Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маска чырвонае смерці
Маска чырвонае смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маска чырвонае смерці

Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:

У зборнік Эдгара По Маска Чырвонае Смерці ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні (арабескі), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць бацьку дэтэктыву зусім з іншага, іранічнага, боку. У кнігу таксама ўвайшлі вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – Паэтычны прынцып і Філасофія кампазіцыі. Абсалютная большасць змешчаных у зборніку перакладаў друкуецца ўпершыню.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 36
Перейти на страницу:

Калі ў першых дзвюх частках сімвалы-гукі ствараюцца з дапамогаю асанансаў вузкага (і) і адкрытых (о, а) галосных гукаў, то ў трэцяй і чацвертай частках прадчуванне і надыход катастрофы перадае алітэрацыя санорных зычных (г).

Эмблемай і квінтэсенцыяй паэзіі По ёсць легендарны верш «Крумкач». Загадкавы вобраз чорнай птушкі, што сядзіць на белым мармуровым бюсце Палады, не падлягае вычарпальнаму вытлумачэнню, нягледзячы на велізарную колькасць каментароў і перш за ўсё — падрабязнае тлумачэнне задумы і яе ўвасаблення самім аўтарам. У 1846 годзе ў працы «Філасофія кампазіцыі» ён піша, што «ў стварэнні гэтага твора не ўдзельнічалі ні выпадковасць, ні інтуіцыя, што праца крок за крокам рухалася да завяршэння з усёй дакладнасцю і жорсткай паслядоўнасцю — як рашэнне матэматычнай задачы».

У вершы «Крумкач» узнікае трагічнае напружанне ад сутыкнення розуму героя, які асэнсоўвае немагчымасць сустрэчы з каханаю па той бок зямнога быцця, і душою, што прагне гэтай сустрэчы. Тэма неадольнай мяжы паміж жыццём і смерцю, часам і вечнасцю, надзеяй і сумневам, верай і адчайным скепсісам выказаная ў двайным дыялогу — унутраным (героя і ягонай свядомасці) і вонкавым (героя і птушкі). Выгрымка, якую дае цвярозы розум, і іранічнае стаўленне да «дурной» птушкі, што паўтарае адно і тое ж слова, змяняюцца пачуццём трывогі, адчаю, бязмежным болем безнадзейнасці. «Я вырашыў унесці варыяцыі і такім чынам значна пашырыць уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў». Нарастанне трывогі адбываецца дзякуючы на першы погляд выпадковаму, а насамрэч заканамернаму перасячэнню логікі ўнутранага маналога героя, які тужыць па прыўкраснай Лінор, з асэнсаваным адказам крумкача. У выніку слова nevermore набывае супрацьлеглы сэнс і пачынае абазначаць пакуту няпэўнага існавання на мяжы надзеі й безнадзейнасці.

Самабытнасць і супярэчлівасць несмяротных твораў Эдгара По шмат у чым абумовіў дзіўны сплаў амерыканскай і еўрапейскай культураў у перыяд фармавання нацыянальнай літаратуры ЗША. З імем Э. По звязанае станаўленне амерыканскага рамантызму, які адлюстраваў працэс набыцця нацыянальнай самасвядомасці (рух натывізму) пасля перамогі ў вайне за незалежнасць ад Брытаніі. У спалучэнні жанравых формаў еўрапейскага рамантызму і культурна-гістарычных рэаліяў амерыканскага жыцця нараджаўся новы мацярык на мапе сусветнай літаратуры: «галандскія» навелы Вашынгтона Ірвінга, гістарычныя раманы Фенімора Купера, псіхалагічная проза Натаніэла Готарна, «марскі» раман Генры Мэлвіла.

Аднак менавіта з По пачалася сусветная слава амерыканскай літаратуры, якая не толькі пераадолела стадыю вучнёўства і зраўнялася з літаратурай еўрапейскай, але і змагла яе апярэдзіць. Эдгар По сваімі мастацкімі здзяйсненнямі ў паэзіі і навелістыцы здолеў выйсці за межы актуальных задачаў нацыянальнай літаратуры і пракласці дарогу новым кірункам і жанравым формам у развіцці еўрапейскай і сусветнай літаратуры.

Нарынэ Шахназаран

Апавяданні

Марэла

Aὐτὸ καθ᾽ αὑτὸ μεθ᾽ αὑτὸῦ μονοειδὲς ἀει ὄν.

Сабой, толькі сабой, у сваім вечным адзінстве.

Платон. «Бяседа»

З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце — у марах, шчасце — у здагадках.

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, — моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем — ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна — магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі — давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні — ці я забываюся? — ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, — ці я памыляюся? — не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым — потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне, — Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гіном стаў Геенай*.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)