Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
В. Б.: Мала краналі. Трохі пазней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў, і я зразумеў, чаму, калі пасля вайны ўжо прачытаў у Буніна, што Лермантаў, а зусім не Пушкін — першы паэт Расеі.
А. А.: Значыць, і сам не пісаў вершаў?
В. Б.: Можна сказаць, не пісаў. Хаця было некалькі спробаў, але яны не запомніліся. Некалькі год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў ціхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пісаў дыктоўкі і сачыненні. Тады мы стварылі пэўную кааперацыю і памагалі адзін аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. З цягам часу я зусім знахабнічаў і на ўроках матэматыкі чытаў пад партаю кніжкі. Так доўжылася аж пакуль дырэктар Слімборскі, ён жа выкладчык матэматыкі, мяне не злавіў і не паставіў двойку. Мусіў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатніх прадметах меў адны пяцёркі.
Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленне — маляванне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяга ці чацвёртага класа — як звычайна, алоўкам ці акварэльнымі фарбамі для насценнай газеты, розныя школьныя дапаможнікі — карты, схемы…Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы жыў селянін Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсіх. Але ў часы Грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага двараніна недзе ў Сібіры, казалі, нават у губернатара. Дык ён прывёз на радзіму некалькі карцін алеем, маленькіх такіх эцюдзікаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопісаў «Нивы», «Огонька» за некалькі год. А «Огонька» нават з пачатку стагоддзя аж да 1916 года. Там было шмат рэпрадукцый — чорна-белых і каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплёты-падшыўкі, чытаў, разглядаў малюнкі тагачасных мастакоў. Ну, і, канешне, сам маляваў. Пасылаў некуды на конкурс свае малюнкі, перапісваўся, здаецца, з Менскім ці Віцебскім домам піянераў. Там былі метадычныя кабінеты, адкуль мне прысылалі заданні…
А. А.: Табе было 13 ці 14 гадоў?
В. Б.: Недзе, відаць, пачынаючы з пятага класа. Ну вось, гэта так прадаўжалася, я скончыў сёмы і восьмы клас, пачаў вучыцца ў дзявятым. Летняй парой — праца ў калгасе. Адно лета пасвіў коней, другое — пільнаваў калгасны сад. Там ужо пачытаў кніжак уволю, быў час, ды мала было кніжок. Памятаю, змушаны быў чытаць Салтыкова-Шчадрына, які мне зусім не падабаўся. Мусіць, рана я за яго ўзяўся. Зрэшты, кніжкі таксама маюць сваю пару, кожную трэба чытаць у пэўным узросце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнігі, з якіх у дзіцячым узросце ўзяў далёка не ўсё, што трэба было ўзяць. Але, можа, і памыляюся. Можа, менавіта ў раннім узросце яны і маглі закрануць штосьці ў душы, а пасля ўжо было позна. Пасля кранала-камячыла жыццё, а не літаратура.
На нейкім часе ў школе паявіўся новы піянерважаты, малады хлопец Віктар Кандрацкі, які ажаніўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён не шмат і раптам знік, аказваецца, паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднойчы ўлетку мы сустрэліся ў Кублічах, і ён мне расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкія малюнкі. Сказаў, што даюць інтэрнат і нават плоцяць стыпендыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны ім, я пайшоў да дырэктара па свой класны табель. Дырэктар спярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнікам у школе. Але мусіў аддаць табель.
А. А.: З якога класа?
В. Б.: З дзявятага. Паслаў табель у Віцебск.
А. А.: Гэта які год ужо быў?
В. Б.: Трыццаць дзявяты.
А. А.: Трыццаць дзявяты. Пачакай, пакуль ісці далей… Твой тэзіс не спраўджваецца, што ты не любіш успамінаць дзяцінства, бо яно было цяжкое.
В. Б.: Не спраўджваецца. Ну, ведаеш… Мабыць, во такая ўласцівасць чалавечай памяці. Найперш разумовай, калі праз час шмат што з мінулага здаецца прыгожым ці нават забаўным. Але яшчэ ёсць памяць эмацыянальная, дзе даўжэй захоўваюцца даўнія боль і скруха. Паспрабуем патрывожыць яе.
А. А.: А што ты маеш на ўвазе?
В. Б.: Дагэтуль, распавядаючы, я ішоў, так бы мовіць, па дзіцячай лініі. Але ж паралельна ішло дарослае жыццё, якое не магло не кранаць і маё, падлеткавае адчуванне. Вось, памятаю, ці не ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краіне ішла калектывізацыя, па сутнасці гвалтоўная ліквідацыя сялянства як класа. У сялянскай краіне ліквідоўваўся сялянскі клас — той самы генацыд хіба паводле класавай прыналежнасці. Сялян агітавалі, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурні», не верылі і тым стваралі канфлікт з дзяржавай. Але тое ў сферы палітыкі, а як было ў жыцці? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы ішоў сход — некалькі дзён запар сялянаў усё ўламвалі ўступаць у калгас. Тыя ўпіраліся, думалі нешта залежыць ад іхняе волі. Ды марна. Неяк я прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача маці. Я ўжо казаў, што ў дзяцінстве я дужа адчуваў мамін настрой і звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я ніколі не бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач, у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: чаго яна? А бацька кажа: не чапай яе — арганізаваўся калгас. Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што прыехала брыгада на золаку і выграбла ўсё з кублаў, з мяхоў і засекаў.