Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 230
Перейти на страницу:

— Так, пан. Калі як. То добжа, то кепско.

На яго зарослым густой шчэццю твары адбілася клопатнае напружанне думкі, і ён таксама з прыкметнай увагай паглядзеў на госця.

— Што, мусіць, не даюць спакою пад лесам?

— Так. Калі не даюць. А калі і даюць.

— А хто турбуе? Немцы? Партызаны?

— Як пану сказаць? Калі так, калі гэтак.

Аднак хітраваты мужычок, не глядзі, што праставаты з выгляду, падумала Зоська, пазіраючы на вялікую, з дымнай цыгаркай руку гаспадара ля печы. Рука яго, аднак, была спакойная, і ўся яго сялянская пастава сведчыла пра зважлівае чаканне, і нічога болей. Сам ён надта гаварыць не меў ахвоты. Гаспадыня прыбірала посуд, пераставіла ў пячурку капцілку, каб у трысцене было святлей, яна не ўдзельнічала ў размове мужчын. Вацык нізка сядзеў на чымсь у дальнім цемнаватым кутку, не зводзячы ўважлівых вачэй з Антона і Зоські.

— Ну што ж, нам пара, — Антон загасіў у пальцах цыгарку. Рэшту яе запіхаў за пакамечаны адварот шапкі і надзеў папку на галаву. — Зося!

Нагнуўшы галаву, Зоська нерухома сядзела ў канцы стала.

— Давай патопалі. Перадыхнулі, паелі, — сказаў Антон і ўстаў, загарадзіўшы сабой палову трысцена.

Зоська паволі падняла галаву, убачыла звернутыя да яе запытальныя погляды гаспадыні ад печы, гаспадара з лаўкі насупраць. Нешта, відаць, яны адчулі ў яе паводзінах, і гэта насцярожыла іх.

— Ідзі адзін, — хрыплавата ад хвалявання выціснула яна. — Я тут застануся.

— Хе! — сказаў Антон. — Навіна! Як гэта — застануся?

— Проста. Застануся на хутары.

Яна ўжо справілася з першым самым трудным для яе хваляваннем і стала нязломнай. Галоўнае было зроблена — яны размяжоўваліся. Дапушчаную ёю легкадумнасць трэба было выпраўляць, і тым лепш, чым хутчэй.

— Пагадзі, — спакойна сказаў Антон пасля нядоўгай напружанай паўзы. — Ты гэта — сур’ёзна?

— Сур’ёзна.

— Не панімаю.

— Што панімаць? Я з табой не пайду.

— Гэта чаму?

— Ты знаеш чаму.

Хаця і было цёпла, але яна трэслася ў нервовым напружанні. У адказ на ягоны спакой ёй хацелася закрычаць, заплакаць, але яна стрымлівала сябе, усё ж тут былі людзі, якія няблага аднесліся да яе і не ведалі нічога з таго, што адбылося між імі. Антон у роздуме нядоўга пастаяў ля стала, пасля адступіў назад і прысеў на лаўку.

— Не, так дзела не пойдзе! — са спакойнай цвёрдасцю аб’явіў ён. — Так нічога не выйдзе.

Гаспадыня жэстам адправіла Вацыка на другую палову хаты, Стэфан падышоў да жонкі, і абодва яны са здзіўленнем пазіралі на Зоську, мала што разумеючы. Стала ціха. Дровы разгарэліся ў печы, і па столі і бярвенні сцяны бегалі барвовыя водсветы. Зоська зразумела, што не мінуць чагосьці агіднага, але яна цвёрда рашыла стаяць на сваім.

12

Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, — такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым больш зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.

А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць — лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым — выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.

Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчыма, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.

— Во, — кіўнуў ён на яе. — Уперлася жонка. Спадабалася ей у вас, не хоча ісці.

— Я табе не жонка! — тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.

— Як гэта — не жонка? — са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. — Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.

— Лжэш! Ты ніякі мне не муж! — з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.

Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська — ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.

— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)