Скарб Загорскай камяніцы
- Автор: Водоносов Николай Михайлович
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Жанр: Детские и приключения
Электронная книга - «Скарб Загорскай камяніцы». Краткое содержание книги:
Так, за працай, за рознымі думкамі-марамі і прабег яшчэ адзін дзень, і надышоў ціхі вечар. Вялікае чырвонае сонца хавалася за верхавіны бяроз, якія здаля здаваліся нібыта пазалочанымі. Туды восенню яны з Алесем ходзяць па грыбы. Там, у рэдкім хвойніку — бярозы, відаць, раслі здаўна, а хвойнік падняўся пазней, — у засені, пад старымі бярозамі, было багата бабак, падасінавікаў, а больш — баравікоў па верасах, крамяных, чыстых, вялікіх. На прагалах — прысадзістых, тоўстых, з бурымі, бы абсыпанымі мукою капялюшыкамі…
Усё гэта раптам прыгадалася Міколу так яскрава, быццам ён збіраў тыя баравікі сёння.
Пара было ісці перахоўваць сваю знаходку, і Мікола, як дамаўляліся, паволі пакіраваў да аборы. Халаднаваты ўжо мурог мякка слаўся пад ногі, ісці было прыемна, і Міколу падумалася, што ноч будзе золкая і цёмная, што ідзе ён на вельмі адказнае заданне, ад якога можа залежаць многае.
Дзесьці каля рэчкі натужна пракрычаў драч. Глухім «ку-у-гу-у» яму адазвалася сава, пэўна, з млына. Іх там, ведаў Мікола, нямала хаваецца на дзень. Вось хутка сцямнее, і яны вылецяць на паляванне. Трымайцеся тады, палёўкі: зоркае вока савы бачыць ноччу, як днем!
Асветленая ў канцы скупымі промнямі, абора здавалася нібыта пафарбаваная ў жоўты колер.
І раптам Міколу здалося, што з аборы даносяцца нейкія незразумелыя гукі, быццам хто там ціха пасвіствае. Падышоў і ўбачыў, як ад аборы да рэчкі па густой траве пабеглі два стракатыя звяркі. «Ласкі», — здагадаўся ён, бо ўжо аднойчы іх бачыў, як яны ганяліся за матылямі.
Сёння вечар чамусьці не спяшаўся надысці. Белыя перыстыя воблакі, здавалася, цадзілі на зямлю сваё мяккае, цёплае святло, прасвечвалі хмызняк ля рэчкі, і ад гэтага святла нейкім казачным замкам здаваўся над рэчкай маўклівы млын.
«Нешта ж Алесь доўга не ідзе», — падумаў Мікола, прысаджваючыся на цёплы яшчэ валун каля аборы і ў каторы раз любуючыся прыгажосцю наваколля.
А тут і сапраўды было прыгожа. Наўкола, як скінуць вокам, стаялі таямнічыя лясы, хмызнякі ды аблогі з раслінным покрывам. Асобнай купкай высачэзных клёнаў і ясеняў вылучаліся якраз за млынам на ўзгорку могілкі, на якіх ужо даўно ніхто нікога не хаваў: то былі могілкі каталіцкія, з каплічкай і невялікім металёвым крыжам на ёй, са скляпеннямі і мармуровымі помнікамі, з каменнымі плітамі на магілах, абсаджаных кветкамі і кустамі. Іншым разам хлопцы любілі гуляць на тых могілках у хованкі,— і ніколькі не было страшна. А за могілкамі, ведаў Мікола, быў яр, не вельмі што доўгі, але надзвычай глыбокі, быццам яго хто зрабіў, выкапаў. З аднаго боку, ад лесу, быў абрыў, і голая пясчаная зямля адсвечвала рознымі колерамі пластоў і ўзімку і летам. Там іншым разам мясцовыя жыхары выцягвалі доўгія залацістыя карані хвой, з якіх плялі прыгожыя кашы, паскяпаўшы карані надвая…
Непрыкметна воблакі ўгары пацямнелі, хмызняк ля рэчкі зліўся ў адну цёмную масу, млын здаўся неакрэсленай глыбаю, скалою. Як раней зверху лілося святло, так цяпер, здавалася, асядаў адтуль вечаровы змрок. І ў гэтым змроку Мікола згледзеў неяк асабліва высокую — аж здзівіўся! — Алесеву постаць.
— Доўга ж нешта ты збіраўся, — незлабліва папракнуў сябра Мікола.
— Па карову хадзіў. Прывыкла швэндацца — знайдзі яе. А знойдзеш — дамоў не загнаць, — адказаў той ціха.
— Цяпер усё вобмацкам трэба. Цёмна. Торбу ўзяў?
— Ага…
Яны зайшлі ў абору, як у чорную яму. Каля сцяны дабраліся да сячкарні, ціха, каб не грукаць, паднялі шырокую дошку і прыслухаліся. Нідзе ні гуку, ні голасу.
— Неяк боязна, — шапнуў Алесь, даючы гэтым зразумець, што пад падлогу ён не палезе. — Каб хаця тых шашкоў не было, а то чорт іх ведае…
— Дык стой тут, я падам.
