходзілася адлітае распяцце Хрыста. Справа ад Збавіцеля, у медальёне з пялёсткаў, быў выгравіраваны воблік Багародзіцы, а злева – Яна.
Верхнюю частку крыжа ўпрыгожваў выгравіраваны раслінны арнамент. На адваротным баку – адлюстраванне святой Тройцы з адпаведным надпісам. На чатырох канцах крыжа, у медальёнах, знаходзіліся сімвалы евангелістаў. На бакавінах – арнамент з ромбаў. Арнаменатам шчодра ўпрыгожаны і ўвесь крыж.
Унізе пашыранай часткі падстаўкі меўся абадок. На ім быў выразаны надпіс, які прыводзіць Е. Раманаў: “На честь и на хвалоу Гд-оу Бг-оу во Троцы единому я Лев Сапега канцлеръ Великого Князъства Литовского надаломъ сіи Крестъ на манастыръ Ст-ое Жывоначалное Тр-цы оу именью моемъ отчызном Черей рокоу Ч-S”.
Далейшы лёс крыжа згубіўся дзесьці на пакручастых гістарычных сцежках.