Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 147
Перейти на страницу:

Справа — здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.

— Не дрэйф, — з адценнем пагарды сказаў гаспадар, — не калаціся. Пакуль не скажу — не кінуцца.

— А я і не калачуся, — гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: — Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.

— Чаму? — пакепліва спытаў Цяцерыч. — Ён жа меншы.

— Парода злосная.

Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.

— Якая ж бы то?

— Гэта вандэйскі грыфон, — сказаў я. — Парода ад «шлюбу», так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні па дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя…

Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.

— Ну а гэты, гэтыя — добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Менску мне сустракаць не даводзілася.

— Удалося дзівам, — гаспадар відавочна палагаднеў.

— І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар. Гэта ж стэгхоўнд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі — і толькі ў Англіі — усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.

— Ну, можа, з тых часоў развяліся.

— І тое. Толькі вось занадта ён рослы для стэгхоўнда. Ці не павязвалі калісьці некага там з ягоных продкаў з гончай святога Губерта. Што ён, злобны, пешы, вязкі? Голас нізкі, моцны?

— Усё гэта ёсць. А рост? — ён зусім ужо адтаў. — Можа, акселерацыя не толькі сярод людзей ідзе?

— А дзе ўсё ж стары? — занепакоіўся я.

— Прыйдзе. З ім на гэты «вячэрні абход» заўсёды мой Горд ходзіць, ньюфаўндленд. Нават прыцягне ў выпадку чаго.

— Га, ды ў вас тут чыстапародная псярня.

— Ды яшчэ Джальма, лягавая, хорта па-нашаму. — І раптам угледзеўся ў мяне. — А вы выпадкова не з лягавых?

— Выпадкова не з лягавых… Мне тут праўду з забойствам вашага Юлляна ўстанавіць трэба. Бо занадта вяжацца яно з некаторымі цёмнымі справамі. І ў вайну, і цяпер.

— А што толку. Павесілі ж забойцу. Не дапамаглі яму ні апеляцыі, ні касацыі. Ні з кога ўжо той помсты спагнаць нельга… Дый дзед мала што вам сказаць можа. Стаў зусім як дзіця малое. І гаворыць — мала што зразумець можна. А ў вайну ж праваднік у партызан. А ўжо пад семдзесят яму было. І дачка, жонка мая, у партызанах. А дзед ужо і тады быў горам сагнуты ды бядой біты. А зараз яшчэ горш… О, ды вунь ён і ідзе… Самі ўбачыце.

Садам набліжаўся да нас пры эскорце ў два сабакі вельмі высокі (хаця і сагнуты трохі), вельмі кашчавы і вельмі стары чалавек. Ішоў, цягнучы ногі і гледзячы ў нікуды.

Сеў побач з Салвэсем на прыступку, не павітаўся, можа, нават зусім не заўважыў старонняга. Глядзеў у ноч выцвілымі вачыма. А зусім сівыя, вілападобныя вусы (ні даць ні ўзяць перагорнутая дагары нагамі «іжыца») адцянялі выпнутую нібы ад векавечнай крыўды ніжнюю губу і няголенае падбароддзе, а пасля спускаліся амаль да сярэдзіны грудзей.

— Тут, бацька, да цябе… наконт Юлляна… падрабязнасці чалавек ведаць хацеў бы.

Стары сядзеў з каменным тварам.

— Трэба хоць сёе-тое ўспомніць, бацька. Добры, відаць па ўсім, чалавек.

— Усе… усе людзі добрыя, — нібы ў трансе або ў трызненні, ціха пачаў стары, — і вось такое. Юллян… сынок… Пра жыццё тваё думаў… на смерць паслаў… Надта ўжо ласкавы, гады на чатыры старэйшы… І шчарбаты, як Юллян… двох пярэдніх… Ляснічым аж у Цешын, пад самыя… чэхі… Дакуманты… Школа повшэхна… Трыста злотых… У лесе… Застрэлены… Рэвальвера няма… І старэйшая мая пасля чэзла-чэзла дый памерла.

І раптам твар ягоны скрывіўся, як ад плачу, хаця вочы былі сухія.

— Няпраўда, што сыпаў, няпраўда, што выдаваў… Не мог сынок… Забіты сынок.

І тут я зразумеў, што мне ўсё роўна, вінен быў ці нявінен Юллян Сай. Мне стала нават крыху шкада яго. Шкада апасродкавана, праз гэтага дзеда, які плакаў з сухімі вачыма.

1 ... 74 75 76 77 78 79 80 81 82 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)