Адвечны покліч Радзімы
- Автор: Бутэвіч Анатоль
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Мінская фабрыка каляровага друку
- ISBN: 985-454-236-Х
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Адвечны покліч Радзімы». Краткое содержание книги:
Не стамляйся шукаць ісціну. Стомлены чалавек не адужае дарогу жыцця.
А веды дадаюць дужасці, сілы, мудрасці. Так заўсёды лічылі нашы продкі. І нястомна імкнуліся да святла ісціны і праўды. Таму на ўсім гістарычным шляху пакідалі свае памятныя адзнакі, свае апазнавальныя знакі. І дагэтуль яны ўяўляюцца яркапраменнымі маячкамі, што пазначаюць шлях з мінулага ў будучае, яднаюць дзень учарашні з днём сённяшнім.
Гэтаксама яднаюць нашу гісторыю з сучаснасцю выдатныя помнікі архітэктуры, духоўныя здабыткі продкаў, унітаваныя ў агульнаеўрапейскі кантэкст беларускія з’явы і падзеі, выдатныя постаці рупліўцаў-папярэднікаў. Пасеяная імі ніўка сёння шчодра каласіцца умалотным ураджаем.
Разгарні кнігу і ты пераканаешся ў справядлівасці гэтага.
Цягам пяці стагоддзяў узвышае людскі дух цудатворны Мінскі абраз Божай Маці.
Прамудрасцю Боскай асвятляе беларускі шлях Полацкая Сафійка.
Згублены ў часе крыж Льва Сапегі праменіцца не толькі святасцю, а і душэўнай шчырасцю і шчодрасцю яго стваральніка і фундатара.
Дагэтуль уражвае праніклівай мудрасцю і ўсебаковай дасведчанасцю беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, аўтар выдатнай паэмы-хваласпеву ў гонар Вітаўта Вялікага “Песня пра зубра”.
Адзін з вядомых і ўплывовых у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай магнацкі род Радзівілаў здзіўляў свет не толькі сваімі дабрадзейнымі справамі, а і не менш знанымі дзівацтвамі і штукарствамі.
Апантаны паслядоўнік навуковых ідэй італьянскага мастака Ленарда да Вінчы беларус Казімір Чарноўскі нават у вусцішных камерах-адзіночках царскіх турмаў здолеў стварыць праект першай у Расіі падводнай лодкі.
Нястомным сэрцам б’ецца на падобным на кляновы лісток беларускім абшары самае загадкавае і гаючае возера Нарач.
Пра гэтыя залацінкі-цуды роднай Беларусі наш расказ. Ён дапаможа табе прасвятліцца ісцінай, зразумець мудрую велічнасць спраў і дзеяў нашых улюбёных у сваю зямлю і жыццё продкаў. Прыслухайся да парады нашага вядомага паэта Міхася Стральцова і
“ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА” МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА
Непрыцьмелай дагэтуль таленавітай паэтычнай старонкай нашай гісторыі справядліва лічыцца амаль 500-гадовай даўнасці паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Вялікі паплечнік Францыска Скарыны Мікола Гусоўскі, якога ставілі ўпоравень з выдатным італьянскім паэтам эпохі Адраджэння Петраркам, узяўся давесці да еўрапейскага свету, што існуе такі запаведны і запаветны край, дзе вольна пачуваецца не толькі цар тутэйшай прыроды зубр, але і гаспадар усяго гэтага – тутэйшы чалавек. А дзяржава тая – гэткая ж цывілізаваная, як і іншыя. І завецца яна Вялікім княствам Літоўскім.
Гусоўскі ствараў паэму на лацінскай мове, далёка ад беларускіх краявідаў -- “на зямлі апенінскай”. Паэту пашэнціла паблукаць па свеце, пабачыць чужыя краіны, пазнаёміцца з іншымі народамі. Але ўражанні аб дамашнім былі такой моцы, што ён пакляўся: “Я прысягаю: заўжды, да апошняга слова пець толькі праўду”. Таму паэма моцна дыхае настальгіяй па родным, дарагім і незабыўным. Бо як бы ні было добра сярод чужых людзей, а свая зямелька жыла ў душы сапраўднай песняй.
