Скарб Загорскай камяніцы
- Автор: Водоносов Николай Михайлович
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Жанр: Детские и приключения
Электронная книга - «Скарб Загорскай камяніцы». Краткое содержание книги:
— Я ведаю, што не трэба іх знішчаць, але ж бывае, кусаюцца, — апраўдаўся ён і кінуў палку.
— Абыходзь…
— Не заўсёды яе ўбачыш адразу…
Раптам ён адчуў, як Анюта схапіла яго ззаду за кашулю і тузанула на сябе.
— Глядзі-і! — шапнула ў самае вуха і паказала на ўзлессе, дзе была зімовая дарога. Там, тыркаючы ў зямлю доўгім арэхавым кіем, нібы намацваючы дарогу, насустрач ішоў — узбіўся ўжо на іхнюю сцежку — дзіўны стары з палатнянай кайстраю цераз плячо. Малы, прыгорблены, з доўгімі, як у малпы, рукамі, ён, здавалася, быў зусім сляпы, хоць вочы і глядзелі. Сляпы жабрак…
Калі ён наблізіўся, яны паціху сышлі са сцежкі ўбок. Сляпы не спыніўся, прайшоў міма, быццам і не чуў, і не бачыў іх. Яго аброслыя шчэццю барада і шчокі, густыя чорныя бровы, што сыходзіліся ля пераносся, надавалі твару сапраўды выгляд малпы, а не чалавека.
На ім была старая шарачковая світа, чорныя порткі, на нагах — лапці, даволі яшчэ новыя.
На галаве ў яго была нейкая старая сіняя шапка без брыля, з шырокімі навіслымі палямі. Было такое ўражанне, што чалавек накрыў сваю галаву анучай.
Вось ён знік за белымі стваламі бяроз, і Мікола нібы ачнуўся ад здранцвення, ад гэтага відовішча — жывога прывіда. Такіх людзей яму ніколі не даводзілася бачыць…
— Дзіва… Як гэта ён ходзіць адзін і не саб'ецца з дарогі, са сцежкі? Зусім сляпы чалавек…
Анюта ж была зусім другой думкі.
— Мне здаецца, ён не такі ўжо стары і сляпы. І наогул… мне ён не падабаецца, я баюся такіх старцоў,— сказала і аж сцепанулася ўся, быццам ёй стала холадна.
«Вядома — дзяўчынка, яна ўсяго баіцца, нават у Мокрым Лозе ёй страшна», — вырашыў у думках Мікола. Яны ўжо ступілі на мяккую тарфяную муражыну, дзе сям-там віднеліся чорныя, як ад выбухаў, рваныя яміны. Пачаліся расцяробы…
Мікола падышоў да першага пеньчука, які толькі крышачку выглядаў з купіны, парослай мохам і «зязюльчыным ільном», і ўдарыў па ім абухом. Пянёк ледзь нахіліўся, вытыркнуў чорную лапу-корань…
Страшная здагадка
Гэлька была зусім непісьменная, яна ведала — і то з нядаўняга часу — толькі некалькі літар, а чытаць, складаць іх у словы не ўмела. І вось для яе адкрылася магчымасць навучыцца грамаце. Пасля таго як Кузьміч прывёў яе ў Замошша і пасадзіў за звычайны сялянскі стол з грубых дошак, крыху папэцканых рудай фарбаю зверху, за якім ужо было каля дзесятка дзяўчат і хлапцоў, Гэлька загарэлася навукай: дужа хацелася адолець тую невялікую грамату і дагнаць пляменніцу Анюту, якая не толькі добра чытала і пісала, а ведала шмат чаго і пра іншыя, далёкія краіны. Яна, Анюта, часам чытала ёй цікавыя кніжкі пра тыя краіны, і для Гэлькі то было цэлым адкрыццем…
У школу яна ніколі не хадзіла, бо жылі яны з сястрою, як былі малыя, у далёкім глухім кутку — вёсцы Пабярэжжа. Ад таго Пабярэжжа да Замошша, дзе здавён была пачатковая школа для беднаты, добры дзесятак вёрст лясной дарогаю. Колькі ж трэба было стаптаць лапцей, каб хадзіць туды штодня хаця год! А ў сям'і, апроч іх, сясцёр, ніякага памочніка бацькам. Вось і вывучылі яны сваю няхітрую грамату мужыцкую — прасці, снаваць, ткаць, касіць, грэбці, упраўляцца ля печы ці ў хляве…
А пасля і зусім было не да навукі: бацька і маці памерлі ў адзін год, і дзяўчатак выхоўвала старая бабулька, якая, апроч сваёй прымітыўнай малітвы, нічога не магла даць унучкам, і тыя паўтаралі незразумелыя «іжа есі» штодня, кожны вечар, стаўшы наўколенцы перад пачарнелымі абразамі ў куце, завешанымі вышыванымі ручнікамі…
Старэйшая, Кацярына, выйшла замуж рана, у няпоўныя шаснаццаць год. І аўдавела пры жывым мужу: з'ехаў той у далёкую Сібір разам з многімі мужыкамі, якіх звёў нейкі прыезджы вярбоўшчык, паабяцаўшы «доўгія рублі» і заможнае жыццё. «Сем'і забярэце па-абжывецеся», — казаў ён. Але сёй-той захапіў і сям'ю. І ніхто назад не вярнуўся, аселі там людзі, пусцілі, што называецца, карэнне.