Вядома ж, Міколу таксама было вусцішна лезці пад тую падлогу, але ён і выгляду не падаў, што баіцца: характар такі — калі трэба, то хоць у агонь, хоць у ваду. Асабліва пасля таго, як даведаўся, што Алесю падабаецца Анюта. Цяпер-то ён дакажа і сваю смеласць, і сваю волю, і сваю сілу…
Вось ён падаў вінтоўку. Потым набраў поўную торбу патронаў, ледзьве дацягнуў да дзіркі. Удвух паднялі торбу наверх, паклалі маснічыну на месца.
— Там яшчэ трохі патронаў засталося — дык я іх пад падвалінай закапаў, а скрынку ў другі бок адкінуў, далей, — сказаў Мікола, беручы сабе вінтоўку.
— Паржавеюць.
— Не. Зямля зусім сухая, як прысак… Бяры торбу. Толькі яны хацелі выйсці з аборы, як пачулі рып калёс. Ён даносіўся ад рэчкі, ад таго месца, дзе быў брод.
— Нехта едзе, — шапнуў Алесь.
— Чую…
І ў гэтую хвіліну да іх данёсся прыглушаны хрыплы голас, у паветры тонка свіснула пуга:
— Нэ-э, каб цябе! — і натужна: — Падсабіце, хлопцы, а то гэтая здыхата не выцягне.
Выйсці з аборы не адважыліся, стаялі і пільна ўслухоўваліся, імкнучыся зразумець, пазнаць — хто ж гэта так позна сюды едзе. Ды яшчэ праз раку…
Мікола высунуў галаву і агледзеўся.
— Там дзве падводы! — паказаў ён у бок ракі.— Паглядзі…
Алесь углядаўся ў цемнату і нічога не бачыў.
— Адкуль ты ўзяў, што дзве, калі я і адной не бачу.
— Я гэта чую, — адказаў Мікола.
Падвод і праўда было дзве, яны прарыпелі амаль каля самай аборы і непадалёк заціхлі. У хлопцаў нават дух заняло: а што, калі гэта тыя, якіх шукае міліцыянер Тупік?
І раптам зусім знаёмы сіпаты голас:
— Вы тут пачакайце, а я, гэна самае, падыду на хутар, ці мала хто там можа быць…
Мікола адразу па голасу, па словах «гэна самае» пазнаў Крывога Панаса з Калінаўкі, бабыля. Жыў ён у хатцы на два акенцы, людзей цураўся, нічога не рабіў, хоць быў здаравенны дзяцюк, праўда, скасабочаны ў паясніцы, ад чаго адно плячо ў яго было як бы вышэй, а другое ніжэй, і галава, схіленая на левы бок, бы ляжала на вышэйшым плячы.
— Там Панас з нашай вёскі,— ціха сказаў Мікола і ледзь было ўжо не выйшаў паглядзець, чаго яны сюды прыехалі, але перадумаў.— Пачакаем трохі, пакуль Панас не вернецца…
Пачакаем! — ахвотна згадзіўся Алесь, які і вытыркнуцца з аборы баяўся.
Чакаць доўга не давялося, калёсы зноў зарыпелі і зніклі ў цемені. Можа, той Крывы падаў які сігнал, бо голасу чуваць не было.
Трохі счакаўшы, хлопцы высунуліся з аборы і са сваёй незвычайнай ношай моўчкі пакіравалі да млына. Калі ўдзень ім здавалася ўсё ясна і проста, то цяпер, у цемры, яны не ведалі, як і дзе схаваць знаходку. Сяк-так падсунулі вінтоўку пад нейкую дошку ў прыбудове, патроны высыпалі ў куце, прыкідалі іх гнілякамі — хто што намацаў, тое і кінуў. Пасля памылі ў рэчцы рукі і дамовіліся — скажуць дома, што ставілі на мянькоў шнуры. У іх і праўда былі шнуры — двухметровыя дратаванкі з самаробнымі кручкамі і гайкамі для грузу, каб кручкі з чарвякамі ляжалі на дне…
Мікола ўбачыў, што ў вялікай хаце, якая пуставала, цяпер стаяў стол з лавамі па баках. На адной з іх, ад акна, сядзелі гэтыя начныя госці, аж трое. Мірон з Міроніхай і яго маці сядзелі насупраць. Стаяў там і Пеця. На рагу стала гарэла аж тры парафінавыя свечкі. Усё здавалася дзіўным і нечаканым.
— Ага, у мяне цукерка, — як толькі хлопцы ўвайшлі, пахваліўся малы, паказваючы выкуцаную «падушачку».
— І гэтых — за стол! — тыцнуў на хлопцаў тлустым пальцам Панас. — Ты, Мі-ікола, р-разумны, ты адзін, гэна самае, памочнік у Мар'і… Поняў? Садзіся, еш і — ні гу-гу…
Хлопцаў угаворваць не трэба было, яны, лічы, ад паўдня ў роце не мелі ні крошкі, і таму накінуліся на прысмакі, якімі быў завалены стол, з воўчым апетытам. Ды і калі ж яны елі сапраўдную «гарадскую» кілбасу, селядцы, кансервы, пячэнне? Асабліва налягаў на ўсё Алесь. Ён, здавалася, нікога не чуў і не бачыў. А Мікола чуў, бачыў. Першае, што кінулася ў вочы, гэта сумны матчын твар. Яна сядзела за сталом, як пад прымусам, трымала ў руцэ кавалак хлеба з селядцом і ўпотай уздыхала.