Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 163
Перейти на страницу:

“Славяне” лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя “страхою”, на купецкі манер, валасы.

Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.

Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты... Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай-Палтаўкай на чале... Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з’яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі...

Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.

Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.

Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!

Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.

І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.

Калі Рунін зразумеў, што смяюцца зусім не з ягоных жартаў, было позна: смех апанаваў усіх да апошняга. Ён паспешна кінуў на пераноссе пенснэ і ўбачыў усё.

Ад рогату, ад магутных, як прыбой, перакатаў ходырна трэсліся рады.

Рунін пачаў падымацца па прыступках. І тады Алесь стаў, каб закрыць Грыму спіной. Адсунуў яго плечуком.

Чацвёрка памагатых разам з суседзямі схапіла Грыму стаў і пацягнула далей ад прахода. Ён супраціўляўся і крычаў, але рогат заглушыў яго крыкі... Хлопцы зацягнулі Усяслава далёка за спіны.

Вы? – спытаў Рунін. – Вы, князь?

Некаторыя ўжо не маглі смяяцца і толькі пазяхалі, як рыба на пяску.

Я з самага пачатку бачыў гэта, – сказай бледны Рунін. – Чаму вы зрабілі...

Патрыёт стайні! – крыкнуў з-за спін Грым і здушана замыкаў.

Хто яшчэ там? – спытаў Рунін.

Хіба вам мала мяне аднаго? – спытаў Алесь.

Я хачу ведаць, хто яшчэ?

Як бачыце, усе.

Рогат рабіўся нясцерпны.

Прычыны?

Нежаданне бачыць вас тут. Нежаданне, каб нас вучыў розуму, – а праўдзівей – розуму- маразму, – такі, як вы... даносчык... цемрашал... згубіцель юных і чыстых...

Без асабістых абраз!

І тады Алесь узняў руку.

Жарты прэч... Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж... Абрыдла гэта маска драпежнасці... Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.

Вы не патрыёты!

Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі – браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў... А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.

Відаць, я яшчэ не скончыў ачысткі універсітэта.

І не скончыце, – спакойна сказаў Алесь. – Я пайду адсюль, але пойдзеце і вы разам з вашымі ванітамі. Іначай вам на кожнай лекцыі будуць чыніць абструкцыю.

Пасмешышча! – крычалі з радоў. – Квасны Платон!

Зноў успыхнуў рогат. Хлопцы з мясцовага зямляцтва зацягнулі па-руску забаронены пасля паўстання “Марш Кошута”. Амаль без слоў, якія ведалі нямногія, але грозна ляцела мелодыя. У адказ ёй плесканулася недзе пад столлю марсельеза.

Амфітэатр віраваў. Кожны цяпер не разумеў, як маглі яны цярпець гэтую брыду і гніль хоць яшчэ адну хвіліну, як маглі забыць аб выключаных, як маглі мірыцца з прынізлівымі разважаннямі гэтай макрыцы.

Аўдыторыя выбухнула крыкамі.

Ганьба! Мазгі лыкавыя! Вон! Вон!

Свіст, здаецца, ірваў муры і прымушаў дрыжаць шыбы.

Яны стаялі на пероне і, як заўсёды ў апошнія хвіліны, не ведалі, аб чым гаварыць.

І ўсё ж гэта блазнаванне, – сказаў Кастусь. – Мужыкі з голаду ядуць траву, а ты дзеля няпэўнай асалоды звесці рахункі з гэтай старой малпай вылецеў.

Хай яны мне з двума дыпломамі солі на хвост насыплюць, – сказаў Алесь. – Што ж, па-твойму, дазволіць яму атручваць мазгі і даносіць далей? А так яго прыбралі. Ды і з хлопцаў цяпер ніхто такому трызненню не паверыць.

Добра, што Грыму не выдалі. Вось гэта была легкаважнасць, памятаючы нашу размову.

Папусціцца Руніну было нельга. Стрывалі б гэта – сцярпелі б і большае.

Кастусь па чарзе пакусваў губы. Спачатку верхнюю – ніжнімі зубамі, потым ніжнюю – верхнімі. І раптам зарагатаў.

Дурні вы... Дурні вы, але малайцы... Кашу – маноклем.

Другі ўдар звона разрэзаў халоднае паветра.

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 163
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)