Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Агасфэр (Вечны Жыд) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Агасфэр (Вечны Жыд)

Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:

Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама. І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго! І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 101
Перейти на страницу:

Юнаму Айцэну робіцца несамавіта, ён бліжэй падсоўваецца да суседа, які, як ён цяпер сабе зазначае, валасаты па ўсім целе й нават на горбіку, і кажа яму нашаптам, сам ня ведаючы, чаму кажа:

— Як той Вечны Жыд, што мусіць цэлы час вандраваць.

— Як вы на яго выйшлі? — таропка шэпча той яму ў адказ. — На Вечнага Жыда?

— Гэта толькі так сказалася, — кажа Айцэн. — Так называюць чалавека, якому не сядзіцца на месцы. — І зноў чуе крокі, ня можа іх адцурацца й штурхае Лёйхтэнтрагера ў рэбры: — А што, калі мы нацягнем штаны й сходзім туды, можа, у хлопца яшчэ ёсьць віно й ён будзе рады за кампанію?..

Другі ціха засьмяяўся.

— Я ўжо быў. Прачыніў дзьверы й заглянуў, але там нікога, толькі ўсякі хлам, некалькі скрынак, развалены стол і крэслы, ну, ўсё такое, што бывае ў запусьцеласьці.

Айцэн маўчыць. Яму страшна, але ён не падае выгляду, ні сабе, ні тым болей Лёйхтэнтрагеру. Пасьля пытаецца:

— А крокі?

— Можа, нам проста мроіцца, — кажа другі й пазяхае.

Айцэну падаецца праблематычным, каб двум адразу мроілася тое самае, і ён трасе галавою.

— Вы ўсё яшчэ чуеце? — кажа Лёйхтэнтрагер.

Айцэн ківае.

— Вы ўпэўненыя, пане студыёзус? Бо я больш ня чую.

Айцэн доўга ўслухоўваецца ў ноч. То чуе нейкае глухое рэха, то ня чуе нічога. Ён мог бы пайсьці й сам паглядзець, як рабіў гэта той, але лепей мо такі застацца пад коўдрай, а заўтра таксама дзень будзе, і якое тут мае значэньне, што ён чуе нечыесь крокі ў сьне; Бог — ён вечны й Божы Сын таксама, але каб нейкі там жыд?..

І вось ужо ў пакоі ўсе сьпяць, з усіх бакоў чуецца сапеньне й пастогваньне й паперды, а неўзабаве ружавее й неба за вакном, але юны Айцэн ня бачыць гэтага, бо задрамаў і ён, гэтым разам бязь ніякіх відзежаў.

Калі пасьля прачынаецца, пакой ужо пусты, на ложках у поўным беспарадку сеньнікі. У галаве — як рой дзікіх пчол гудзе. Ах божа, божухны, думае ён і палохаецца, і тут жа правярае, ці на месцы мяшэчак: файненькая пацеха была б, каб хто здэматэрыялізаваў яго з-пад галавы, яму прыгадаліся спрытныя пальцы новага сябра. Але мяшэчак на сваім месцы, а побач цыдулка, на якой вугельчыкам напісана: «Чакаю Вас унізе, геру студыёзус. Камарад Л.»

Ну, вось ужо й камарадам зрабіўся, думае Айцэн, уступаючы ў калашыны; ён зашпіляецца, шнуруе чаравікі; што ён мог знайсьці ўва мне, можа, гэта праз цётчыну спадчыну, пра якую я, асёл, расказаў яму, а ён сьпекулюе з далёкім прыцэлам. Пасьля прыступкі ўніз і на двор, дзе ён аблягчаецца, палошча каля калодзежа рот і высморкваецца, і пасьля адразу ў гасьцёўню. Там таксама пуста, толькі слуга слупам стаіць, лена й абыякава, а каля вакна на ўслончыку сядзіць камарад, жуе кавалак хлеба, чэрпае супчык і кажа:

— Падсаджвайцеся, геру студыёзус, і пасьнедайце са мною, коней я ўжо дагледзеў, вашага і свайго.

Юнаму Айцэну робіцца не па сабе, быццам ён знайшоў скарб, чалавека, які пра ўсё паклапоціцца, да таго ж па добрай волі, ён толькі апасаецца: настане дзень, калі можа быць прад'яўлены рахунак; гэта ўводзіць яго ў разьвярэд. Абодва жуюць, Айцэн, праўда, чакаючы, што той нешта скажа пра начныя крокі ў пакоі, у якім нікога ня было, альбо, што сталася з куксатым і куды ён падзеўся, бо, як здавалася, яны былі паміж сабою знаёмыя, а чалавек жа ня так хутка перасядае з аднаго сябра на другога; але той зноў ані слова пра здарэньне, прыяцель больш захапляецца канём, на якім Айцэн прыехаў з Аўгсбурга ў Лейпцыг, вузкім крупам і магутным складам цела, аж маладому чалавеку закрадаецца падазрэньне, ці не паклаў хлопец вока на яго каня, і рашае нарэшце ня спускаць зь яго вачэй. Але пасьля, заплаціўшы гаспадару «Лебедзяў» і пайшоўшы ў стайню, ён бачыць, што тагоны конь куды спраўнейшы за ягонага, ня конь, а чысты сатана, ноздры так і храпаюць, вочы гараць, на месцы не стаіць, так і танцуе, так і выгельцвае, і прыяцель, мабыць, павагаецца, перш чым сесьці на яго, нябось пабаіцца, каб ня скінуў; але той, нягледзячы на сваё калецтва, лёгкім скокам узьлятае ў сядло й сядзіць як сапраўдны верхавец; пасьля высмальвае праз браму на вуліцу й за паварот, аж іскры з-пад капытоў, людзі шарахаюцца наўроссып, і юны Айцэн, хоч-няхоч, пасьпявай за ім; і толькі калі ўжо ад'ехаліся на біты гасьцінец, на Вітэнбэрг, пакінуўшы за сабою расплывістыя абрысы Лейпцыга, ён наганяе камарада, які цяпер лёгенька патрухвае наперад.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)