Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Спярша, як толькі прыйшлі немцы, Пятрок наведваўся ў мястэчка, каб што-небудзь прыдбаць, зірнуць на новы парадак, а больш, каб пачуць, што робіцца ў свеце, і дазнацца, як яно будзе далей. Памятае, неяк каля пажарнай сабралася ў засені пад клёнам трохі мужчын — сядзелі, курылі. Гаворка была невясёлая — усё пра тое ж. Дзён колькі назад у раён прыехаў нейкі нямецкі чын у рудым фрэнчы з чырвонаю перавяззю на рукаве, казалі: прызначыў новае кіраўніцтва з мясцовых. Мужыкам увогуле гэта спадабалася, што кіраўніцтва будзе не з немцаў, не якое прысланае, а менавіта з сваіх, мясцовых. Трохі счакаўшы, новае начальства ўсталявалася ў мураванай будыніне колішняга выканкама, і там ужо бачылі нямецкага перакладчыка, былога настаўніка, ціхманага халасцяка Свянткоўскага, што шэсць гадоў кватараваў ля моста ў жыдоўкі Рывы. Галоўным паліцаем адразу стаў Гуж, які перад тым толькі паявіўся ў мястэчку. Неўзабаве надзеў на рукаў павязку і Антось Недасека, што надта здзівіла местачкоўцаў, бо ніхто з іх не мог сказаць нічога благога пра гэтага чалавека. Трэцім паліцаем многія абураліся адкрыта, бо даўно яго не любілі ў Выселках, але Патап Каландзёнак, мусіць, ужо прывык да таго і не дужа звяртаў увагу. Цяпер ён зважаў толькі на немцаў і на свайго непасрэднага начальніка — старшага паліцэйскага Гужа. А Гуж? Узяўся за старое ці новае, яго не зразумееш, дзесяць гадоў яго не было тут — праходзіў навуку ў далёкім Данбасе, на каго там вывучыўся, можна толькі здагадвацца. Але цяпер адно ўпіваецца дадзенай яму немалой уладай, разам з немцамі панішчыў местачковых жыдоў, разрабаваў іхняе майно і дзень пры дні фарсіць у рудой скуранцы, што нядаўна яшчэ насіў вядомы ўсім загадчык райземаддзела Яфім Кац.
Вось табе і сваё кіраўніцтва.
«Але як жа так можна, — думаў Пятрок, мерна ківаючыся ля жорнаў у такт ходу млёна — узад і ўперад. Было зусім цёмна, якой газнічкі ён не паліў. Сцепаніда ашчаджала газу, і ён не хацеў сварыцца — змеле і ўпоцемку. — Як жа так можна? — пытаўся ў думках Пятрок, — каб свае — сваіх?» Гэта ж як спрадвеку шанаваліся ў вёсцы добрыя адносіны паміж людзьмі, рэдка хто (можа, вырадак толькі) адважваўся на яўнае зло ў адносінах да суседа, даваў сабе волю судзіцца ці нават сварыцца з такім жа, як сам, селянінам. Здаралася што-нішто, не без таго ў жыцці, але часцей за ўсё праз зямлю — за надзелы, пожні, жывёлу. Але ж цяпер якая ж зямля? Каму яна патрэбна стала, зямля, даўно ўся сварка праз яе адпала, а міру з таго не пабольшала. Людзі разбэсціліся. Раней малады не мог дазволіць сабе прайсці міма старэйшага, каб не зняць шапкі, а цяпер гэтыя во маладыя знімаюць другім галовы разам з шапкамі. І не баяцца нічога — ні боскага гневу, ні суда чалавечага. Як быццам так заведзена тут спрадвеку, як быццам на іхнім баку не толькі сіла, але яшчэ і праўда. А можа, ім і не патрэбна праўда, даволі крыважэрнае нямецкае сілы? На праўду яны гатовы пляваць, калі яна будзе ім замінаць у іхнім злачынстве. Аднак праўда ўсё ж ім замінае, інакш бы яны не азіраліся кожнага разу на немцаў, не залівалі б сваё сумленне гарэлкай, не хапаліся б за вінтоўку, не пагражалі б рэпрэсіяй ды нямецкай строгасцю.
Пятрок змалоў, можа, з гарнец жыта, пакратаў рукой мяккую, цеплаватую ля цёплых камянёў муку і падумаў, што калі ўжо ўзяўся, дык трэба намалоць болей — і на хлеб, і на брагу, бо трэба ж заквашваць зноў. За мерным глухаватым гудам камянёў ён не адразу пачуў голас Сцепаніды з хаты, а як пачуў, дык сцяміў, што кліча яна не першы раз, і нейкі спалох быў у тым яе голасе. Ён перастаў круціць, і адразу моцны стук у сенцах трывогай напоўніў сядзібу — хтось дужа лупануў у дзверы, басавіта лаючыся:
— Хазяін, курва тваю маць! Адкрой!..
Пятрок сцяміў адразу: гэта знадворку, сунуўся ў сенцы, дрыготкімі рукамі намацаў крук і выдзер яго з прабоя. Дзверы, расчыніўшыся, ледзьве не збілі яго з ног, Пятрок адхінуўся, і ў сенцы ўваліўся нехта вялізны, здалося, чамусьці касматы; на Петрака дыхнула моцным пахам гарэлкі, цыбулі і яшчэ нечым — чужым і агідным. Ён моўчкі стаяў за дзвярыма, а яны самі знайшлі дзверы ў хату і расчынілі іх — на сенцы пыхнула чырвоным святлом ад зыркага полымя з грубкі, якую паліла Сцепаніда, і чацвёра іх з тупатам, сапам, шорханнем мокрай адзежы ўвапхнуліся ў хату.
— Хазяін! — зноў раўнуў першы голасам, па якім Пятрок напружана стараўся здагадацца — хто? Але здагадацца ніяк не мог, мабыць, то былі незнаёмыя.