Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
— Як жа табе не сорамна?! Дрэнны ты! Злы чалавек!
Акцёры страпянуліся.
І тут… Яна забылася і глянула на яго. Князь з прыкрасці крэкнуў, вырашыў адзначыць гэты недахоп.
— Яна паглядзела на мяне, — шэптам сказаў Алесь. — Паглядзе-ела.
Крык Алеся, здавалася, прымусіў яе граць яшчэ лепей. У рысах аблічча быў смяротны боль. А голас зрываўся, нясцерпна сціскала сэрца.
Голас яе ўпаў, і тут стары князь адчуў, як затрэслася ад рыданняў цельца побач з ім.
— Хлопчык мой!.. Гэта ж выдумка! Хочаш яна прыйдзе і суцешыць цябе?
— Не! Не! — і невядома было, ці ён не хоча, каб яго суцяшалі, ці проста не верыць, што гэта выдумка.
Высакародны Людамір, даведаўшыся аб пакутах каханай, з'явіўся ў горад, пакінуўшы флот, каб вызваліць яе або падзяліць яе лёс. Абаіх разрывалі страсці: любоў да радзімы і каханне.
Закаханыя стаялі на кастрах з бярвенняў, якія вось-вось павінны былі запалаць.
Зыркія языкі полымя ахапілі яе. А над полымем ззялі яе вочы.
…Дзед сам занёс яго ў пакой побач са сваім, сам, разам з Глебавічнай, распрануў яго.
Алесь ляжаў, бяссонна гледзячы на агеньчык начніка. Спаць ён не мог. Што ж рабіць потым?.. Як жыць без гэтага? Ён скончыць памагаць дзеду і стане непатрэбны яму. І тады зноў… бачыць яго раз на год, як бацькі.
Праз якую гадзіну ён пачуў у калідоры голас дзеда, які канчаў настаўляць кухара:
— Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды, на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! А індыка, перш чым рэзаць, напаі п'яным — за паўгадзіны ўлі ў рот лыжку гарэлкі: мяса будзе смачнейшае…
Дзверы ў спальню адчыніліся. Дзед зайшоў і сеў каля ложка.
— Не спіш? — спытаў ён.
— Не-а.
— Усё мучышся?
Дзед маўчаў, і цень ад яго галавы схіляўся ўсё ніжэй.
— Хочаш астацца са мной?..
— А бацькі?
— Ну, прыязджаць, калі захочаш…
— Хачу.
— Ну вось. А я стаў лянівы на дабро… Усё думаеш: можа, другім разам. А гэтага нельга!.. За гадзіну я абдумаў. На ўсіх актораў запавет, што яны будуць вольныя пасля маёй смерці. А ёй — вось ён, — і дзед паказаў жаўтаваты аркуш паперы. — Заўтра яна можа ісці, куды хоча.
— І яна можа?..
— Тут сказана: хоча — няхай iдзе. Хоча — няхай астаецца ў маiм тэатры, грае ўжо як вольная.
Алесь прыўстаў і схапіў дзедавы рукі.
— А цяпер ідзі, занясі сам…
…Ён ляцеў начным калідорам — аж рэха лунала. Кінуўся ў дзверы і пабег пераходам над аркай. Загрукаталі вінтавыя сходы на антрэсолі.
…Ён нечакана ціха пастукаў у дзверы…
Дзверы адчыніліся, і ён убачыў жаночую постаць у доўгім начным халаце, валасы, сабраныя стужкай, і вочы.
У гэтых вачах і цяпер жыў сум, але яны трошкі пацяплелі.
— Заходзьце, — сказала яна.
…Просценькі туалетны столік, дзве свечкі на ім. Разгорнутая кніга на крэсле.
— Сядайце.
Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.
Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.
— Што гэта?
— Прачытайце. I не бойцеся турмы. Я вас абараню.
Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?
Пасля разгарнула скрутак i з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць.
Усмешка знiкла.
Страшна бледная, яна глядзела на яго.
— Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.
— Калi ён пiша так — значыць, ён добры да мяне.
І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.
Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.
— Дзякую вам, — сказала яна. — Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.
Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.
XVII
Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.
Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.
А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, — пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. «Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер'і: скрабуць ды рыпяць».