Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
У 1925 г. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і восенню паступіў у Магілеўскі педагагічны тэхнікум, але неўзабаве вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1926-1927, 1928-1929). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Маладняк». Службу ў Чырвонай Арміі праходзіў як ваенны журналіст у Смаленску. У 1936 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
У друку пачаў выступаць у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі. Выйшлі зборнікі апавяданняў «Як вясну гукалі» (1927), «На загонах» (1928), «Крыніца» (1929), Выбраныя творы (1932) і «Выбранае» (1959), а таксама аповесці для дзяцей «Санька-сігналіст» (1936) і «Следапыты» (1961).
Кавальскі Ўладзімір, нарадзіўся 21.10.1912 г. у сяле Варонеж Карукаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.
Пасля смерці бацькі (1925) працаваў на цукровым заводзе, у фасфарытных шахтах (Ярмолінскі раён), кур'ерам у банку (г. Хмяльніцкі), сакратаром сельсавета (вёска Зарэчча Праскураўскага раёна). У 1929-1930 гг. вучыўся ў польскай тэатральнай студыі ў Кіеве. З 1930 г. - загадчык польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры Саўнаркоме БССР. Адзін з арганізатараў і кіраўнік польскай секцыі СП БССР. У лістападзе 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 18.09.1979 г. ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 28.12.1937 г.
З першымі публікацыямі выступіў у 1929 г. у газеце «Орка» («Ворыва»). Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ў цэнтральных польскіх газетах СССР і ў часопісе «Культурная Масква». Аўтар зборнікаў «Паэзія» (1934), «Дзве паэмы» (1934), «Дарога на Поўнач» (1935), «Вершы пра Грузію» (1936).
Напісаў п'есы «Штурм чарнаводаў» (пастаўлена ў польскім тэатры ў Кіеве, 1931), «Сям'я Варанцовых» (рыхтавалася да пастаноўкі ў польскім тэатры ў Менску, 1935).
Кавыль Міхась (сапр. Лешчанка Язэп), нарадзіўся 01.11.1915 г. у вёсцы Покаршаў Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску (1930-1933). Быў сябрам «Маладняка». 23.02.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938-1941). З першых дзён вайны - на фронце. Ваяваў на Ўкраіне, у траўні 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. - у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.
Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета «Беларуская вёска»). Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у дадатку да бабруйскага «Камуніста» - «Вясне», у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990).
Перакладае творы расейскіх, украінскіх, ангельскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.
Каган Сара, нарадзілася 03.07.1885 г. у вёсцы Максімавічы Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.
Загадвала гарадской бібліятэкай у Бабруйску. У 1935 г. пераехала ў Менск, дзе працавала ў бібліятэчным калектары, вучылася на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта педагагічнага інстытута.
Загінула ў 1941 г. у менскім гета. Першыя вершы апублікавала ў газеце «Акцябэр». Сістэматычна стала выступаць у друку з 1929 г. Пісала на мове ідыш. Аўтар кніг паэзіі «У дарозе» (1934), «Мая радзіма» (вершы і паэмы, 1938), «Нашы людзі» (1940), прозы «Першая прэмія» (1938), «Скрыпач» (аповесць, 1941). У перакладзе З.Бядулі на беларускай мове выйшлі «Апавяданні» (1940).
Каган Эля, нарадзіўся 10.02.1909 г. у горадзе Менску ў сям'і настаўніка.
Вучыўся ў прафтэхшколе абутнікоў. У 1936-1939 гг. працаваў у рэдакцыі жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). У гады Вялікай Айчыннай вайны - супрацоўнік франтавога друку.
Загінуў 22.06.1944 г. на фронце.
У друку выступіў з першым апавяданнем у 1926 г. Пісаў на мове ідыш. Празаічныя творы ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936). У 1932 г. выдаў зборнік «Вершы». У 1940 г. у перакладзе на беларускую мову выйшла асобным выданнем апавяданне для дзяцей «Дружная сямейка», у 1979 г. - зборнік апавяданняў «Маем зялёным».
Аўтар п'есы «Роднае поле» (1932). Разам з З.Аксельродам зрабіў інсцэніроўку «Маленькі чалавечак» па матывах твораў М.Мойхер-Сфорыма (пастаўлена ў 1938).