Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 68
Перейти на страницу:

Кірыл падняў «галёш» на пяць мэтраў і даў малы наперад, а я непрыкметна павярнуў галаву і тры разы ціхенька дзьмухнуў празь левае плячо. Гляджу — лейтэнант у дзьвярах прахадной тырчыць і гонар нам, дурань, аддае. Тэндэр хацеў быў яму ручкай зрабіць, але я яму так у бок сунуў, што ў яго адразу ўсе разьвітаньні з галавы вылецелі. Я табе пакажу разьвітвацца, пыса твая таўстазадая. Паплылі.

Справа ад нас быў інстытут, зьлева — Чумны квартал, а мы йшлі ад тычкі да тычкі па самай сярэдзіне вуліцы. Вох і даўно жа па гэтай вуліцы ніхто не хадзіў і ня езьдзіў. Асфальт увесь патрэскаўся, расколіны травой прарасьлі, але гэта яшчэ нашая была трава, чалавечая.

А вось на тратуары па левую руку ўжо расла чорная калючка, і па тым, як яна расла, было відаць, як выразна Зона сябе пазначае: зарасьнiкі чорнае калючкі ля самога бруку быццам касой зрэзала. Не, прышэльцы гэтыя ўсё-ткі прыстойныя хлопцы былі. Напаскудзілі, вядома, але самі ж свайму дзярму выразную мяжу абазначылі. Бо нават «пякучы пух», хоць яго ветрам як папала матае, на наш бок з Зоны ні-ні. Будынкі ў Чумным квартале аблупленыя, мёртвыя, але шыбы ў вокнах амаль усюды цэлыя, брудныя толькі, і таму быццам бы сьляпыя. А вось уночы, калі прапаўзаеш, вельмі добра відаць, як унутры сьвеціцца, нібы сьпірт гарыць, язычкамі такімі блакітнаватымі. Гэта «ведзьмін халадзец» з падвалаў дыхае.

Дык вось, на квартал паглядзіш — квартал як квартал, дамы як дамы, рамонту, вядома, патрабуюць, а ўвогуле, нічога асаблівага няма, людзей толькі не відаць. А вось у гэтым доме цаґляным, між іншым, наш настаўнік арытмэтыкі жыў, па мянушцы Коска. Дурань быў і няўдачнік, трэцяя жонка ў яго сышла перад самым Наведваньнем, а ў дачкі бяльмо на воку было, мы яе, памятаю, да сьлёз задражнівалі. Калі паніка пачалася, ён з усімі іншымі з гэтага кварталу ў адной бялiзьне да самага моста бег, усе шэсьць кілямэтраў безь перадышкі. Потым доўга на чумку хварэў, уся скура зь яго зьлезла. Ды хто ў гэтым квартале жыў — амаль усе перахварэлі, таму й квартал Чумным называецца. Некаторыя памерлі, але ў большасьці старыя, ды й тое ня ўсе. Я, напрыклад, думаю, што яны не ад чумкі памерлі, а ад страху. Дзіўная справа — хто ў гэтым квартале жыў, на чумку хварэў, а вось у наступных трох кварталах людзі сьлеплі; так кварталы зараз і называюцца — Першы Сьляпы, Другі Сьляпы… Не да канца сьлеплі, а так, нешта накшталт курынай сьлепаты. Распавядаюць, між іншым, што асьлеплі яны быццам бы не ад успышкі якой-небудзь там, хоць успышкі, кажуць, былі, а ад моцнага грому. Загрымела, кажуць, з такой сілай, што адразу асьлеплі. Дактары ім: ды ня можа гэтага быць, маўляў, згадайце добранька — не, стаяць на сваім: наймацнейшы грукат, ад якога яны і асьлеплі. І пры гэтым ніхто, акрамя іх, грому ня чуў…

Так, быццам тут нічога і ня здарылася. Вунь кіёск стаіць шкляны, цалюткі. Дзіцячая каляска ў варотах, нават бялізна ў ёй быццам чыстая. Вось антэны толькі падвялі: абрасьлі нейкімі валасамі накшталт мачала. Навукоўцы нашыя на гэтыя антэны ўсё зубы точаць — цікава, ці бачыце, ім паглядзець, што гэта за мачала, нідзе такога больш няма, толькі ў Чумным квартале і толькі на антэнах. У мінулым годзе здагадаліся: зь верталёта якар спусьцілі на сталёвым тросе, зачапілі адну. Толькі ён пацягнуў — раптам «пш-ш-ш!» — глядзім: ад антэны дым, ад якара дым, і трос ужо дыміцца, ды ня проста дыміцца, а з жудасным такім шыпеньнем, нібы як грымучая зьмяя. Ну, пілёт, дарма што лейтэнант, хутка зразумеў, што да чаго. Трос выкінуў, а сам дзёру даў. Вунь ён, гэты трос, вісіць, да зямлі амаль зьвісае і сам цяпер мачалам аброс…

Так паволі-спакваля даплылі мы да канца вуліцы, да павароту. Кірыл паглядзеў на мяне: зварочваць? Я яму махнуў: «наймалейшы». Павярнуў наш «галёш» і пайшоў наймалейшым над апошнімі крокамі чалавечай зямлі. Тратуар бліжэй, бліжэй, вось ужо і цень «галёша» на калючкі наехаў… Усё. Зона. І адразу такія дрыжыкі па скуры. Кожнага разу ў мяне гэтыя дрыжыкі, і я ня ведаю да гэтага часу, ці то гэта Зона так сустракае, ці то нэрвы ў сталкера не ў парадку. Кожнага разу думаю: вярнуся і спытаю, у іншых тое ж самае ці не? — І кожнага разу забываю. Ну, добра, паўзем паволі над былымі агародамі, рухавік пад нагамі гудзе роўна, спакойна, яму ж нічога, яго не зачэпіць. І тут мой Тэндэр ня вытрымаў. Не пасьпелі мы яшчэ да першай тычкі дайсьці, як пачаў ён балбатаць. Ну, як звычайна навакі балбочуць у Зоне: зубы ў яго стукаюць, сэрца заходзіцца, сябе дрэнна памятае, і сорамна яму, і ўтрымацца ня можа. Я думаю, гэта накшталт паносу, ад чалавека не залежыць, а лье сабе і лье. І чаго толькі яны не балбочуць! То пачне краявідам захапляцца, то свае меркаваньні з нагоды Наведваньня стане выказваць, а то й наогул нешта, што справы не датычыцца — вось як Тэндэр зараз пра новы свой касьцюм завёў і спыніцца ня можа: колькі ён заплаціў за яго, ды якая шэрсьць тонкая, ды як яму кравец ґузікі мяняў…

1 ... 3 4 5 6 7 8 9 10 11 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)