Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 230
Перейти на страницу:

Зосьцы таксама вельмі хацелася жыць, але той спосаб ратунку, які настойліва навязваў Антон, яна прыняць не магла. Ён жа ўпарта не пагаджаўся ні на якія яе ўгаворы, не слухаў ніякіх яе разважанняў.

I стала так, што за час, калі яны то перапынялі адзін аднаго ў спрэчцы, то пасля доўга варожа маўчалі за шулам, Зоська адчула, як стала меншаць для яе чалавечая вартасць Антона. Часам ён выклікаў у ёй шкадаванне тым, што ўпарта не разумеў простых, як снег, людскіх ісцін, часам яна пачынала яго ненавідзець за яўны, шыты белымі ніткамі, разлік. Баючыся канчаткова паддацца гэтаму нядобраму да яго пачуццю, Зоська стрымлівала сябе, ёй пачынала здавацца, што Антон не разумее чагосьці, што ў аснове канфлікту між імі ляжыць не ягоны злачынны намер, а нейкае непаразуменне, што варта яму нешта растлумачыць, як ён зробіцца ранейшым слаўным Антонам. I яна, усё стараючыся растлумачыць яму ягоныя памылкі і не ў стане справіцца з ягонай упартасцю, думала: які ж ён на самай справе? Такі, які ён здаўся ўпачатку — дужы, спагадлівы, умелы партызанскі хлопец Галубін, ці той, хто нечакана адкрыўся ёй у гэтай аборы — напалоханы за сваё жыццё баязлівец, які надумаў зрабіць такой жа і яе. Праўда, пакуль ён не зрабіў ёй нічога кепскага і паводзіў сябе як звычайна, толькі гаварыў не зусім звыклыя для яе словы. Але ад гэтых слоў яе ахапляў жах. Дык што ж ёй рабіць, што рабіць?.. Было, аднак, відавочна, што, апроч як сядзець тут ды чакаць прыцемак, нічога зрабіць было нельга, і яны то маўчалі, то нягучна спрачаліся, то азябла тупалі за шулам, ляскаючы зубамі на скразным пранізлівым ветры. Але вось дзень перайшоў у адвячорак, поле пачало цямнець, дарога, што бегла на дальні бальшак, ляжала пустая, і Антон глыбей насунуў на галаву шапку.

— Хай, ладна, — сказаў ён у адказ на нейкія свае думкі. — Пайшлі.

Зоська дужа азябла і ледзьве стрымлівала дрыжыкі, усё ў ёй ірвалася з гэтай праклятай аборы, абы толькі выйсці ў поле, прабегчы, сагрэцца. Але яна не адразу выйшла з варот, штосьці ў ёй супраціўлялася гэтаму, ногі раптам страцілі лёгкасць, і яна нясмела ступіла на мокры, збуцвелы снег. Яе нядаўняе захапленне Антонам катастрафічна знікала, і пад вечар яго засталося не шмат. У яе ўжо знікла ахвота ісці за ім, у думках усё перамяшалася, ногі сталі быццам чужыя, самы раз было павяртаць назад, за Нёман, у атрад.

Вялізным намаганнем яна спрабавала адагнаць кепскія прадчуванні, сказаўшы сабе, што рана яшчэ адступацца ад гэтага чалавека, пакідаць яго аслепленым, можа, часовай дурнотай; трэба яшчэ паспрабаваць пераканаць яго, не даць зрабіць апошні неразумны крок у жыцці, за якім — пагібель. Усё ж Галубін быў някепскі партызан у атрадзе і калі наважыўся на такое, дык, напэўна, і праз яе таксама. I яна ўхапілася за апошні магчымы для яе сродак.

— Антон! Пастой…

Ён хутка крочыў па раскіслым снезе, кіруючы ўздоўж хмызняку ля дарогі, і неахвотна спыніўся каля зламаных калкоў агароджы. Увесь яго змрочны, незадаволены выгляд казаў: ну, што табе яшчэ трэба? Зоська падбегла бліжэй, каб У вечаровых прыцемках лепей бачыць ягоны твар, і не пазнала яго: такі ён чужы стаў і нядобры.

— Антон, ты падумай… Ведаеш, я даю слова… Я нікому не скажу. А ты ідзі назад. Хочаш, я напішу Шаўчуку. Аловак у цябе ёсць?

— Што ты напішаш? — холадна запытаў ён, стоячы да яе бокам.

— Ну, што я цябе ўпрасіла правесці мяне. Каб цябе там за самаволку…

— Тожа мне скажаш! — пагардліва буркнуў ён і, як заўжды, спорна пакрочыў уздоўж хмызняку. Яна марудна паплялася следам.

«Што ж мне рабіць? Што рабіць? — ледзьве не са слязьмі ў каторы раз пыталася сама ў сябе Зоська. — Няўжо ж ён пойдзе да немцаў? Яны ж павесяць яго. Як жа ён не разумее таго?»

Яшчэ падсвядома, але ўсё выразней яна адчувала, што далей ісці з ім нельга, што так яна проста заваліць заданне, падвядзе пад пятлю людзей, сябе і нават, можа быць, маму. Што Антон у такім яго стане — нібыта п’яны ці, можа, горш нават за п’янага, што ён можа нарабіць тое, чаго сам не чакае. Антон жа між тым, здавалася, зусім не турбуючыся, упэўнена крочыў па снегавым цаліку да недалёкага ўжо Скідзеля. Захмаранае неба хутка цямнела, снег на зямлі ляжаў белы і чысты, дзьмуў свежы заходні вецер, які прынёс ноччу адлігу і за дзень ператварыў снег у хлюпкую кашу. Ісці было цяжка, Зосьчыны ногі адразу ж прамоклі і правальваліся да самай зямлі, але яна трохі сагрэлася і пайшла павольней. Антон вырваўся далёка наперад, аднак яна бачыла на снезе яго сляды і не баялася адстаць, даганяць жа яго ёй не хацелася. Яна нават падумала, што, можа, ён так і пойдзе адзін, пакінуўшы яе сярод ночы, і не спалохалася гэтай думкі. Чымсьці яна нават спадабалася ёй, гэтая думка.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)