Электронная книга - «Пыл саркафагаў». Краткое содержание книги:
Сёння ўсё часцей гаворыцца пра неабходнасць перагледзець традыцыю беларускай паэзіі. Так, сацыяльна скіраваная, перадусім патрыятычная лірыка, заснаваная на канкрэтных, рэалістычных вобразах, — наша традыцыя. Але традыцыя — таксама і ў «эстэцтве», якім мы лічым агульналюдскія матывы, фармальныя пошукі, сцвярджэнне самакаштоўнасці хараства. Зыходзіць гэтая традыцыя яшчэ ад Сімяона Полацкага, які, у прыватнасці, даў узоры так званых фігурных, або графічных, вершаў. Шмат паэзіі «чыстай красы» ў яе стылёвай разнастайнасці ў Максіма Багдановіча, Уладзіміра Жылкі і ў многіх іншых папярэднікаў.
Айчына. Воля. Барацьба.
Пятля. Астрог і неба ў краты.
Жывога вечная сяўба
І пустазелле, бюракраты.
Гарластых цётак чарада.
Авоські. Клункі. Плёткі. Сваркі.
Штодзённасць...
Спрэчкі і нуда.
Нуда і спрэчкі...
Святы, чаркі.
Высакароднасць. Грамада.
Вячэра. Лаянка за скваркі.
Крыніца. Маці. Немаўля.
Забойцы. Здраднікі. Пачвары.
Пакутная ў слязах зямля
І лёсам гнаныя ахвяры.
РАКАКО
Міхасю Маліноўскаму
каралі і магнаты медальёнам і люстрам
літургіі балі цудоўным шматлікім
ад пампезных санатаў акратэрыям аркам
люструюцца залы пано габеленам
святлацень арабескаў капітэлям аканту
ажур гарэльефнасць разеткам філёнкам
каларыт еўрапейскасць праз партал да пілонаў
дэкор-эфемернасць шмыгаю таемна
балаўніцтва балетніц і пад столлю плафонаў
машнары з узораў згалцелы прыемна
з атуманеных лесвіц прыгажуню шукаю
меандр ілюзору з вачыма як хоры
як адлітыя з медзі і знайшоўшы сціскаю
разносяць паненкі мармуравы холад
дэкальтэ дыяменты кампазіцый прапорцый
парфуму сукенкі спакусы праходзяць
я ў люкарню дзіўлюся маскаронамі порцік
пуці срэбракрылым глядзіць на стагоддзі
СОН
Нам трэба спаць...
Хэрыт Ахтэрберх
У пакоі без вокнаў
цемрай цешыцца вока
і кладзе амулеты
на ўспамінаў шкілеты
і ратуешся сненнем
каб пазбегнуць насення
рэалізму свядомых
і ўцячы ў беспрытомнасць
непраяўленых думак
неразблытаных стужак
нараджэння і смерці
з дыяментаў і смецця
асалодай цыкуты
сон касуе пакуты
дэфларыруе краты
ад міжчассяў нязгрэбных
між зямлёю і небам губляюцца межы
снег кладзецца на снег
прабіваючы вечнасць касцёльная вежа
нерухома знікае ў пярэстым бязмежжы
снег кладзецца на снег
ледзянее на вуснах бязмоўна каханне
зошла шкеляцца вочы ад белага ззяння
і цнатлівай дзяўчынаю смерць беззаганна
абдымае і песціць таемным вяртаннем
снег кладзецца на снег
і хаваецца ў боскасці млоснага змроку
што навокал і так неабсяжнае зроку
снег кладзецца на снег
зацярушвае прагу апошняга кроку
Жоўтая пастэль
Уладзіміру Траццякову
Шыбы прымерзлі
да зімы.
Малюнкі амлення.
Подых поўні.
Таямніца
адлюстраванага...
Сусвет у ваконнай
раме —
калейдаскоп ільда.
Жаданне ўтаймавацца
на шкле
крышталём святла.
Цёплы пакой.
Вярблюджая коўдра.
Нерухомасць.
За вокнамі
пацеркамі слядоў-
мае крокі.
У СКЛЕПЕ
Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска
Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е...
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.