Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Пан Ватман і пан Вырвіч, я папрашу вас адысці падалей. Вось так, дастаткова. І не рушцеся з месца, пакуль я вас не паклічу. А ты, Бутрым, перадай ліхтар пану Ватману.
Голас пані Лёднік быў такі ўладны, што ніхто не стаў ні пярэчыць, ні перапытваць. Саламея павярнулася да мужа.
— Стань вунь на тую пліту…
Доктар паслухмяна адыйшоўся ў самы кут. Саламея апынулася насупраць, у правым куце… Цяпер між імі былі дзве пліты. Гэта было падобна на тое, як расстаўляюць фігуры ў гульні пад назвай шахматы: Вырвіч яе так і не засвоіў, але бачыў, як багатыя хлапцы са старэйшага курсу важна перасоўваюць фігуркі, выразаныя са слановай косткі і аздобленыя срэбрам, па клетках драўлянай дошкі. Пранціш памятаў, што большасць фігурак абавязкова будзе «з’едзена» іншымі.
На хвілю запанавала ціша.
Далейшае адбылося так імкліва, нібыта пракаветны скандынаўскі бог Тор уваліў кавальскім малатком па гадзіне так, што яна сплюснулася, вытанчылася да аднаго імгнення. Пліта, на якой стаяла Саламея, раптам правалілася, і тая, што побач, пачала правальвацца… Лёднік адразу ж скочыў за жонкай, і пад яго цяжарам другая пліта абрынулася ўніз, ніхто не паспеў нават ускрыкнуць.
Вырвіч і Ватман кінуліся да прагалу, усведамляючы, што безнадзейна спазніліся… Але жахлівай прорвы не пабачылі — наадварот: пліты павольна падымаліся наверх, пераляканы доктар (а Пранціш упершыню бачыў доктара пераляканым) трымаў у абдоймах Саламею, а на вуснах той лунала мройная, трохі сумная ўсмешка… І разам з тым, як пліты пакрысе вярталіся на сваё месца, у глухой сценцы, што перагарадзіла шлях, пачала ўтварацца роўная шчыліна, якая са скрыгатам — камень аб камень — пашыралася, нібыта нехта рассякаў, рассоўваў мур волатавым мячом.
— Хутчэй! Дзверы зараз зачыняцца! — крыкнула Саламея і пацягнула Лёдніка за руку ў чорную шчыліну.
Вырвіч і Ватман рушылі за імі… Як толькі вандроўнікі забеглі ў таемныя дзверы, страшэнны грукат за спінамі засведчыў — праход зачыніўся.
Ватман высока падняў ліхтар, які не выпусціў з рук, нягледзячы ні на што. Яны апынуліся у пакоі, дзе, аднак, не было ні бібліятэкі, ні рамфеі — толькі фрэскі на сценах. Ясна, што дужа старыя, але нават у цьмяным святле ліхтара бачылася — фарбы не страцілі яркасці. Пранціш пазнаў выявы Барыса і Глеба, Хрыста Пантакратара і нават святога Вацлава. Надпісы на сценах віліся стараславянскай вяззю. Яшчэ адна дзіўната — складзеныя ў куце глыжы, нібыта маленькі курган, пад якім была пахаваная нейкая мізэрная істота.
— І як жа назад? — падазрона папытаўся Ватман.
Саламея няўважна махнула рукой:
— Назад прасцей… Націснуць адначасна абедзьвума рукамі вунь на тыя камяні, што выпіраюць са сцяны.
— Гэта на знак, што нічога з сабой не выносіш, — насмешна і раззлавана патлумачыў Лёднік, які яшчэ не ачуняў ад перажытага, бо вочы ў яго ажно гарэлі чорным гнеўным агнём. — Дойліды, аднак, страшнаватыя жарты тут пакінулі. Ты што, папярэдзіць мяне не магла? Абавязкова было, каб я перажыў тваю смерць?
Саламея вінавата апусціла вочы.
— Абавязкова. Так рабілі ўсе, хто прыводзіў сюды неафітаў. Прабач, але бацька сказаў, каб я, калі прыду сюды першы раз, учыніла ўсё па правілах. У сутарэнні могуць прайсці толькі чыстыя сэрцам, а людзі, якія гатовыя ратаваць адзін аднаго цаной уласнага жыцця, зусім кепскімі быць не могуць.
— Значыць, калі б я не скочыў за табой… — у голасе доктара ўсё яшчэ чуўся гнеў.
— Дзверы б не расчыніліся. Мы б не загінулі, але і не прайшлі б далей, — спакойна патлумачыла Саламея.
— Чакайце, — захваляваўся Пранціш. — А як жа Іван Рэніч адзін сюды хадзіў?
— Рэніч быў вынаходнікам, — змрочна прамовіў Лёднік. — А я думаў — нашто яму сюды прыцягваць тое бервяно? Неяк ён даведаўся пра сістэму з плітамі. Націснуць напачатку адначасова на дзве скрайнія пліты. А калі крайняя правая пачне апускацца — перамясціць вагу з крайняй левай пліты на другую справа. І прыводзіцца ў дзеянне механізм, які адчыняе праход. Вось і ўся ахвярнасць. Не містыка, а механіка.
— Для таго і патрэбныя таямніцы і таемствы, каб не зводзілася ўсё да простай механікі, — раздражнёна адказала Саламея.