Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 254
Перейти на страницу:

Ну, так яно і было, ён не памыліўся — з хаты чулася размова: адзін голас быў Сцепанідзін, а другі… Не ўцяміўшы адразу, чый быў той голас, Пятрок нясмела расчыніў дзверы ў хату.

— Во, а мы чакаем. Думалі ўжо — не дачакаемся сёння.

«Вы ды каб не дачакаліся — воўк за гарой здохне», — падумаў Пятрок, пазнаўшы паліцая Недасеку, што падняўся насустрач з лавы. Ён падаў Петраку шырокую далонь, якую той ціхенька паціснуў, думаючы ўсё: «Каб ты здох, унюхаў-такі. Але што ж, мабыць, здагадлівыя… Не паспееш нешта падумаць, як яны ўжо ведаюць».

— Але калі на работу, дык не пайду, — сказаў Пятрок. — Учора падбіўся, няма рады.

— Ай, не хадзі, — ахвотна пагадзіўся паліцай. — Сёння можна і не ісці, немцы паехалі. Ну як, ці нагнаў? — раптам запытаў ён і сціх, поўны ўвагі.

Пятрок зразумеў, што ён мае на ўвазе, і ўжо хацеў быў аднекацца, нешта схлусіць, але перш зірнуў на Сцепаніду, якая моўчкі стаяла пры печы. Злавіўшы ягоны позірк, яна сказала:

— Во дажыдаецца. Быў жа Гуж, ужо ўсё ведае.

Каторы ўжо раз Пятрок моўчкі пры сабе вылаяўся, ну але што ж! Без Гужа тут, ведама, не абыдзецца, але, можа, і лепей, што няма самога старшага паліцая, не трэба нічога тлумачыць ці апраўдвацца. І ўсё ж самагон ён хацеў аддаць ва ўласныя рукі Гужа, каб было зразумела, каму і ад каго, ды, можа, яшчэ і абгаварыць, за што. Папрасіць, каб не дакучаў з працай, не прысылаў немцаў кватараваць, перастаў чапляцца да жонкі. Ці мала ў яго было спраў да Гужа! Але ж во трэба цяпер ні за што, ні пра што аддаваць самагон Недасеку, які, можа, сам усё і вып’е.

Памарудзіўшы трохі, Пятрок выйшаў з хаты і на дрывотні выцягнуў з-за штабялька дзве бутэлькі гарэлкі. Трэцюю рашыў не аддаваць, паберагчы трохі. Ідучы ў хату, трошкі пабойваўся, што Недасека заўпарціцца, скажа: мала, тады прыйдзецца апраўдвацца, што мала нагнаў, бо кепскае начынне ці мала заквасіў. Але, на яго здзіўленне, Недасека не сказаў ні слова, запіхаў бутэлькі ў кішэні суконнага галіфэ, што нізка спаўзло на калені.

— З бульбы ці жытняя? — толькі і пацікавіўся паліцай.

— Жытняя. Стараўся, а як жа! Цяпер жа, ведаеш, трэба ўсім дагадзіць, уласці асобенна, — ветліва сказаў Пятрок.

— Уласці заўжды дагаджаць трэба. Хоць савецкай, хоць нямецкай, а як жа, — глыбакадумна заключыў Недасека і ўзяўся за клямку. — Ну, то да пабачэння!

Ён пайшоў, быццам нават задаволены тым, што ўзяў, Пятрок падазрона пасачыў у акно, як паліцай выходзіў з варотцаў, і тады стомлена сеў на лаву. Сцепаніда палезла ў печ па чыгунок з рэшткай капусты.

— Дзвюма бутэлькамі думаеш заліць яму вочы? — з’едліва запытала яна, спадылба пазіраючы на супакоенага Петрака.

— А што, мала?

— Сам ведаеш. Як бы зноў не прыпёрся.

— А не дам. Што ў мяне, спіртзавод?

— Аднак ужо ведаюць, што гоніш. Што змеявік на скрыпку выменяў. Агентура, кажа.

— Во як! Каб яна спрахла, агентура тая!

— Толькі во бомбу не могуць знайсці. Бомба там ля моста ляжала, дык спёр нехта.

— Бомбу! Ну каму яна трэба… Хіба Карніла? Пэўна, Карніла, — сказаў Пятрок, падумаўшы. — Таму ўсё трэба. Што дзе ляжыць, усё дамоў цягне.

Седзячы на тым самым месцы, дзе нядаўна еў Недасека, Пятрок сёрбаў капусту. Адчуваў ён сябе дашчэнту змораным, дужа сіпела ў грудзях — мусіць, ад дыму, але ўпершыню за шмат дзён з’явілася задаволенасць у душы, што зрабіў справу і тым трохі адкупіўся дзеля спакою, надоўга толькі ці не — невядома. Але на сёння, дык, мабыць, пэўна адкупіўся, ужо сёння Гуж пакіне яго ў спакоі. Даядаючы засквараную капусту з глінянай міскі, ён думаў, што спярша закурыць, а пасля трохі адпачне ў цяпле свае хаты, а там памяркуе, што рабіць далей. Але, як заўжды, Сцепаніда болей за яго ведала, што трэба рабіць найперш, а што пасля.

— Капец так і не абладзілі. Мне сёння не далі гэтыя. Ды і хлеба нямашака, малоць трэба.

— Бульба пачакае. Не марозіць яшчэ.

— Ну а хлеб? Есці ж няма чаго.

— Заўтра, — сказаў Пятрок. Пасля яды, у хатнім цяпле яго зусім размарыла ад стомы, і ён не меў сілы брацца цяпер за якую справу. Хоць бы і за самую пільную.

— А калі заўтра выганяць абаіх? На мост ці на бульбу? Ці яшчэ куды, — насядала Сцепаніда.

— Не выганяць.

— Як гэта — не выганяць! Што, ён табе даў аслабаджэнне? Нап’ецца ды зноў прыедзе, будзе чапляцца.

Можа, і прыедзе і будзе чапляцца і пагражаць, але Пятрок так ужо выматаўся за гэтыя дні, што цяпер не меў жаднае сілы што-небудзь рабіць. Паеўшы, ён згарнуў цыгарку, прыпаліў яе ад вугольчыка з загнеткі і пайшоў у запечак.

— Я зараз…

Не скідаючы апорак, ён прылёг у запечку і, не дакурыўшы цыгаркі, заснуў. Здалося, толькі самкнуў павекі, як на падворку дужа забрахаў забыты ім Рудзька, штось затупацела ў доле — Пятрок прахапіўся са сну і з цяжкай галавой кінуўся да акна. На тым месцы, дзе нядаўна стаяла кухня, нехта прывязваў да тыну спраўнага рудога коніка, і, як павярнуўся, каб ісці да ганка, Пятрок пазнаў Каландзёнка — у шынялі, з вінтоўкай за плячмі.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)