Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маска чырвонае смерці
Маска чырвонае смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маска чырвонае смерці

Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:

У зборнік Эдгара По Маска Чырвонае Смерці ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні (арабескі), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць бацьку дэтэктыву зусім з іншага, іранічнага, боку. У кнігу таксама ўвайшлі вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – Паэтычны прынцып і Філасофія кампазіцыі. Абсалютная большасць змешчаных у зборніку перакладаў друкуецца ўпершыню.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 36
Перейти на страницу:

Няма неабходнасці падрабязна апісваць гэтыя даследаванні, якія, пачаўшыся са згаданых мной трактатаў, сталі адзінай нашай — маёй і Марэлы — тэмай для размовы. Хто вывучаў тое, што можна назваць тэалагічнай этыкай, лёгка ўявіць іх сабе, хто не вывучаў — наўрад ці іх зразумее. Неўтаймаваны пантэізм Фіхтэ, Παλιγγενεσία [3] піфагарэйцаў і асабліва вучэнне Шэлінга пра тоеснасць* былі найбольш прывабнымі тэмамі для багатага ўяўлення Марэлы. Тоеснасць, якая называецца асабістай, містэр Лок* слушна, на мой погляд, вызначае як нармальнасць разумнае істоты. I калі пад асобай мы разумеем істоту, якая мысліць, і калі свядомасць заўсёды ідзе з мысленнем поруч, гэта і ёсць тым, што робіць нас «самімі сабой», тым, што аддзяляе нас ад іншых існаванняў, якія таксама мысляць, і надае нам асабістую тоеснасць. Але principium individuationis [4], ідэя гэтае тоеснасці, якая пасля смерці страчваецца ці захоўваецца навечна, заўжды выклікаў ува мне нястрымную цікавасць, хутчэй нават не праз свае дзіўныя наступствы, а праз усхваляванасць, з якою Марэла згадвала пра гэта.

Але прыйшоў час, калі таямніца мае жонкі пачала прыгнятаць мяне, бы ліхі заклён. Я не мог больш трываць дотыкаў яе бледных пальцаў, ціхае музычнасці яе мовы, бляску яе сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю неразумнасць і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла яе шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным ілбе. I тады мяне ўсяго на момант ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў яе шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань.

Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нервы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё.

Але адным восеньскім вечарам, калі вятры сціхлі ў нябёсах, Марэла паклікала мяне да свайго ложка. Над усёй зямлёй была слабая смуга, і гэткая ж над вадою, і вясёлка ўпала з небасхілу ў лісце кастрычніцкага лесу.

— Гэта дзень між дзён, — сказала яна, калі я наблізіўся, — дзень між дзён, калі прыходзіць жыццё альбо смерць. Гэта дзень сыноў зямлі і жыцця — і таксама дзень дачок нябёсаў і смерці!

Я пацалаваў яе лоб, і яна працягвала:

— Я паміраю, але ўсё ж буду жыць.

— Марэла!

— Не было дня, калі ты любіў мяне, — але калі ты жахаешся жывой, то памерлай будзеш захапляцца.

— Марэла!

— Кажу яшчэ раз, я паміраю. Але ўва мне спее плод тае прыязнасці — такой малой! — якую ты адчуваў да мяне, Марэлы. I калі адыдзе мая душа, дзіця будзе жыць — тваё дзіця і маё, дзіця Марэлы. Але твае дні будуць днямі смутку — смутку, які доўжыцца даўжэй за ўсе пачуцці, як кіпарыс жыве даўжэй за ўсе дрэвы. Гадзіны твайго шчасця злічаныя, а радасць не прыходзіць у жыццё двойчы, як ружы Пестума* квітнеюць двойчы на год. Ты больш не будзеш, як тэосец*, радавацца гадам, што мінаюць, але, забыўшыся на мірт і віно, будзеш несці свой саван па жыцці, як мусульмане ў Мецы.

— Марэла! — усклікнуў я. — Марэла! Адкуль табе ведаць гэта? — але яна адвярнулася ў падушку, і лёгкая дрыготка прабегла па яе целе. Так яна памерла, і больш не чуў я яе голасу.

Як яна і прадбачыла, яе дзіця, якому яна дала жыццё сваёй смерцю, дзіця, якое пачало дыхаць, калі яна дыхаць перастала, — яе дачка жыла. I яна дзіўна развівалася целам і розумам і была цудоўным падабенствам той, што пакінула гэты свет. I я любіў яе любоўю больш палкай, чым тая, якую можна адчуць да любога чалавека на зямлі.

вернуться

3

Перасяленне душы* (грэцк.).

вернуться

4

Індывідуальны пачатак (лац.).

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)