Сэрца мармуровага анёла
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-02-0627-6
- Жанр: Другие приключения
Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:
Я таксама была маладая, дзёрзкая і бедная. Як, прынамсі, палова маіх аднакурснікаў.
Што можа параўнацца па вастрыні перажыванняў з першымі днямі ў вялікім горадзе, калі ты, яшчэ ўчора выпускнік правінцыйнай школы, далучыўся да творчай эліты сталіцы?
Твой студэнцкі білет ззяе золатам ціснеёных літар, і ты падаеш яго ў акенцы тэатральных адміністратараў з непараўнальна годнай сціпласцю… Табе чытаюць лекцыі знакамітыя прафесары, а кіраўнік твайго курса, барадаты неахайны мужчына ў зрэбным швэдары, — той самы Мастак, на палотны якога ты глядзеў гадзінамі, спрабуючы разгадаць такі просты сакрэт іх прывабнасці…
І наперадзе — цудоўныя пяць год у гэтым цудоўным горадзе!
Я доўга не магла знайсці добрую суседку па інтэрнацкім пакоі. Для кагосьці я была занадта негаспадарлівая, для кагось — занадта «правільная». Нарэшце пасялілася са мной адна дзіўная істота — Рытка Качар. Маленькая, як дзіцянё, худзюшчая, у акулярах, з хлапечай стрыжкаю і заўсёды — у доўгай шырокай спадніцы, на прыполе якой вечна заставаліся адбіткі нечых падэшваў, прынамсі пасля кожнага занятку па малюнку, дзе ўсе сядзелі, збіўшыся ў невялікім кабінеце, і не кожны быў настолькі далікатны, каб пераступаць цераз край Рытчынай спадніцы.
У адным з дзіцячых фільмаў пра савецкую школу фігураваў персанаж — дзяўчынка па мянушцы Жалезная Кнопка. Калі б мне давялося прыдумляць мянушку для новай суседкі, лепшай не прыдумала б. Рытка была ў вялікай крыўдзе на жыццё. Асабліва напірала Рытка на той факт, што пасля школы мусіла з год працаваць прыбіральшчыцай.
— Я чужыя пляўкі падцірала! — горда заяўляла Жалезная Кнопка выкладчыкам-экзаменатарам.
Некаторыя з іх, пэўна, адчувалі пры гэтым сваю віну і пакорліва распісваліся ў Рытчынай залікоўцы. А іншыя, хто таксама прыйшоў на свае пасады не з палацаў, толькі смяяліся ці абураліся — у залежнасці ад характару. І таму за Рыткай з першай сесіі пацягнуліся «хвасты». Яна вярталася з нязданага экзамену і скардзілася мне на жыццёвую несправядлівасць, абяцаючы, што крыўдзіцелям гэта не папусціцца. Бо мела Рытка талент знаходзіць уплывовых «апекуноў» — пажылых чыноўнікаў ад мастацтва. Яна прыходзіла ў іх кабінеты, расчульвала аповедамі пра «чужыя пляўкі», і пасля наш дэкан бегаў па інстытуцкіх калідорах чырвоны ад шаленства і гучна расказваў, як нейкі «пень» з міністэрства тэлефанаваў, каб «смаркачцы» з першага курса паставілі станоўчую адзнаку па гісторыі КПСС.
Малявала Рытка ўсё ў бляклых зеленавата-брунатных колерах. Кожны твар у яе выкананні здаваўся апухлым і пабітым, нібыта яблык-ападак. Магчыма, можна ўваходзіць у мастацтва і з гэтым, але ў Рытчыных карцінах заўсёды адчувалася залішняя стараннасць і поўная адсутнасць фантазіі. Ад таго ўсё здавалася ненатуральным і нецікавым. Тым болей, што майстэрства па сутнасці яшчэ не было — дый хто з нас, учарашніх школьнікаў, яго меў? Але ж Рытка адлюстроўвала «праўду». І гэта была яшчэ адна падстава патрабаваць да сябе асаблівай увагі.
Радніла нас з Рыткай ненармальная абыякавасць да матэрыяльнага боку жыцця. Дый не мелі мы, «бязбацькавічы», сродкаў на нейкія аздобы. Вышэйшым нашым кулінарным дасягненнем былі вараныя буракі, а найшыкоўным адзеннем — купленыя да выпускнога балю сукенкі.
Я любіла маляваць па начах. Проста сядзець у цішыні і пры святле настольнай лямпы рабіць маленькія «пачаркушкі» — на пакрытым васковай фарбай кавалачку кардону прадрапваць малюнак танюткай іголкай. Мне здавалася, што, пакідаючы ў шчыльным каляровым фоне белыя ці чорныя рыскі, я прадрапваюся ў іншы, лепшы свет, куды калісьці сыду… Але Рытка спала вельмі чуйна і не цярпела абсалютна ніякага шоргату. Таму час ад часу мае начныя «экзерсісы» перарываліся яе пранізлівымі мацюкамі сапраўды майстэрскага выканання.
