Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
А. А.: Насенне?
В. Б.: Так, насенне. Для веснавой сяўбы на калгасных палетках.
А. А.: І жыві…
В. Б.: І кармі дзяцей. Во маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося. Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсіі…
А. А.: Так, з гэтага і пачалося…. Вось ты гаварыў пра калектывізацыю, а пра раскулачванне? За што аднаго раскулачылі, бо ў яго было дзве цялушкі?
В. Б.: Ва ўсіх было па адной карове, а ў таго яшчэ і цялушка гадавалася. Значыць, ён і падпадаў пад раскулачванне. Далей. Яшчэ адна сям’я была раскулачана за тое, што ўлетку пляменніца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сіла. І трэцяя сям’я… Ведаеш, ужо забыўся, за што. Зараз успомню…
А. А.: А ў цябе ў «Знаку бяды» адтуль сітуацыя?
В. Б.: Так, амаль тая ж. Трошкі папраўленая. Яшчэ быў адзін чалавек, які не хацеў ісці ў калгас. Дык яго, як сабатажніка…
А. А.: Вывезлі з сям’ёй? Так?
В. Б.: Так. Гэткіх вывозілі сем’ямі. Памятаю хлопца, з якім вучыўся. Раскулачванне было ўвосень, хаця не памятаю ці да арганізацыі калгаса, ці пасля… І вось ён не пайшоў у школу, і я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць скарб на фурманкі, а мой сябра хваліцца: мы цягніком паедзем, ага! І мне стала зайздросна…
А. А.: Зайздросна?
В. Б.: Ну. Бо чаму майго бацьку не раскулачылі, і я б таксама цягніком паехаў. А так цягніка і не бачыў… Ну дык вось, арганізавалі калгас, прыйшла вясна, даелі бульбачку, што засталася ад абагульнення. Есці не стала чаго. Елі мякіну з травой, крапіву. І так доўжылася шмат гадоў.
А. А.: Многа гадоў?
В. Б.: Так, усе гады, бо з калгасаў жа нічога не давалі.
А. А.: У вас і да вайны нічога не атрымлівалі?
В. Б.: Нічога.
А. А.: А ў нас дык нешта яшчэ давалі.
В. Б.: У нас амаль нічога, Ураджаі кожны год дрэнныя, усё, што вырасце, ішло на дзяржхлебаздачу ды насенне. Памятаю такія моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае размеркаванне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і усё, што мы зарабілі за год.
А. А.: Разам з маці?
В. Б.: Так, разам з маці. Ды яшчэ мае летнія працадні. Паўторбы азаддзя, як у нас казалі. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас — і пастаўкі…
А. А.: З прысядзібнага ўчастка?
В. Б.: З агарода. Мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць.
Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць? Не кажучы ўжо, каб нешта купіць. Хоць бы штаны хлопцам хадзіць у школу. Пры аднаасобніцтве выручаў лён, які сеялі, апрацоўвалі і апраналіся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалі падатак.
А. А.: Сеяў, не сеяў — здавай.
В. Б.: Так, спаганялі страшэнна. Памятаю (але гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары развівае конскія путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкія актывісты, робяць вобыскі, каб знайсці, калі хто схаваў якую-небудзь кудзелю.
А. А.: Якую кудзелю?
В. Б.: Ну, апрацаваны лён. Памятаю, у вёсцы ва ўсіх рабілі суцэльны вобыск, прыйшлі і да нас. А ў нас была істопка старая, з прадранай столлю, трохі затуленай саломай. Шукалі, шукалі, нічога не знайшлі і ў мяне пытаюцца: мальчык, где отец прячет лён? А я кажу: на істопцы. Ну, гэтыя: Іваноў, давай туда! А я… ну, чаму я гэтак сказаў?
А. А.: Не ведаеш нават, чаму?
В. Б.: Мабыць, з непрыязні. У мяне папыталіся, ну, я і сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзіру ў столі. І праўда, гэты Іваноў такі ўваліўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасля бацька лаяў мяне: ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другім месцы схаваны, век не знойдуць… Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць і збожжа.