Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 230
Перейти на страницу:

— Не знаем, пане. Людзі прыйшлі, забралі.

— Лжэш! — выпаліў Антон першае, што ў такім выпадку прыйшло ў галаву, і зноў выхапіў наган з-за пазухі.

Гаспадар бездапаможна развёў рукамі, здаецца, спалох ягоны мінаўся, але з’явілася нейкая, раней не прыкметная ў ім, упартасць ці нават варожасць. Здаецца, ён таксама пераставаў яму падпарадкоўвацца.

— Пан можа стшэліць, але…

— Ану пайшлі! — піхнуў яго Антон, якому раптам здалося, што ўсё ж ён хітруе — дзесьці ў хлеўчуках на двары, пэўна, схаваны яго конь. — А ты — марш туды! — паказаў ён гаспадыні на дзверы ў другую палову хаты. — Жыва!

Гаспадыня паслухмяна знікла ў дзвярах, Антон прычыніў дзверы мацней і, памацаўшы рукой каля печы, ухапіў вілачнік. Здаецца, ён добра падпёр ім дзверы, туга падсунуўшы дзеравяку пад верхнюю планку дзвярэй.

— Запальвай ліхтар!

— Дык, пан, нема ліхтара, — зноў развёў рукамі гаспадар. — Пан сам бэндзе бачыць.

«Чорт там убачыш што без агню!» — ціха вылаяўся Антон. Але ў яго яшчэ было ў кішэні некалькі плоскіх нямецкіх запалак, і ён піхнуў дзверы на выхад.

— Пайшлі!

Ён прапусціў гаспадара наперад, выйшаў за ім і спыніўся: гэтыя дзверы таксама трэба было заперці. Але яны адчыняліся ў трысцен, падперці іх было нельга і, здаецца, нечым. Убачыўшы, што Антон завіхаецца ля дзвярэй, гаспадар знайшоў у прыцемках накладную планку і даў яму ў рукі вялікі замок без ключа.

— От так, пане, так…

Антон запёр дзверы, прасунуў дужку замка ў прабой, і яны пайшлі да хлява.

Але ў хляве каня не было. Адна загародка была пустая, у другой, калі ён засвяціў запалку, на праход павярнула галаву рабая, з самотнымі вачмі, карова, трывожна закудахтаў патрывожаны на жардзіне певень. Антон апрыкла кінуў у гной рэштку запалкі.

— А з таго боку?

У другі канец хлява, адгароджанага дашчанай сцяной, вялі нізкія дзверцы з двара. Яны абышлі кучу гною ля ўвахода, і гаспадар, адкінуўшы падпоркі, расчыніў дзверы. Тут смярдзела свіннямі, чутна было іх соннае хруканне ў саломе, наўрад ці тут мог стаяць конь. Усё ж для пэўнасці Антон пасвяціў цераз парог запалкай і зразумеў: дарма.

Але гэта ўжо было зусім недарэчна і дзіка. Навошта ён тады рабіў гэты спектакль, вязаў Зоську? Не нясці ж яе на сабе пяць кіламетраў у Скідзель. Аднак няўжо ж гэтая заможная кулацкая гаспадарка сапраўды абыходзілася без каня? Ці яго ўсё ж дурылі, як блазна, дзесьці схаваўшы каня, якога ён проста не мог знайсці ў гэтым лабірынце будынкаў?

Яны выйшлі ў двор, Антон прыпыніўся. Спыніўся і гаспадар у маўклівым чаканні таго, што павінна адбыцца далей. Але Антон цяпер абсалютна не ведаў, што можна зрабіць. Сапраўды, каня на хутары магло і не быць, яго маглі схаваць дзе ў лесе, у суседзяў, у бліжняй ад хутары вёсцы. Дзе яшчэ можна было шукаць? Антон акінуў позіркам цьмяныя ўначы сілуэты будынкаў і заўважыў наводшыбе яшчэ нейкую будыніну — ток або пуню.

— А там што?

— Там? Там, пане, сено. Але… — пачаў тлумачыць гаспадар.

— Ах, сена! Сена, значыць, імеецца, а каня няма? Ану паглядзім!

Ён хутка пайшоў па мокрым снезе да пуні, са скрыпам адчыніў лёгкія дзверы. Тут сапраўды знаёма запахла перасохлым сенам, але было цёмна, і ён зноў сунуў руку ў кішэню з запалкамі.

— Не, не! — падскочыў гаспадар, засцярожліва хапіў яго за руку. — Не можна паліць…

— Не бойся, не спалю, — сказаў Антон і ўсё ж пасвяціў ля парога. Увесь канец пуні быў закладзены сенам, побач стаялі вілы, граблі, нейкія прыслоненыя да сцяны дошкі — падобна, каня не было і тут.

— Няма?

— Нема. Я пану мувіў: забралі коня. Д’ябальшчына, дый годзе, злосна падумаў Антон, не ведаючы нават, што думаць далей. Было падобна на тое, што ён сапраўды трапіў у пастку на гэтым праклятым хутары, завяз, нібы ў дрыгве, — ні туды ні сюды. Заставалася хіба што мірыцца з Зоськай, можа, як-небудзь улагодзіць яе. Але для таго прыйдзецца яе развязаць, якая ж размова са звязанай?

Вузкай сцяжынкай яны павярнулі да хаты. Антон на хвіліну прыслухаўся: ці не едзе хто па дарозе? Але скрозь было ціха, над лесавой раўнінай ляжала глыбокая ноч, рэзка дзьмуў вецер з захаду, снег пад нагамі раставаў, было сыра і зябка.

13

Калі Антон зачыніў дзверы ў трысцен, Зоська асталася на затаптанай земляной падлозе і, сцяўшы ў зубах плюшавы ражок каўняра, моўчкі плакала. Ніколі яшчэ за дзевятнаццаць пражытых гадоў ёй не было так балюча і крыўдна. Кароткая барацьба з Антонам зусім знясіліла яе, як яна ні змагалася, але не магла абараніць сябе ад мужчынскай сілы Антона, ён расправіўся з ёй за некалькі кароткіх секунд, і цяпер яна не магла варухнуць ні нагой, ні рукой — так ён туга скруціў іх вяроўкай. З кароткай размовы Антона з гаспадаром Зоська сцяміла пра ягоны намер і зразумела таксама, што яна прапала. Як апошняя недалэга, яна даверылася гэтаму шкурніку, а затым паўдня сумнявалася ў яго чорнай здрадзе, спрабуючы ў чымсь пераканаць яго, не даць зрабіць свой апошні пагібельны крок. Цяпер вось яе чакала расплата. Ён купіць сабе жыццё цаной яе гібелі, як дурную цялушку, павязе яе на расправу паліцыі.

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)