Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Краткое содержание книги:

Героі шукаюць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаюць разам з чорным магам і егіпецкай прынцэсай у адной карэце, і нават апынуцца на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Яны будуць высвятляць каму павінна належыць карона святога Альфрэда. Падзеі ў кнізе адбываюцца ў першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, у век плашча і шаблі.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 23
Перейти на страницу:

Лёднік прабіўся праз натоўп з такім фанабэрыстым ды злосным выглядам, што да яго баяліся чапляцца і з крытыкай, і з ухвалай.

— З’еду ў Вену! — скрозь зубы заявіў жонцы. — Там не трэба хавацца ў сутарэнні, каб нармальна вывучаць анатомію! Невукі!

— Супакойся, Варфаламей, — прамовіў граф Разанцаў, які ішоў услед за сябрам. — Сам жа казаў — новае заўсёды сустракаюць падазрона. Успомні, у Лейпцыгу аднаго нашага прафесара ўвогуле ў турму пасадзілі пасля падобнага ж дакладу. Як казаў Сенека, aequo animo audienda sunt imperitorium convincia[4].

Ага, скеміў Пранціш, значыць — яшчэ адзін Лёднікаў аднакурснік, скароны ягоным геніем. Відаць, Лёднік быў такім яркім персанажам ва ўніверсітэце, што яго ведалі ўсе. Міхайла Разанцаў паклаў руку на плячо доктара.

— Колькі разоў гаварыў, Варфаламей — ты павінен ехаць у Санкт-Пецярбург! Цябе прымуць у Расійскую акадэмію, я табе забяспечу практыку ў палацах — магчыма, і да самой царыцы дойдзем. Яе імператарская вялікасць мае вялікую схільнасць да навукі… Часопісы выпісвае з Еўропы… Што ты забыўся ў езуітаў? Прыдзе час, павер, ён не за гарамі — усё тут пераменіцца, і ў краіне, і ў адукацыі, акадэмія зробіцца цалкам свецкай, будзе і медычны факультэт… А можа, і асобны медычны ўніверсітэт. Тады і вернешся, калі захочаш.

— Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, — прабурчэў Лёднік. — Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…

Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.

— Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, — дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. — Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома — лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…

Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.

Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.

— Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей — ты адзінаверац.

Лёднік неахвотна адбіваўся:

— Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, «дабы не оскверниться». Дый увогуле лекар сёння — фігура несамавітая.

— Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці — ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, — весела гаварыў Разанцаў. — Смех — адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз — пазнаёміць з дзеўкай. Немец — замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец — уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.

Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.

— Ну і які рэцэпт выкарысталі?

Разанцаў махнуў рукой.

— Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі — галавой ківаючы.

Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс «Vulnerant omnes, ultima necat» — «Усе гадзіны раняць, апошняя забівае». Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.

вернуться

4

Належыць абыякава выслухоўваць папрокі невукаў (лац).

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)