Крокі па старых лесвіцах
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецтва ЦК КП Беларусі
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Крокі па старых лесвіцах». Краткое содержание книги:
Крокі па старых лесвіцах
Перейти на страницу:
АМАТАРАМ ЗАЙМАЛЬНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
А хвалі мутнеюць жыццёвае плыні.
За шэрай смугою
не ўбачыш світання.
I вось найстрашнейшае ў свеце нахлыне
расчараванне.
Расчараванне.
Адсталі старонкі прыгожага друку,
Што клінам ляцелі — і шлях задавалі.
І мы іх чыталі!
І тую навуку
Штандарам панеслі
у брудныя хвалі.
Чыталі, чыталі...
Згушчалі паветра.
Імкнуліся ў вырай паветраных замкаў.
Як ветразь напнуты,
парвалася вера,
I болей нічога мяне не трымае.
І зараз загразлі ў падмане,
бы ў глеі,—
Нас неслі ў туман папяровыя крыллі.
А ветразь для тых непадробна бялее,
Каго самі людзі
людскому вучылі.
СТАРЫ АРГАН
У лёхі аргана ўрываецца чыстае неба,
I сонца світае над кожнай працятай душой.
Мы тут выпадкова —
сюды ж не ідуць без патрэбы.
Праз месяц які — і ніколі не прыйдуць ужо.
Як мокрае зрэб'е, глядзіш, распаўзуцца цагліны,
Старэнькі музыка растане у небе сваім,
I дрэвы сагнуць над падмуркам шурпатыя спіны,
Разбураць крыло,
на якім мы у Вечнасць ляцім.
Пакуль жа магчыма яшчэ дакрануцца да неба,
Да голасу тых, што стваралі ступені Туды —
Чаго мы чакаем?
Апошняй і марнай патрэбы?
Чаго мы чакаем?
Дазволу даследваць сляды?
Арган уздыхае.
Старэнькі музыка смяецца:
«Ну што, маладыя, не чулі такога раней?»
...Скразняк варушыў на падлозе вільготнае смецце,
I сумныя фрэскі
Ахвярна глядзелі са сцен.
НЕМАТА
Той не паспеў свае даспеліць песні,
А гэты, што збіраўся сеяць іх,
Быў пакараны смерцю напрадвесні.
Свет страціў слова, як музыка —
слых.
Зямля дарма нам піша камянямі
I зморшчынамі хворых ручаін
Святую песню, страчаную намі,
Наш лічыць свет —
разумны ён адзін.
Яму здаецца — ён аброс, як поўсцю,
Мелодыямі ўсіх масцей і моў.
Але змаўкаюць птушкі.
Суха ў роце
Старога млына.
Млын апошні змоўк.
Мы забіваем нематой прыроду.
Званы здымаем. Робім штучны мёд.
I не спяваем — пішам
Песні — робім.
І траціць слых сумленне з году ў год.
Пасля і голас згубіць непрыкметна,
I пад абцас —
апошнюю пчалу...
I стане чутна —
коціцца планета
Адцятай
галавою
у імглу.
БЕЛАРУСАМ, ПАМЕРЛЫМ НА ЧУЖЫНЕ
Наш гарадскі нямоцны корань
Ледзь чуе смак сырой зямлі.
I кожны лісцік непакорна
Ірвецца з матчыных галін.
Злятае ліст, каб зведаць вецер,
Не згнісці дзесьці за мяжой.
Так чалавек не верыць смерці,
Хай і рыхтуецца душой.
Як да чужых галін прыўкрасных
Не прырасці сухім лістам —
Чужыя велічныя храмы
Наш попел не заменяць нам.
...I чалавек ідзе ў чужыну
Не для таго, каб згінуць там...
...Зямлі ўсё роўна, чый мярцвяк...
Ў яе на ўсіх адзіны смак.
НОВЫ РАЁН
У новым раёне, яшчэ негасцінным,
І храмаў няма, і няма магазінаў,
I ціснецца лес абкарнаны да неба,
I храмаў няма...
Бо, гавораць, не трэба.
У новым раёне — з выгодамі хаты.
Знутры— хто там бачыў,
ды звонку — палаты.
Культура і мяса — у цэнтры, бясспрэчна.
Там храмы апошнія гаснуць, як свечкі.
Там брук — пад асфальтам
і косці—пад брукам,
Там — ціша стагоддзяў, сучаснасці —
грукат.
Там — памяці храм, што па цёмных законах
Не запланаваны ў сучасных раёнах
I, цалкам падобна, руйнуецца ў цэнтры.
...Бы кроў на пяску —
пашчапаная цэгла
У новым раёне, дзе светлыя вокны,
Дзе моляцца сонцу
старыя з балконаў,
Дзе сонца за лес апускаецца чорны,
Бы падае купал царквы залачоны.
КАЛЬВАРЫЯ
Заблудзіцца на могілках —
ёсць асалода такая.
Дзе каменні, як рэшткі чаўноў,
усыпаюць зямлю.
I збуцвелае лісце імёны шчыльней пакрывае,
Як пакрыла бяспамяцтва душы —
тваю і маю.
Чуеш, мастак?
Маляваў ты суровых герояў.
Мы іх не помнім.
Ты чуеш, забыты паэт,
Вечнасці любы?
Прастуе жыццё маладое
Праз надмагілле тваё —
і рагочуць вароны услед.
А раней я сюды забрыдала паплакаць,
падумаць...
Так лісцё прыпадае
да горкіх карэнняў жыцця...
Цалавацца на могілках дзеці сучасныя любяць.
I бяззорнае неба глядзіць,
як апошні суддзя.
Перейти на страницу: