Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сэрца мармуровага анёла

Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:

У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 70
Перейти на страницу:

Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву.

— На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе… Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе… Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пойдзем у гасцёўню.

…У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі… І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.

…Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць… А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц — чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе…

Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках… Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.

Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.

— Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?

Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:

— Можаце зваць мяне Сцяпанам… Вядома, гэта не сапраўднае імя.

Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.

«Роберт-д'ябал»… Та-та-та — ці-та-та… Рамантыкі, халера. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў… Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»

— Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся… Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.

Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай… А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава. Са сваімі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі…

— Дык што, назад, да «залатога веку»? — Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай. — Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы… Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду… І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі… Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.

Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.

— Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач… І злачынства заўсёды больш… Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову…

Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:

— Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба…

— Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.

Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важкі том і шпурнуў на падлогу — ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адрасата.

— Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша — пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя — без войнаў і тыранаў, і адна мова — бо знікнуць межы і варажнеча… Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.

— Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове… Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой — на мове іх імперыі…

Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:

— Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца… Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?

Гаспадар уздыхнуў:

— Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму… Свет, на жаль, не змяніўся… Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.

Усе трое гасцей паблажліва ўсміхнуліся. Стары дзівак! Бездапаможны і разгублены… Нават шкада яго і хочацца нешта патлумачыць. Але ці зразумее?

Гаспадар узяў з камоды невялікі куфэрак з чырвонага дрэва, асцярожна, двума пальцамі, дастаў адтуль пяро незвычайнага сіняга колеру.

— Усе палююць за сіняй птушкай шчасця… Агульнага шчасця, для ўсіх і для кожнага. І мала хто ведае, што сіняя птушка жыве ў сапраўднасці. Я калісьці знайшоў яе пяро. Сіняя птушка жыве высока ў гарах, яна падобная да нашага голуба. І на яе палююць зусім не алегарычна. Хутка гэты від зусім знікне. Калі чалавек не можа абараніць ад уласнай сквапнасці і жорсткасці гэтую кволую істоту, ці дасца яму ў рукі тая, міфічная?

Шыбы заінелі. Але навокал было так ціха, што ў доме з драўлянымі львамі пачулі далёкі пошчак капытоў, прыглушаны снегам.

Старэйшы госць зноў выхапіў пісталет і адрывіста спытаў гаспадара:

— У вас ёсць зброя?

Стары не азваўся на пытанне, сказаў цвёрда і хутка:

— За камінам — хованка. Задняя сценка адчыняецца, калі націснуць на ручку там, справа, з унутранага боку паліцы…

Вось так… Прыйдзецца скакаць цераз агонь. Як на Купалле… Скакалі, мусіць, з дзяўчатамі? Ці гэта ніжэй вашай рэвалюцыйнай годнасці? Вось так… Зачыніце дзверцы знутры…

Вогнікі працягвалі будаваць свае гатычныя вежы, але, здавалася, у іх працы з'явіўся большы імпэт, бо яна сталася яшчэ больш значнай — ратавала чалавечыя жыцці.

Нават пан жандарскі ротмістр, які працягнуў да чужога агменю азяблыя падчас доўгай пагоні рукі, працягнуў, не здымаючы пальчатак, ні на хвілю не западозрыў, што мэта яго доўгай вандроўкі аддзеленая ад яго ўсяго гэтай мігатлівай завесай агню.

Жандары не былі ўпэўненыя, што злачынцы хаваюцца менавіта ў гэтым доме. Завіруха старанна зраўняла сляды, змяшала з іншымі. Але верагоднасць была вялікая. Прынамсі, што злачынцы заходзілі сюды. Гаспадар дома з драўлянымі львамі лічыўся нядобранадзейным. Пан ротмістр так і нагадаў яму. І што за дзіўная звычка піць гарбату з некалькіх кубкаў?

Тры кубкі з рэшткамі недапітай гарбаты, пакінутыя на маленькім століку пасярод пакоя, сапраўды глядзеліся недарэчы ў гэтым самотным доме.

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 70
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)