Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Гляну я ў аконца…
Гляну я ў аконца… - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Гляну я ў аконца…

Электронная книга - «Гляну я ў аконца…». Краткое содержание книги:

«Гляну я ў аконца…» — другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніц зладзейскае асяроддзе Менска пачатку XX стагоддзя.
Дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года, час краху імперый і ваяўнічага паўставання новых дзяржаў. Той парой у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых розных краёў.
Пасля «Яблычка» нас чакае працяг гісторыі «фірмовага» злодзея Аліка Барана, яго падступнай каханкі Паўлінкі і яго таленавітага вучня Яся Нацэвіча, а таксама небяспечныя прыгоды новых герояў. Перад вачыма чытача праходзіць стракаты карагод узломшчыкаў, махляроў, авантурыстаў — жанчын і мужчын, «тузоў» і «пешак» — а таксама разварочваецца цэлы веер метадаў іх працы. Над зладзейскім кланам Менска збіраюцца хмары — гульня ідзе на жыццё і свабоду.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 75
Перейти на страницу:

Ясь распрануў і паклаў спаць абсалютна п’янага спадарожніка, пасля адчыніў акно, што выходзіла ў сад. З суседняга пакоя даносіўся гучны храп Баніфацыя, які ўжо чвэрць гадзіны таму пайшоў спаць. З наступнага пакоя праз яшчэ зачыненае Марысіна, як Ясь здагадваўся, акно падаў у сад доўгі прастакутнік святла. Ясь паціху вылез у сад і падышоў да акна. У святле лямпы ён убачыў Марысю, якая мылася ў пастаўленай на ўслончык мядніцы, павярнуўшыся да яго бокам. Ясь з асалодай назіраў за аголенай прыгожай жанчынай, якая, не падазраючы, што за ёй назіраюць, паводзіла сябе абсалютна свабодна.

Гэта яшчэ больш павялічыла прывабнасць яе фігуры. «Хай бы яна адчыніла акно! — думаў Ясь. — Калі не адчыніць, пагрукаю». Жанчына выцерлася ручніком і паставіла лямпу так, каб выразна бачыць сваю фігуру ў люстры. Ён убачыў, што Марыся дастала з шуфлядкі маленькую пляшачку і коркам датыкалася твару, грудзей і плячэй. «Парфуміцца», — падумаў Ясь і згадаў Марусю Лобаву, сваю першую каханку. Цяпер Ясь быў упэўнены, што акно адчыніцца. Марыся ўважліва агледзелася з усіх бакоў у люстры. Яся гэта раздражняла. «Чаго ж яна марудзіць?»

Урэшце, пасля даўжэйшага агляду зброі перад люстэркам, Марыся надзела начную кашулю і расчасала валасы. Потым яна падышла да акна і адчыніла яго. Ясь знянацку схапіў жанчыну за руку, а пасля жвава забраўся ў пакой. Ён пачаў цалаваць Марысю. Тая ахвотна прымала яго пяшчоты. Неспадзявана яна сказала:

— Ідзі да сябе… Распраніся, пасля вяртайся… Каб тут не было тваіх рэчаў. І замкні дзверы на ключ…

Ясь вярнуўся ў свой пакой. Спешна распрануўся і вярнуўся да Марысі.

З раніцы, пасля сняданку, таварышы наладзілі ліпавую лабараторыю. Ход дзеяння быў прадуманы і абмеркаваны ў горадзе. Галоўную ролю ў сённяшняй рэпетыцыі гралі дзве двухдаляравыя, амаль новыя, купюры. У горадзе іх намачылі, склалі разам і адпрасавалі, каб загіны былі аднолькавыя. Яны былі з ідэнтычнымі нумарамі. Для гэтага з вялікай колькасці купюр у знаёмага мянялы былі выбраныя дзве найбольш падобныя адна да адной нумарамі. Розніцу ў лічбах выправілі з дапамогай тушы, пераўтварыўшы на адной з купюр тройку ў васьмёрку, чацвёрку ў адзінку і дзявятку ў нуль. І крыху паскробшы лязом. Даляр з аўтэнтычнай нумарацыяй уклалі між двух кавалкаў чыстай паперы такога ж памеру.

Ясь загадаў пану Баніфацыю распаліць агонь, каб духоўка была цёплая. Пасля загрузіў туды купюру, размешчаную паміж дзвюма жалезнымі пласцінкамі з паперай.

— Гэта павінна ляжаць у цяпле дзве гадзіны, — сказаў Ясь, зірнуўшы на гадзіннік.

Цяпер хлопец дырыжыраваў працай, а Ігнат паслухмяна і старанна выконваў яго загады. Пан Баніфацый быў усхваляваны незвычайнымі дзеяннямі, якія адбываліся на ягоных вачах, і ўрачыстымі тварамі калег.

— Шкада, што няма больш купюр, — сказаў Ясь. — Не люблю пустых запускаў. У мяне замала некаторых сродкаў.

— Таму не трэба іх пераводзіць, — сказаў пан Баніфацый.

— Я толькі хачу паказаць вам прынцыпы маёй працы, каб вы маглі мне давяраць.

— Ніякіх сумненняў, — адказаў гаспадар. — Я ж бачыў вынікі.

— Добра, — сказаў Ясь. — Часу ў нас шмат, зробім невялікі пробны запуск. Зрэшты, я хачу паспрабаваць, наколькі моцны новы сродак. Ці ёсць у вас нейкая навейшая царская купюра?

— Вядома, ёсць.

Пан Баніфацый адразу ж прынёс Ясю некалькі банкнот. Ясь выбраў з іх дзесяцірублёвую і ўзяўся за працу. Ягоная лабараторыя выглядала імпазантна. Розныя бутэлечкі з каляровымі вадкасцямі, пэндзлі, валкі, шкляныя і металічныя пласцінкі, нажы і нажнічкі, ніткі, вата і г. д. Пачэснае месца займала бляшаная скрынка з двума валкамі. Менавіта гэта і была цудоўная машынка.

Праца «на машынку» выконвалася розным чынам, у залежнасці ад наяўных прыладаў і вынаходлівасці аферыстаў. Агульны прынцып быў толькі адзін: выбіраўся «цёплы» кліент, якому прапаноўвалі рабіць грошы, даводзячы, што з адной купюры можна атрымаць дзве. Сэнс у тым, што ахвяра павінна назбіраць як мага больш купюр. Пасля з імі праводзяцца разнастайныя маніпуляцыі так, каб гэта рабіла ўражанне: іх круцяць у машынцы, мажуць, абкладаюць паперай. Напрыканцы акцыі аферысты звычайна знікаюць, пакідаючы ахвяру з наказам пільнаваць машынку. А часам загружаюць падрыхтаваны для справы пачак у духоўку або печ. Потым іх ахоплівае трывога: гадзіннік спыніўся і пачак задоўга трымалі ў печы. Як мага хутчэй яны дастаюць усё і знаходзяць унутры попел. Аферысты лаяцца, сварацца, адчайваюцца, і, здараецца, сам пацярпелы шкадуе іх, а часам прапануе паўтарыць спробу. Так кліента «стрыгуць» двойчы.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 75
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)