Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детская проза » Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне

Электронная книга - «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне». Краткое содержание книги:

Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 45
Перейти на страницу:

Таня глядзела на Фільку і не бачыла яго, нібыта глядзела праз яго на пясок.

— Маўчы, маўчы, Філька, — прамовіла яна. — Усё адно не люблю.

— Хіба я цябе чым пакрыўдзіў? — спытаў Філька.

Ён апусціў рукі, як толькі заўважыў на Таніных вейках слёзы. Яго душу агарнула слабасць. Але зманіць Філька мог лёгка, як і сказаць праўду, і ён ляпнуў далоняй па атласе, усклікнуўшы:

— Ёсць такая краіна Марасейка! Ёсць! Гэта дрэнны атлас. Я цяпер успомніў, як настаўнік расказваў нам пра яе.

Таня толькі цяпер пачула Фільку. І яго прастадушная мана вярнула ёй спакой.

«Вось хто будзе сапраўдным маім сябрам, — вырашыла яна. — Ні на каго яго не прамяняю. Ці ж не дзеліцца ён са мной усім, што ў яго ёсць, нават самай дробяззю?»

— Філька, — сказала яна, — я не пра цябе гаварыла. Я ўспомніла зусім іншага хлопчыка, якога завуць Коля. Не крыўдуй на мяне.

А Філька даўно забыў крыўду, як толькі з вуснаў яе зляцела першае ласкавае слова.

— Калі пра другога, — сказаў ён, — ты можаш яго і не любіць. Мне ўсё роўна. Але скажы, за што ты яго не любіш?

Таня адказала не адразу і, памаўчаўшы крыху, запытала:

— Як ты думаеш, Філька, чалавек павінен быць гордым ці не?

— Павінен, — адказаў Філька цвёрда. — Але калі ганарышся не ты, а Коля — гэта іншая справа. Тады ўспомні пра мяне, калі табе будзе трэба моцная рука, альбо аркан, якім ловяць аленяў, альбо кій — я навучыўся добра валодаць ім, палюючы ў тайзе за дзікушамі.

— Але ж ты зусім не ведаеш таго хлопчыка, за што ты збіраешся яго набіць?

— Я ведаю цябе, — запярэчыў Філька.

І думка плаціць за крыўду не слязьмі, а помстай здалася ёй у нейкі момант зусім яснай, без усялякай цьмянасці, якую насіла яна ў сабе. Яна і сама ўмела выдатна збіваць з дрэў дзікуш, трапна шпурляючы ў гэтых спакойных птушак каменнем і сучкамі.

Але праз хвіліну ёй падумалася: «Здаецца, я раблюся злою».

А Філька раптам адышоўся ад акна ўлева, сумеўшыся, паглядзеў паверх Таніных плячэй і, прыціснуўшы свой атлас локцем, нечакана кінуўся бегчы з двара.

За Танінымі плячыма блізка стаяла маці. Яна ўвайшла нячутна. У дажджавым плашчы, у белым доктарскім халаце, яна здалася Тані зусім інакшай, чым месяц назад. Так прадмет, паднесены блізка да вачэй, траціць раптам сваю знаёмую форму. І Таня, не паспеўшы апамятацца, секунду, дзве глядзела не маргнуўшы на маці. Яна ўбачыла ледзь прыкметныя маршчынкі, якія разбегліся ад куточкаў носа, і худыя ногі ў туфлях, занадта свабодных для яе — маці ніколі не ўмела глядзець за сабой, — і худыя, слабыя рукі, што так добра лячылі хворых. Толькі позірк яе застаўся нязменным. Такі заўжды ён быў у памяці Тані. Маці глядзела на яе вялікімі шэрымі вачыма. І ў гэтых вачах, як дробка солі ў моры, імгненна растала Таніна крыўда. Яна пацалавала маці асцярожна, стараючыся не крануцца вачэй, нібы баялася лішнім рухам патушыць іх погляд.

— Мама! — сказала Таня.

Маці абняла яе.

— Я спяшалася дадому, — сказала яна, — як я сумавала па табе, дачушка.

Яна агледзела дачку доўгім і ўважлівым позіркам. Спачатку зірнула на валасы — яны выгаралі і сталі падобныя на сталь, потым паглядзела ў твар — ён быў гарачы і скура пацямнела ад загару.

«Відаць, ёй было добра ў лагеры», — падумала маці.

Затым маці зірнула на ногі і здзівілася, што Таня сядзіць босая. Толькі цяпер заўважыла маці непарадак: падушкі валяліся на падлозе, ложак быў памяты і на ложку ліст і капэрта.

І позірк яе вачэй, які Таня так баялася патрывожыць сваёй ласкай, патух сам сабой, нібыта вецер, наляцеўшы раптоўна, замуціў яго яснасць. У ім з'явіліся неспакой, няўпэўненасць, трывога. Нават прытворства знайшла ў ім Таня. Інакш навошта маці так павольна збірае з падлогі падушкі і наводзіць парадак на ложку?

— Ты прачытала гэта без мяне, Таня? — ціха спытала маці.

Таня моўчкі апусціла галаву.

— Ты павінна радавацца, Таня.

Але і гэтым разам Таня прамаўчала.

А маці цярпліва чакала.

— Мама, гэты хлопчык мой брат? — запытала Таня.

— Не, — адказала маці. — Ён чужы. Гэта пляменнік Надзеі Пятроўны. Але ён гадаваўся ў іх, і тата яго любіць і шкадуе, бо ў хлопчыка няма ні бацькі, ні маці. Тата — добры чалавек. Я заўсёды казала табе пра гэта.

— Дык ён мне чужы, ён нават мне не брат, — сказала Таня, яшчэ ніжэй нахіліўшы галаву.

Маці ласкавым рухам падняла яе галаву і пацалавала два разы ў твар.

— Дачушка, любая, мы з табой яшчэ пагаворым. Мы пра ўсё пагаворым. Ты сустрэнеш іх, Таня, і ўбачыш сама. Бацька будзе рады. Ты ж пойдзеш на прыстань, праўда?

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)