Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Агасфэр (Вечны Жыд) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Агасфэр (Вечны Жыд)

Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:

Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама. І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго! І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 101
Перейти на страницу:

— Вам, пэўна, рупіць даведацца, хто я такі буду насамрэч, — кажа й выскаляецца, не сьмеючыся напраўду. — Далібог, геру студыёзус, вам спакою ня будзе, пакуль не даведаецеся; учарашняга вечара вы гаварылі пра парадак, парадак на небе як і на зямлі, свой парадак пануе і ў вашых мазгах, на ўсё там свая шуфлядка, свой фах, але вы ў паняверцы — куды сунуць мяне.

Айцэн зноў уражаны, як дакладна той патрапляе арыентавацца ў ягоных думках, ды ня хоча прызнавацца й кажа, паляпваючы па ўзмыленай шыі каня, што на ўсё, бач, свой час, свая пара й калі Лёйхтэнтрагер ня хоча, хай спакойна пакіне сваю гісторыю пры сабе, бо й праўда ж, колькі той карысьці з слоў, калі ўсё адно кожны разумее іх пасвойму.

Рыхтык бо яно так і ёсьць, адказвае той, малады гер тут якраз пацэліў у самы акурат, і наогул нікому з нас ня дадзена ніякім лотам вымерыць чалавека ў ягоных глыбінях, таямніца застаецца заўсёды, бо мы ж ня ёсьць нешта сукупнасашчэпленае.

Юны Айцэн збоку пазірае на камарада — звычайны, будны твар з бародкай і чорнымі, падвостранымі ўгору брывамі й горбікам за левым плечуком, і на нейкае імгненьне яму падаецца, нібыта вакол яго моцнай постаці ўзьнікае яшчэ адна, сумесь туману й ценю, і як што тут набягае воблачка на наша мілае сонейка, яму робіцца крыху вусьцішна, і ён дае каню шпораў.

Не таму, каб хацеў перагнаць; ад лёткага каня камарада Лёйхтэнтрагера ўсё адно не адарвацца, гэта ён ведае, і таму кажа:

— Гоох! — і счакаўшы, пакуль той, выгодна патрухваючы, зноў акажацца побач, пытаецца ў яго, што ён такога меў на ўвазе, кажучы «не ёсьць нешта сукупнасашчэпленае»?

— Іх па два ў кожным з нас, — тлумачыць камарад.

Юны Айцэн хутка пераконваецца: плеціва, якое абвалакала таго, зьнікла, засталося, мабыць, толькі затлуменьне мазгоў, як і тыя начныя крокі. І кажа, што ў ягоных помыслах усё складваецца натуральна, як паводле боскага вучэньня:

— Але ж ну так, я і мая несьмяротная душа.

— Так, — кажа той і сьмяецца, і цяпер ужо ягоны сьмех чыстае пакепства, — можна разглядаць і гэтак.

На што ў Айцэна ўзьнікае страшэннае падазрэньне, куды горшае за ўсе папярэднія, якія ён меў што да незнаёмага, і, як бы цікуючы, ён пытаецца:

— А вы часам ці не каторы з тых анабаптыстаў і пярэхрыстаў, якія ганаравалі ў Мюнстэры д'ябла і ўсялякія страхоцьці сеялі? Як там у вас з хрышчэньнем?

— Як што ўжо вы аж такі цікаўны будзеце, геру студыёзус, — кажа камарад, — дык я мяркую, дзетак спакойна можна хрысьціць, пакуль яны не падрасьлі; хай гэта й не карысна, але некалькі кропель вады ў кожным разе не зашкодзяць, дый закон будзе вытрыманы найлепшым чынам, і палютэранску добра, і пакаталіцку нязгорш.

Айцэн акцэптуе гэта, хоць яно яму ўсё-такі не да смаку, каб у ім сядзеў яшчэ нехта другі ды вычвараў усялякія штукі, якія могуць зьвесьці яго з тропу на розныя ўзбочыны разам зь яго неўміручай душою.

Лёйхтэнтрагер пераводзіць каня на роўны крок.

— Я, — кажа ён, — сын акуліста Балтазара Лёйхтэнтрагера з Кіцынгена і ягонай сужэнкі Ганны-Марыі, якая хадзіла тоўстая мною на дзевятым месяцы, калі па выраку нашага добрага пана, маркграфа Казіміра, майму бацьку як і шасьцідзесяці гараджанам і сялянам з навакольных вёсак выкалалі вочы.

— Мабыць-такі ваш гер бацька трымаўся благое кампаніі, — паддобрываецца юны Айцэн.

— Якое там благое, ён быў сярод іх найгоршы, — кажа той. — Як паназьбіралася людзей аж чорна, ды многія ўжо ў латах, зь дзідамі і як не пабягуць да Кіцынгенскай ратушы — на ўпакорваньне, мяцеж ім, бачыш, усім толькі ўпоперак, тады ўстае мой бацька, і рэзка так кажа, так, каб народу дагаджала, каб мёдам па губах; гэтак ловяць мышэй; але скора пакоцяццы галовы.

— Час быў благі, — мудра заўважае Айцэн. — Слава богу, ён ужо мінуўся, дзякуючы пісаньням гера доктара Марцінуса Лютэра і борздым захадам начальстваў. — І сам у сябе моўчкі пытаецца, колькі ж бо бацькавага мяцежніцкага духу магло перайсьці ў Лёйхтэнтрагера-малодшага, які цяпер едзе побач.

Але той ціхамірна пакусвае лісьцінку, сарваную з дрэва. Пасьля выплёўвае й расказвае сваю гісторыю далей.

— Гэтак сама ж і матчын бацька быў асьлеплены па загадзе маркграфа, — кажа, — з той прычыны, што ён выкарыстаў чэрап сьвятой Хадэлогі, заснавальніцы нашага жаночага кляштара ў Кіцынгене, дастаўшы яго з магілы, для гульні ў кеглі, а як што бацька мой праз дзень пасьля выколваньня вачэй гаротна сканаў ад ранаў, мая маці са мною ў жываце пабегла прэч, і сталася так, што я, як маленькі Ісусік, нарадзіўся ў дарозе, у стайні, але не атулены ласкай цялятак і асьлянятак і не адораны трыма каралямі; больш за тое, маці мая была ў тым хляве адна, і я выпаў зь яе і таму з моманту нараджэньня быў ушкоджаны, зь якой гэтай самай прычыны я й кульгаю на адну нагу, а адно плячко ў мяне вышэй за другое, а й невялікі гарбок выперся.

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)