Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
— Ал-ле, — сказаў Алесь.
— Значыць, канец "Радвана". Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі.
…Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.
Весялосці было — хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.
Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя — дзіва! I мова ягоная — лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.
Гналі і настойвалі "тройчы дзевяць"[60], варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п'яны — проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.
Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі — пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан — крыгай.
Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.
Гэта была воля!
I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?
Думка была такая нечаканая, і ён — як вырас, нарадзіўшы яе.
…Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.
Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія… тулавы.
Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:
— Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.
Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.
— Дзядзечкі, перавязіце!
Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.
— Нельга, дзеўкі, — сказаў Стафан. — Бачыце, душагубкi.
Салдацкая удава хмыкнула:
— А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?
— Раней бы… — сказаў Стафан. — Цяпер… позна.
— Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.
— А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?
— Утопімся, дзеўкі, — разважліва сказаў Стафан.
— Не ўтопiцца, хто вiсець маець, — сказала ўдава.
Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.
— А то перавёз бы, — сказала Уладзька. — Пад дубам пасядзелі б… Жолуд адшукалі.
— Што я, свіння? — знайшоўся Стафан.
— Свіння не свіння, а так, падсвінак, — сказала ўдава.
— Насвінак, — сунуў свае тры грошы Кандрат.
— Ты ўжо маўчы, — адказала Уладзька. — Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.
На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.
— А якія ж усе ўдалыя хлопцы… Бацькавічы… Асабліва гэты, з падковай на лобе…
— Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, — скаліў зубы Кандрат.
— Дужа ты каму патрэбен, Копша[61].
— Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.
— Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, — сказала Уладзька. — Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы…
60
Гарэлка, настоеная на дваццацi сямi карысных травах.
61
Магiльны дух або далакон.