Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 147
Перейти на страницу:

Значыць, пакуль што я яшчэ нішто сабе. Хо-хо!

Дзяўчаткі гожанькія, з пульхнымі роцікамі, з дурнаватымі яшчэ, нібы ў кацянят, шырокімі «глядзелкамі», з пышнымі агонамі валасоў. Штонікі абцягваюць формы, якія з часам абяцаюць зрабіцца дужа ладнымі.

Прыгожыя. Толькі не для мяне. Мне без малога сорак, а з іх самай старэйшай, на вока, дваццаць-дваццаць адзін. Звязацца? Каб праз дзесяць год рогі наставілі? Гэткае задавальненне саступаю вам. Стары я для іх. Часам, калі ўспомніш бомбы, і палон, і ўсё, што потым, дык нават здаецца — і ўвогуле стары.

Справа на першым паверсе дзвярэй няма. Там уваход у сутарэнне. Даведка аматарам дакладных лічбаў.

Кватэра № 22 — дзявоча-цыганская багема (масленае масла).

Кватэра № 23 — цікавы малады чалавек з вядром.

Кватэра № 24 — Вітаўт-Ксаверы-Інэзілья-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскі, майстар па чалавечых мазгах з медным абліччам Скалігера Кан-Грандэ.

Кватэра № 25 — азартны палкоўнік з Бобкін-стрыт.

Кватэра № 26 — я з усімі сваімі комплексамі.

Кватэра № 27 — Кяневіч са сваім даўгалыгім парасткам.

Кватэра № 28 — паляначка з Грыбком. «У лузе на адной назе…»

Пяты паверх — тры майстэрні нежанатых мастакоў.

Двор. Звычайны новы двор з маладымі дрэўцамі, лавачкамі, газонамі, выбітымі на бубен футбольным мячом. Толькі што ў двары засталіся ад знесеных хат ускраіны двухпавярховы дамок, дуб, зарасці ясеню, пара груш ды некалькі асуджаных яблынь і вішань.

Дворнік Кухарчык дае мне «драстуйце». Гэткі сабе доўбня з каляным абліччам і кароткімі валасамі. І паўсюль ён лезе, дае парады, расказвае. І ўсё яму трэба ведаць, а мяне ён чамусьці лічыць самым разумным чалавекам вуліцы. Мяне гэта крыху абражае: чаму толькі вуліцы. Але яго не саб'еш, і ён узнікае за спінаю (у яго ёсць уласцівасць і ўмельства ўзнікаць як з-пад зямлі) і задае пытанне. Часцей за ўсё ўражанне пасля пытання, нібы праглынуў жарынку, адначасова атрымаўшы ўдар пад лыжку.

— А кітаец кітайца ў твар адрозніць?

— А вось цікава б ведаць, Антоне Глебавічу, які сэнс у кіпарысах, што на поўдні?

Сёння гэта:

— Не ведаеце часам, як «дворнік» па-латышску?

— Setnieks, — «часам ведаю» я.

— Цікава, і там і там амаль аднолькава.

І ён працуе і думае.

Выходжу з двара. Вуліца. Не «вясковы» бок, а «гарадскі». Аўтобусы, дамы, рэклама, марсіянская трынога тэлевежы наводдаль. Шум гарадской плыні, упарты і неўблажымы.

І як апошні акорд таго, што ёсць мой дом і мой двор, тытунёвы кіёск, у якім сядзіць стары знаёмы, «брыгадзір Жэрар», як яго называю я, Герард Пахольчык, якому я актыўна дапамагаю выконваць план.

Ён і сапраўды, як герой, сядзіць у сваёй будцы. Просты, сярэдняга расточку, вусаты. У дзіцячых, шырока раскрытых вачах наіў. І схожасць з дзіцем падмацоўвае жаўтавы пух на галаве.

Гэты таксама з цікаўных, як і Кухарчык. Але той з «мітуслівых» цікаўных. А гэты «цікаўны філосаф». Той лезе, падазрае, сумняваецца, гэты — сядзіць на троне і пытаецца ўедліва і сур'ёзна. Той бачыць непатрэбнае і неістотнае, гэты — «зрит в корень». Той толькі слухае — гэты яшчэ дае й парады з вышыні вопыту, набытага ў бяседах з разумнымі людзьмі. А вочы сочаць і свідруюць і бачаць усё.

Але абодвум уласцівы шырокі дыяпазон зацікаўленняў. Толькі першы цікавіцца сэнсам кіпарысаў, якія не даюць ні пладоў, ані драўніны, а другога цікавіць палітыка ў Непале і ўвогуле ўсё ад касмічных пералётаў і спосабу варыць малінавае варэнне — і аж да тэорыі чырвонага ссоўвання і лётаючых талерак, якія ён абавязкова называе НЛА (неапазнаны лётаючы аб'ект).

Купляю пачак «БТ». Глядзіць пільна, нібы наш разведчык у стаўцы Гудэрыяна.

— Дзіўна вы неяк цыгарэты адкрываеце. Тут пацягнуў за стужачку дый… А вы нажніцамі. І толькі ражок. І вось ужо колькі месяцаў гляджу — заўсёды толькі правы ражок. Можна ж вось за стужачку дый крышку зняць.

— Я, пане мой вялебны Герардзе, тое, што ў кепскіх старых раманах называлі «стары кавалер з устойлівымі звычкамі».

— «Устоявшимися привычками», — перакладае начытаны Герард. — Ды нашто ж ражок?

— Партсігараў не люблю. А здымаць усю крышку — тытуню тады ў кішэнь натрасеш.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)