Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 154
Перейти на страницу:

— Што я, свіння? — знайшоўся Стафан.

— Свіння не свіння, а так, падсвінак, — сказала ўдава.

— Насвінак, — сунуў свае тры грошы Кандрат.

— Ты ўжо маўчы, — адказала Уладзька. — Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.

На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.

— А якія ж усе ўдалыя хлопцы… Бацькавічы… Асабліва гэты, з падковай на лобе…

— Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, — скаліў зубы Кандрат.

— Дужа ты каму патрэбен, Копша[62].

— Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.

— Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, — сказала Уладзька. — Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы…

— Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.

Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.

— Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.

Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.

— Дык не перавязеце, мужыкі? — спытала Уладзька.

— Не. Сама бачыш, — сказаў ужо здалёк Стафан.

Уладзька раззлавалася.

— Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе.

Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут — душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.

Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне… Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.

Андрэй ехаў апошні і заўважыў, што не ўсе дзеўкі ўзняліся на адхон. Адна стаіць на тым самым месцы, велікавокая, сціплая, Кахнова Галіна.

— Чаго ж ты стаіш? — ласкава ўсміхнуўся Андрэй.

— Не хачу на паром. Там, пэўна, Лапатаў Янук.

Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек.

— Што ж, так і будзеш стаяць?

— Можа, нехта паедзе, — уздыхнула яна. — Шкада, што ў вас душагубкі.

Андрэй усміхнуўся. Гожая галава, апушчаная, як кветка «сну», трошкі ўбок, прыўзнялася.

— А можа… паспрабуем?

— Абернемся.

— Пастараюся не вывернуць.

Яна ступіла крок. Надта ўжо не хацелася на паром.

— Д-добра, — уздыхнула яна.

— Сядай, Галінка, — сказаў Андрэй, амаль паставіўшы човен на пясок. — Давай руку і сядай спіной да мяне… Вось так.

Адапхнуўся і асцярожна, быццам міску з вадой нёс, пагнаў душагубку на другі бок.

Вада несла іх роўна-роўна, зялёная ля берагоў, бяздонна-блакітная на сярэдзіне. Галінка сядзела нерухома, але Андрэй бачыў: баялася.

— Ты толькі птрунькі не спраўляй, Кахнова Галінка, — мякка сказаў ён.

— Я… не буду, — сказала яна ціха.

— Ну вось i добра. Ты лепей на свет глядзi.

Ён памог ёй вылезці з чоўна.

— Дзякуй, — сказала яна.

— Нічога, — сказаў ён, і таму што шкада было адпусціць яе, не сказаўшы больш ніводнага слова, спытаў: — Як у вас там гарох сёння?

— Сёння ў нас гарох нічога, — сказала яна. — Падсох — аж звініць.

— I ў нас сёння нiчога, — сказаў ён. — Укалотны.

Памаўчалі.

— А песні ў вас там на выселках іграюць?

— Іграюць.

— Трэба будзе зайсці.

— Зайдзіце, калі час будзе… Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана?

— Эге, вось і ён там у чоўне ехаў.

— Не ведалі дзеўкі, — сказала яна. — Маўчаць трэба было.

— Чаг-го? Ён харошы хлопчына. Можа, і разам калі зойдзем. Ён песні любіць.

— Пра вас кажуць: добра спяваеце.

— Гэ, лухта!

Ён моўчкі сядзеў у чаўне, гледзячы на яе.

— Дык, кажаце, добры гарох… Гэта добра… Ну, бывайце ўжо. Добрага вам свята…

Алесь здалёку глядзеў, як яны гаманілі і як потым Андрэеў човен даганяў іх па спакойнай вадзе. I ўсё гэта было як працяг ягоных думак. Ён не здзівіўся б, каб за першым жа ўзгоркам адкрыўся вачам гарадок за частаколам, зусім як у адной дзедавай кніжцы. I каб было ў ім свята, і каб гарэлі дымныя вогнішчы, каб былі дзевы, падобныя на тую, і вотракі, падобныя на Андрэя. Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх — з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно…

I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно. Таму, відаць, і трэба трымацца за тых, каму не ўсё адно, і любіць іх.

вернуться

62

Магiльны дух або далакон.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)