Першым памкненнем Гусоўскага было паказаць моц, сілу і прыгажосць беларускага зубра. Але для сапраўднага майстра гэтага аказалася мала. Аповяд перарос у хваласпеў роднаму краю, яго прыродзе, людзям і ўладарам. Шмат у паэме аўтабіяграфічнага. З тэксту бачна, што Гусоўскі належаў да адважных і спрытных паляўнічых і таму “налаўчыўся распісвацца лукам”. А “ўмельства сваё праявіць і ў пісьменстве прыгожым” вырашыў дзеля таго, каб распавесці пра справы і дзеі на землях Вялікага княства. Ён меў на гэта і права – як мастак слова, і падставы – “край свой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці я перамераў уздоўжкі і ўпоперак пешшу”. І спрыт свой пераняў ад старэйшых -- “змалку ад бацькі вучыўся”. Ды яшчэ, вядомая рэч, спасцігаў мудрасць чалавечую, назапашаную іншымі.
Дык чаму ж гэткаму абазнанаму ўлюбёнцу ў свой край і ў сваіх людзей было не ўзяцца за справу летапісання іхніх жыццёвых варункаў і вызначэння лёсу і месца Вялікага княства на гістарычных еўрапейскіх скрыжаваннях? З вартай бацькаўшчыны ўзнёсласцю і ўзрушанасцю выспеўвае ён моц, прыгажосць, непаўторнасць адзінага на свеце роднага краю. “Песня пра зубра” першы буйны рэалістычны і эпічны твор пра нашу краіну.
А хто ж ён сам – Мікола Гусоўскі? Паэт? Паляўнічы? Дыпламат? І тое, і другое, і трэцяе. Нарадзіўся ў 1470-я гады, верагодна, у в. Уса альбо Усава ў цэнтральнай Беларусі, у сям’і лоўчага. Памёр каля 1533 года ў Польшчы. У сталыя гады нёс службу пры двары свайго мецэната плоцкага біскупа Эразма Вітэлія, які ў 1492—99 гадах меў пасаду сакратара велікакняскай канцылярыі ў стольнай Вільні.
У 1518 годзе разам з пасольствам Вялікага княства і Польшчы Гусоўскі выправіўся да Папы Льва Х у Рым, дзе прабыў пяць гадоў. Менавіта тут ён напісаў “Песню пра зубра” і 11 вершаў. Першы паэтычны зборнік з гэтымі творамі выйшаў у тагачаснай польскай сталіцы Кракаве ў 1523 годзе. Да беларусаў жа выдатны твор дайшоў толькі праз 444 гады. У 1967 годзе ўпершыню на беларускую мову паэму пераўвасобіў выдатны перакладчык многіх класічных твораў Язэп Семяжон.
Як сапраўдны патрыёт зямлі, як дасканалы мастак, Мікола Гусоўскі пісаў свой твор памяццю сэрца. Вобраз магутнага звера, які захаваўся толькі ў спаконвечных беларускіх пушчах, аўтару патрэбен, каб гэтак жа годна ўзвысіць і ўславіць сапраўднага гаспадара тутэйшай зямлі – Вітаўта Вялікага. Гэты еўрапейскага масштабу валадар кіраваў магутнай дзяржавай за 100 гадоў да напісання паэмы. Ды справы ягоныя мелі такую вагу і значнасць, што з часам зусім не прыцьмелі, а набылі яшчэ большы розгалас.
Нездарма ”княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы росквітам княства Літоўскага, нашага краю, і называюць той век залатым…” І не столькі ад вайсковых спраў і паходаў пайшла слава пра Вітаўта, а найперш ад ягонага клопату пра духоўнае ўзвышэнне чалавека. Гэты магутны дзяржаўца і разумны гаспадарнік “перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна ставіў багацце духоўнае – злата дзяржавы”.