Тая зіма была надзвычай суровая. І ў самыя маразы здарылася непазбежнае — латаныя-пералатаныя трубы інтэрнатаўскай сістэмы ацяплення палопаліся, і ў пакоях запанаваў бессаромны Зюзя — старажытнае славянскае бажаство холаду. Ён мацаў настылымі рукамі вытанчаныя целы інтэрнатавак, і ніяк немагчыма было яго выгнаць. Мы з Рыткай абагравальнік мелі адзін на дваіх, самы танны: увагнутую бліскучую талерку, у цэнтры якой, як закаханае сэрца, пунсавела спіраль… І зусім як тое сэрца, яна згасла без дай прычыны і назаўсёды. Наперадзе чакала доўгая зімовая ноч…
Я беражліва падняла наш пагаслы агонь і пайшла па доўгіх калідорах, разважаючы, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Блізкіх сяброў у нас з Рыткаю не было. Дражнілі нас «манашкамі», «гордымі самотніцамі» ды яшчэ чамусьці «бабізонцамі», пэўна, згадваючы адначасова Рабінзона, аматараў французскай прыроды барбізонцаў ды нашу жаночую — «бабскую» — натуру. Па вузкім загрувашчаным пераходзе я перайшла ў той корпус інтэрната, дзе жылі хлопцы. Тут заўсёды было шумна, смярдзела фарбамі і танным віном і сустракаліся самыя неверагодныя асобы… Вось як гэты тып з паголенай галавою і завушніцаю… Ці вунь тыя двое, доўгавалосыя і перапэцканыя фарбамі, што валакуць у свой пакой гіпсавую Венеру. Да аднаго знаёмага я проста пабаялася заходзіць, бо з-за яго дзвярэй чуўся п'яны гул. Другога ў пакоі не было — ці не адчыняў?
— У чым праблема, ясная паненка?
Я рэзка абярнулася, рыхтуючыся бараніцца. Але ў хлапчыне, што загаварыў са мною, не было нічога страшнага: вядома, ён меў традыцыйна доўгія валасы і драную джынсовую апратку, але з твару — тыповы акулярык, хлопчык-інтэлектуал, выхаваны строгімі бацькамі ў строгіх маральных нормах. Я нават не адразу ўцяміла, чым яшчэ ўразіў незнаёмец: ён звяртаўся да мяне на добрай беларускай мове. Тады гэта яшчэ не было ні модай, ні палітыкай, а так — незразумелым дзівацтвам ці адзнакай «простасці». Бо нават у маім родным мястэчку на «мове» гаварылі адны старыя, а мама — яна гадавала мяне адна — працавала фельчарам, па тутэйшых мерках, начальніцай, і нібыта ўжо не мела права размаўляць па-просту. Так што я нават разгубілася, не ведаючы, як адказаць.
— Дык што здарылася? Ці магу дапамагчы?
— Абагравальнік зламаўся, — мармытнула я і схавала змерзлы нос у каўнер свайго штучнага футра.
— І толькі? — хлапчына ўладна ўзяў сапсаваную тэхніку ў мяне з-пад пахі. — Нічога страшнага, адрапаруем!
Пасля гэтага выпадку Ігар пачаў заходзіць у наш пакой. Звычайна ён прыносіў з сабою ўсялякія смачныя рэчы: хатнюю каўбасу, сала, а то гарачую яешню ці дранікі, схаваныя між дзвюх місаў. Ён ніколі не патрабаваў і не рабіў нічога, што магло б напалохаць мяне, якую маці і цёткі перад ад'ездам на вучобу падрабязна праінструктавалі наконт д'ябальскіх гарадскіх хлапцоў. Не выключана, што такія ж інструкцыі наконт «блатных інтэрнатавак» атрымаў і Ігар. Таму знаёмства наша было не заваёвай адным аднаго, а шчаслівай сустрэчай надзейных саюзнікаў у супрацьстаянні ненармальнаму свету, які акружаў нас.
Ігар вучыўся на перадапошнім курсе і ўжо ўдзельнічаў у некалькіх агульных выставах, а яго, як ён сам называў, алейныя «вольныя партрэты» куплялі нават іншаземцы ля мастацкага салона. Нечым нагадваў мне Ігар маіх улюбёных постімпрэсіяністаў, хаця сам не быў іх прыхільнікам:
— Я — чалавек старамодны, — часта паўтараў ён. — Жывапіс Леанарда — найвышэйшая ступень развіцця мастацтва, і я не хацеў бы, каб над ложкам майго будучага дзіцяці красавалася рэпрадукцыя «Чорнага квадрата».
Далучыў мяне Ігар і да беларушчыны — тое, што здавалася дзівацтвам, зрабілася натуральнай часткай майго жыцця. Асабліва нялёгка далося прывучыць сябе думаць на роднай мове: не размаўляць — гэта не так складана, нават калі перакладаеш у думках, а думаць. Часам мае мазгі ўяўляліся мне палімпсестам — старажытным рукапісам, на якім сцерлі стары запіс і скарысталі для іншага тэксту. Але сляды старога запісу ўсё-ткі захаваліся, і цяпер, паступова і неадольна, ён праступаў з-пад пазнейшага.
Рытка-Жалезная Кнопка напачатку ставілася да майго новага знаёмства іранічна. Калі ж наша з Ігарам сяброўства пачало набываць манументальныя рысы, выказалася:
— Ён табе не пара. Глядзець смешна: высокі, худзюшчы, а ты кругленькая, беленькая… Штэпсель і Тарапунька!
Я толькі пасмейвалася. Заўсёды такая датклівая і падазроная, зрабілася абсалютна незалежнай ад меркаванняў усяго свету. Мелі значэнне толькі мае адносіны з Ігарам. А Рытка планавала сваё. Варта было мне з'ехаць на выхадныя дадому, яна стукалася ў дзверы Ігарава пакоя, просячы то нешта адрамантаваць, то даць творчую параду, то «тры скарыначкі хлеба для беднага Бураціна». Напэўна, каб была Рытка хоць крыху больш прывабнай, я са сваім інтравертным4 характарам добра-такі псіхавала б… Але мне былі ў нейкай ступені нават прыемныя няўмелыя Рытчыны заляцанні (вось яна, праявілася, зайздросная жаночая натура). А Ігар стараўся заходзіць, калі я была адна — абы не круціцца на крэсле пад пякучым Рытчыным паглядам.
4
Інтравертны — замкнёны ў сабе.