Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Так суцяшаў сябе камандзір, а гарката няўдачы душыла яго, сьціскала прастрэленую шыю, цяжка было дыхаць — на хадзе і тут, па-над ямай таксама. I тады ён успомніў даўні, звыклы зь юнацтва твар другога асуджанага, што калісьці стаяў не над ямай — пад вісельняй, і яго вешчыя словы да каханай Марыські. Да Беларусі. Ніколі яна ня будзе ні вольнаю, ні шчасьліваю, пакуль ня скіне з душы прыгон маскаля. Апынуцца паміж Расеяй і Польшчай — усё роўна што паміж кувалдай і молатам, які б’е мэтадычна, магутна, бязьлітасна. Нішто не стрывае тых жахлівых удараў. Пакуль б’е молат і рэжа галовы серп. Гэта ж трэба такое прыдумаць — молат і серп, серп і молат…
Сарокі ў гольлі сакаталі ўсё болей, бы прадчуваючы тое страшнае, што тут неўзабаве адбудзецца. Іх ужо ніхто не адганяў, не палохаў, і яны бязладна паначапляліся на бярозах, спраўлялі свае птушыныя хаўтуры. Зводдаль ад іх зьявіліся са тры вароны. Тыя сядзелі спакайней, толькі зьдзіўлена пазіралі ўніз, але маўчалі. Людзям жа было не да іх. Людзі апекаваліся ўласным клопатам.
Можа, самы спакойны, ціхманы і з выгляду нават абыякавы да ўсяго ў гэтай грамадцы быў Казак, шараговы стралец, патомны парабак слуцкіх фальваркаў. Галоўным правілам яго ў жыцьці было: як усе. Як усе паводзіў сябе ён, калі рабіў у пана Пясецкага: рабіць дык рабіць, есьці дык есьці, спаць дык спаць — як усе. I на паўстаньне пайшоў таму, што пайшлі парабкоўцы з маёнтка — усе шасьцёра. Калі б яны пайшлі да бальшавікоў, мусіць, да бальшавікоў пайшоў бы і Казак. Але вызначыў выпадак ці, можа, адзін парабак, які па вясьне паявіўся ў іхным маёнтку. Ён не казаў, дзе рабіў да таго, але ў маёнтку быў прыстаўлены памагатым да цесьляра, рамантаваў інвэнтар. Гэта быў дужа гаваркі чалавек. Сьпярша хлопцы ня дужа верылі, казалі: балбоча. Але неўзабаве ўслухаліся і сьцямілі, што балбоча ня так сабе, нешта ўсё ж ведае. А і сапраўды, ведаў ён шмат што і шмат дзе пабываў за свае яшчэ маладыя гады, нават у Піцеры і ў Рызе. Казаў, што па перакананьнях ён сацыяліст-эсэр і што толькі тады па-людзку зажывуць працоўныя людзі, як падзеляць панскую зямлю. Але перш чым падзяліць, зямлю трэба было адваяваць у паноў — палякаў ды расейцаў, Беларусь павінна стаць незалежнай, як Польшча ці Нямеччына, мець свой урад і свой парлямэнт. Сьпярша гэта здалося дзіўнаватым — беларускі парлямэнт! Але пасьля, як у Менску сабралі кангрэс, хлопцы і праўда паверылі эсэру, бо нешта там адбывалася падобнае на яго прадказаньні. Як загарэлася гэтая калатнеча ў Слуцку, ён і сагітаваў усіх ехаць туды. Казак доўга не вагаўся, прыкінуў: ваяваць за Беларусь мо ня будзе трудней, чым штодня ішачыць у панскім маёнтку. Зноў жа, адгаворваць яго не было каму, шкадаваць таксама. Уранку яны запрэглі панскую фуру і ўсе шасьцёра пакацілі шашою ў Слуцак. Начальнікі і каторыя разумнейшыя з шарагоўцаў казалі: да зімы пераможам, вернемся і зажывём сваёй беларускай сям’ёй, па справядлівасьці, без маскалёў і палякаў. Ведама ж, жыць сваёю сям’ёй, па справядлівасьці ды ў згодзе, хто не схацеў бы? Асабліва яшчэ, калі надзеляць зямлёй. Казак быў ня супраць. Абы ўдалося. На жаль, не ўдалося. Ня толькі сваёй сямейкай, але й наогул жыць. Ды што ж… Казак не разумнейшы за іншых і, канечне, не шчасьлівейшы. Калі во камандзір, былы афіцэр і вучыцель, кажа, што іначай нельга, значыцца, і праўда нельга. Значыць, нявыкрутка, і таго, што яны ўдумалі, мусіць, не абысьці. Прыйдзецца паміраць. Але як усе, так і Казак. Вось калі б закурыць толькі. Перад сьмерцю…