Спярша даходзілі чуткі, што на берагах сібірскіх рэк выраслі цэлыя вёскі беларусаў. Разы са два напісаў і Кацярынін муж, што «копіць грошы», а пасля як у ваду кануў. Ужо больш як дзесяць год — ні слыху ні дыху…
Каб неяк жыць, гадаваць дачку, карміць малодшую сястру, Кацярына і «выскачыла» за ўдаўца Івана Ваўчка. Ён лічыўся добрым гаспадаром і крыху жміндай: усё, што трапляла пад руку, цягнуў у хату, усім дабром распараджаўся сам, урываючы, часам, кавалак і ад самога сябе. Калі ж надарыўся выпадак пасяліцца на хутары Красоўскага, ён рынуўся туды, не задумваючыся — абы далей ад сяла, ад людзей, якіх не любіў, да якіх ніколі не хадзіў і не запрашаў да сябе ў госці…
Паколькі Гальцы пасля смерці бабулі не было з кім заставацца, яе і забрала з сабою сястра. Удзвюх яны спраўна вялі гаспадарку, і Ваўчок быў задаволены такой увішнай работніцай, як Гэлька…
Цяпер жа, калі яна ўсё часцей і часцей бегала ў Замошша на свой лікбез, Ваўчок узбунтаваўся. Спярша ён сказаў жонцы, каб яна ўгаварыла сястру кінуць той непатрэбны занятак, а пасля, калі Гэлька ўсё ж не паслухалася, заявіў: «Няхай Гэлька і перабіраецца ў тое Замошша да свайго Тупіка, бо нам тут ад яго ўсё роўна жыцця не будзе. Ездзіць. Усё вынюхвае… Выпытвае… А чорт яго ведае, хто тую краму ў Загацці абабраў! Можа, бандыты якія завяліся, нездабраваць нам! У лесе і то жыцця няма…»
Вось так жылося Гэльцы ў сястры.
Толькі ніякія пагрозы, ніякія ўгаворы, ведала Гэлька, цяпер не прымусяць звярнуць з намечанага шляху, кінуць тое, да чаго рвецца абуджаная душа. Дзяўчына ведала, што без лікбезу цяпер ёй няма дарогі ў жыццё, новае жыццё, якое, разумела ўсім сэрцам, усёю душою збалелай, яшчэ толькі-толькі пачынаецца…
Была нядзеля. Прывучаныя з маленства да таго, што ў нядзелю працаваць грэх, не будзе ніякай карысці з тае працы, а толькі адны беды, Гэлька і Кацярына проста хадзілі па вялізным панскім садзе, які пачынаўся ад хаты і цягнуўся аж да калгасных палеткаў, засеяных жытам. У садзе не было ніякай агароджы, забыты людзьмі і богам, ён проста дзічэў. Завязі на дрэвах амаль не было: яны, нікім не дагледжаныя, напалову засохлыя, не радзілі, зараслі пырнікам, крапівою ды дзядоўнікам, кара на іх парэпалася…
Кацярына не ведала, як пачаць тую гаворку, якой, разумела, Гэлька чакае. Нездарма ж так хвалюецца, рве рамонкі, кідае іх, а твар то ўспыхне чырванню, то раптам збялее. Белая, у вялікія сінія кветкі святочная сукенка з кароткімі рукавамі на ёй, колісь цесная, цяпер вісіць як на коліку. Схуднела Гэлька. Нават круглы твар яе крыху нібы выцягнуўся. Але ад гэтага яна не стала менш прыгожай, прывабнай, а наадварот — пастрайнела, выцягнулася; нават у паходцы яе, раней спяшлівай, драбнаватай, цяпер адчуваецца больш жаночай сталасці.
— От скажы, Гіленка, — мякка пачала Кацярына, калі яны выйшлі ў канец саду, дзе рэдкае жыта аж сінела ад васількоў,— што ён табе гаворыць? Што абяцае?
— Хто? — нібы не зразумела сястра.
— Твой Валодзя Тупік…
— Анічога.
Гэлька сказала гэта неяк бяздумна, раптоўна, нібы даўно падрыхтавалася да адказу.
— Як — нічога?! Ты ж ужо не маленькая, павінна разумець… Ды і ён — не маладзёнак… Я ў твае гады Анюту за руку вадзіла, ведаеш…
— І што з таго? — перапыніла яе Гэлька. — Збег твой мужанёк. Я не ўмею так… Не ўмею і не хачу. Валодзя і праўда не малады ўжэ. От ён і сказаў мне падумаць харашэнька, перш чым…
— Што? — падняла на яе насцярожаныя вочы Кацярына.
— Выйсці за яго…
— Значыць, у вас была гаворка! — з палёгкай сказала старэйшая сястра. З твару сышла напружанасць, вочы асвяціла радасць. Цяпер яны, зусім розныя па ўзросту, былі так падобны адна на адну, як блізняты, быццам і не стаяла між імі дзесяць нялёгкіх гадоў.
— Была… Але я ўсё роўна не кіну дому, няхай твой Іван не надзімаецца дужа, а то лопне, як пухір! Не яго ем, са свайго мазаля кармлюся. А з панядзелка ў калгас пайду працаваць, цяпер во самы прыпар, сенакос, а людзей малавата… — І раптам стала тварам у твар, спытала строга: — От скажы, Кацька, чаго ты за яго трымаешся? Дзяцей ягоных тут няма… Анюта ў цябе ўжо вялікая, работніца… Жылі б мы… Э-эх, як бы яшчэ жылі-пажыва-а-алі-і!..