Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Кабржыцкая Таццяна, нарадзілася 15.08.1941 г. у горадзе Кіеве (Украіна) у сям'і служачых.
У час Вялікай Айчыннай вайны была эвакуіравана ў Алма-Ату. У 1946 г. сям'я пераехала ў Львоў. Скончыла філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). Працавала завучам Вязаўскай сярэдняй школы на Львоўшчыне (1964-1966), рэдактарам выдавецтва Львоўскага ўніверсітэта (1966-1967), вучылася ў аспірантуры пры гэтым універсітэце (1967-1971). У 1971-1980 гг. - навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1980 г. - дацэнт кафедры расейскай савецкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.
У друку выступае з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі з 1963 г. З В.Рагойшам выдала кнігі «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (1990) і падрыхтавала да публікацыі кнігу С.Палуяна «Лісты ў будучыню» (1989).
На ўкраінскую мову пераклала творы М.Багдановіча, У.Караткевіча, асобным выданнем выйшлі аповесці В.Быкава «У тумане», «Аблава», раман «Мёртвым не баліць» (Кіеў, 1990). З украінскай мовы пераклала кнігу для настаўнікаў Д.Тхаржэўскага і Ў.Гекта «Праблемнае навучанне...» (1986).
Каваленка Віктар, нарадзіўся 21.07.1929 г. у вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1948 г. скончыў Лідскую педагагічную навучальню. Працаваў настаўнікам Дабравольскай сямігадовай школы на Гарадзеншчыне. У 1949-1953 гг. вучыўся на факультэце мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у Свірскім раёне выкладчыкам мовы і літаратуры Сырмежскай СШ, дырэктарам Кемелішскай СШ. У 1955 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры (1958) - навуковы супрацоўнік, з 1982 г. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1962 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1981). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
У друку выступае з 1952 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Пошукі і здзяйсненні» (1963), «Давер» (1967), «Голас чалавечнасці» (1970), «З пазіцый сучаснасці» (1975, 2-е выданне 1982), «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), «Прага духоўнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, 1975), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), «Жывое аблічча дзён» (1979), «Иван Шамякин: Очерк творчества» (Масква, 1979, на беларускай мове ў 1980), «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981), «Общность судеб и сердец: Белорусская проза о Великой Отечественной войне в контексте русской и других литератур» (1985), «Покліч жыцця» (1987), «Веліч праўды: Выбранае» (1989). Напісаў на VIII Міжнародны з'езд славістаў даклад «Некаторыя асаблівасці параўнальнага вывучэння славянскіх літаратур запозненага развіцця» (1973). З'яўляецца сааўтарам кнігі «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з М.Мушынскім, А.Яскевічам, 1972), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (1974), «Истории белорусской советской литературы» (1974).
Аўтар рамана «Падвышанае неба» (1978). Лаўрэат прэміі СП СССР (1976) за кнігу «Прага духоўнасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у стварэнні даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Кавалёў Дзмітры, нарадзіўся 17.06.1915 г. у горадзе Ветка Гомельскай вобласці ў сям'і каваля.
У 1939 г. скончыў вячэрні рабфак у Нова-Беліцы (цяпер Нова-Беліцкі раён Гомеля), працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Раманавіцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. У студзені 1941 г. прызваны служыць на Паўночны флот. У час Вялікай Айчыннай вайны - стралок марской пяхоты, падводнік, адказны сакратар газеты брыгады падводных лодак «Боевой курс». Пасля дэмабілізацыі (1946) дзевяць год жыў у Менску, працаваў у рэспубліканскім друку. У 1957 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1956 г. жыў пастаянна ў Маскве. Быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Смена», загадчыкам рэдакцыі расейскай прозы і паэзіі выдавецтва «Молодая гвардия», выкладчыкам і кіраўніком паэтычнага семінара ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Сябра СП СССР з 1947 г.