Паляўнічыя акварэлькі з Палесся
- Автор: Лучына Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0657-8
- Переводчик: Генадзь Тумаш
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся». Краткое содержание книги:
Паэт адлюстраваў жыццё і прыгоды людзей Палесся XIX стагоддзя, стварыў у паэме каларытны вобраз беларуса, старога лесніка Грышкі.
Перейти на страницу:
* * *
Лаўцы ўжо разышліся, толькі ні на крок
Не адыходзіў я ад Грышкі. Вось здалёк,
Здалося раптам нам, адказ на ваб Рыгораў
Данёсся. Голас быў слабы, няпэўны з бору.
«Пан чуў?.. надходзіць лось… ай, латва! добра, ай!..
Да нас, напэўна, йдзе… Паніч тут ляжа хай!..
Маўчаць, як рыбіна ў вадзе, каб не нашкодзіць!..
Трэ вычакаць!.. Куркі, панічу, на адводзе!..» —
Шаптаў мне Грышка, стрэльбу сціснуўшы рукой,
Сагнуўся і прыпаў да хвоечкі малой.
Я лёг, раса студзіла ўранку праз адзенне,
Ды не зважаў, глядзеў на зараснік з надзеяй,
Туды, скуль, думалася, выскачыць рагач…
Завабіў Грышка… Слых і зрок свой як мага
Напружваў, ды дарма… Рыгор штурхнуў, я трохі
Паварачаю голаў, кінулася ў скроні
Раптоўна кроў, як справа праз лясны гушчар
Ішоў вялікі лось, я ўбачыў рагача…
Той дзіўны стан не паддаецца апісанню,
Як трапіць гэткае стральцу на паляванні.
Дрыжэў, нібы ў гарачцы, — прыбліжаўся звер.
Як трапным стрэлам прывітаць яго цяпер?
Змагаўся я з сабой… Рука мая трымцела,
Нарэшце нейкі момант вытрымаў на цэлі…
Пальнуў…
Лось — дыба, павярнуўся, потым скок…
Раздаўся стрэл другі… Памкнуў быў лось убок,
Хіснуўся… на калені ўпаў неспадзявана.
«Як ад гарачкі гэтай адвучыць мне пана?
За крокі тры ад нас лось быў бы акурат,
Пан не падпусціць!.. звык смаліць за пяцьдзесят!..
Скажу, пан трапіў, праўда, і пры першым стрэле». —
«Буркун! Ляжыць жа лось!.. лепш пахваліў бы!» —
«Вельмі
Хвалю!.. Пан добры паляўнічы! Толькі вось
Дрыжэў увесь, нібы кісель аўсяны, штось,
Апамятаўся ўрэшце неяк, дзякуй Богу,
Не схібіў пан у цэль, што выглядала стогам!» —
«Саромеўся б казаць, стары! сваё ўсё гнеш!..
Шанцуе гэтак, як сягоння, рэдка мне». —
«То праўда, даражэнькі!.. Хоць бурчу з нагоды,
Цябе, як роднае дзіця, люблю заўсёды».
Перейти на страницу: