Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 73 74 75 76 77 78 79 80 81 ... 264
Перейти на страницу:

— Гэта не глупства, — сказаў пан староста. — Хто-хто, а я гэта ведаю, бо ў самога сэрца сплывае крывёй.

Януш пакасіўся на яго.

— Я, братка, зусім не супраць парадніцца з табой, — шчыра сказаў ён. — Калі ты маёй сястры да сэрца прыйшоўся, чаго ж мне носам круціць? Але дапамагчы табе не магу, бацька на мае словы ніколі не зважаў і цяпер зважаць не будзе…

— Зможаш, — рашуча паведаміў Глябовіч, вырашыўшы, што прыйшоў яго час схапіць бога за бараду. — Аддай мне свой ліст да князя-гетмана, а я яму яго адвязу. Хачу ў твой дом госцем, а не ворагам зайсці. А далей — хай будзе, што бог дасць…

Відаць, гарачае каханне змякчыла цвёрдае радзівілаўскае сэрца. Князь прыняў гэтую прапанову і, атрымаўшы ад карчмара паперу і пісьмовыя прыналежнасці, стаў пісаць пасланне. Юрый нецярпліва назіраў, як рыпучае і дрэннае пяро павольна паўзе па паперы, выводзячы душашчыпальныя радкі.

— Усё, — нарэшце сказаў Януш, паставіў апошнюю кропку і дачакаўшыся, пакуль высахне атрамант, змацаваў ліст сваёй пячаткай і ўручыў яго Глябовічу з добрымі пажаданнямі.

Закусіўшы горкую размову засмажанай гуссю, прыяцелі пакінулі карчму. У дзвярах нечакана сутыкнуліся з каралеўскімі слугамі, якія жыва абмяркоўвалі апошнія навіны. Убачыўшы Радзівіла, тыя адразу ж падаліся назад, даючы дарогу. Пазнаўшы аднаго з іх, каралеўскага сябра Сарбеўскага, з якім Уладзіслаў любіў паляваць, Януш па-сяброўску ляпнуў яго па плячы.

— Дык што, шаноўны пане, сціх шум на панскім двары, ці не варта туды сунуцца яшчэ некалькі дзён? — спытаўся ён. — Бо калі я сёння бачыўся з каралём, ад яго кіслага выгляду мяне аж аскоміна звяла.

— Ёсць, ёсць навіны, князь, — ахвотна адгукнуўся той і, нахіліўшыся, зашаптаў на вуха Радзівілу: — Кароль усё ж высылае Ядвіжку.

Радзівіл недаверліва свіснуў.

— І куды ж? — зацікавіўся Глябовіч.

— Будзе жыць ва ўяздоўскім палацы пад апекай пана Яржэбскага…

Януш засмяяўся — ці не першы раз за дзень.

— Ну, раз так, каралеве яшчэ доўга прыйдзецца скардзіцца на бяссонныя ночы. Кароль скора да Уяздова дарожку пракладзе…

х х х

Па дарозе ў Кейданы пан Глябовіч успамінаў сваю апошнюю сустрэчу з князёўнай Катарынай.

…Гэта было ў Вільні некалькі месяцаў таму. Нашумелая гісторыя з яе каралеўскім замужжам патроху… не, не забылася (такое не забываецца), але прыціхла, і Юрый зноў вырашыў паспрабаваць шчасця. Ён прыйшоў да князя-гетмана, які тады знаходзіўся ў літоўскай сталіцы. Крыштафа не было дома, але княгіня Ганна сустрэла госця ветліва і пасадзіла за стол. Блізкасць князёўны Катарыны затуманіла і так закаханую галаву юнака. Набраўшыся смеласці, ён дакрануўся пад сталом да яе рукі і праззяў ад шчасця, калі іх пальцы счапіліся.

— І трэба ж было мне ўсё сапсаваць, — юнак лаяў сябе апошнімі словамі, успомніўшы, як быўшы сам-насам з князёўнай яшчэ раз сказаў ёй «люблю» і, атрымаўшы ў адказ жаданае «кахаю», страціў розум, схапіў дзяўчыну ў абдымкі і, пакрываючы пацалункамі яе гарачыя вусны, нечакана сутыкнуўся позіркам з яе раз’юшаным бацькам…

«Што дазволена каралю, таго падданаму нельга!» Мабыць, гэтую прыказку меў на ўвазе князь Крыштаф, калі аблаяў кавалера дачкі за нахабства і, строга папярэдзіўшы, што з гэтага часу дзверы княжацкага дома перад ім зачыненыя, вывеў прэч, не звяртаючы ўвагі на рыданні сваёй улюбёнкі…

…Карэта пераехала шырокі драўляны мост праз Нявежу і пакацілася вузкімі кейданскімі вуліцамі да княжацкага палаца. Зіма была цёплай, снег ледзь прысыпаў агароджы і дахі дамоў, ад чаго горад выглядаў па-святочнаму прыбраным і чыстым. Свята было і ў душы Глябовіча — хутка ён убачыць Катарыну!

Юрый не чакаў цёплага прыёму, дык і не засмуціўся, калі князь-гетман сустрэў яго не вельмі ветліва. Але, узяўшы ліст сына, Крыштаф не мог не запрасіць хай і непажаданага госця да стала. Падзякаваўшы Радзівілу за гасціннасць, Глябовіч пайшоў за ім у пакой і не стрымаў радасці, заўважыўшы за пышна накрытым сталом сярод ганаровых слуг і гасцей князёўну Катарыну. Убачыўшы каханага, дзяўчына замерла, не верачы сваім вачам, а яе шчокі шчасліва зачырванеліся. Пасадзіўшы Глябовіча далей ад дачкі, князь Крыштаф адправіўся чытаць лісты, а Юрый мог колькі заўгодна глядзець на Катарыну, якая таксама не зводзіла з яго закаханых вачэй.

— Я тут толькі дзеля цябе, мая цудоўная княжна, — выбраўшы момант, прашаптаў ён дзяўчыне.

Атрымаўшы ў адказ асляпляльную ўсмешку, Глябовіч не мог сумнявацца ў сваім шчасці і быў поўны рашучасці змагацца за яго з усім светам. Але тут вярнуўся князь Крыштаф. Яго з’яўленне адцягнула Юрыя ад кахання, і ён нарэшце змог агледзець гасцей і прывітаць знаёмых. Гасцей было няшмат. Побач з Радзівілам сядзеў віленскі падваявода пан Саковіч, ашмянскі староста пан Вільшак, паны Кахлеўскі, Сасноўскі і Мяржынскі і незнаёмы Глябовічу жвавы малады чалавек, якога гаспадар прадставіў гасцям як пана Юрыя Нямірыча з Украіны[91].

вернуться

91

Украінай у XVII ст. называлі землі Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў Рэчы Паспалітай.

1 ... 73 74 75 76 77 78 79 80 81 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)