Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Кублічы да вайны былі сельсавецкім цэнтрам, а Вушача раённым. У маім тагачасным уяўленні то была ўжо горадам, далёкім і нават зманлівым — з клубам, сталоўкамі і нават кнігарняй. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані» — у бурцы, з апушчанай бліскучай шабляй. Захаплялі натуральна выпісанае неба (тады яшчэ гэтак умелі) з прыгожымі аблокамі, і я, часам бываючы ў Вушачы, заўсёды заходзіў у кнігарню палюбавацца на Чапаева.
Але Кублічы… Як я ўжо сказаў, тут была новая, драўляная школа са светлымі класамі, фізкультурнай пляцоўкай побач.
І канешне, з новымі настаўнікамі. Рускую мову і літаратуру выкладала Клаўдзя Якаўлеўна Пашута, маладзенькая дзяўчына, толькі што з Полацкага педтэхнікума. Мы любілі яе проста за маладосць, хоць і настаўніца яна была неблагая. І ўсё ж беларускім дзецям руская мова давалася няпроста, асабліва дыктанты, усялякія сачыненні. Я ж пад той час дужа захапляўся кніжкамі, абы-якімі — рускімі ці беларускімі, — таму і руская мова ў мяне ішла без асаблівых праблемаў.
А. А.: Што чытаў?
В. Б.: Зараз скажу. Але спярша пра настаўнікаў. Беларускую мову выкладаў Андрэй Дзям’янавіч Курчанка, гэта быў змрачнаваты чалавек, даволі строгі настаўнік. Трэба сказаць, выдатна ведаў сваю справу, і, паколькі быў строгі, усе мусілі сур’ёзна вучыць беларускую мову. Ну, а мне яна давалася проста, можа, таксама дзякуючы таму, што і я пабойваўся Андрэя Дзям’янавіча. Хаця ён выклікаў мяне рэдка і ніколі не даваў адказаць да канца. Толькі я пачынаў, як ён казаў: сядай! І ставіў пяць. Ці — «выдатна», я ўжо і забыўся, якія адзнакі тады былі. Сістэма ж адукацыі перманентна рэфармуецца.
А. А.: Мянялі некалькі разоў. Па-рознаму было.
В. Б.: Як бы там ні было, беларускую граматыку я надоўга засвоіў (ведама ж, наркамаўку) і, можа, толькі цяпер пачынаю забываць. А яшчэ быў настаўнік Красінцаў, які выкладаў фізіку, гісторык і географ Жырноў. Гэта таксама былі слаўныя настаўнікі, светлая ім памяць. Дык вось у тыя гады я ўжо захапіўся чытаннем. Але дзе браць кнігі? Канешне, найперш у школьнай бібліятэцы, якая была не дужа багатая, ды ўсё ж класіка ў ёй знаходзілася, і беларуская, і руская, і што-нішто з сусветнай. Найперш прыгодніцкая літаратура — ад Жуля Верна да нашага Янкі Маўра, кнігі якога я вельмі любіў. Дужа папулярную на той час «Як гартавалася сталь» чыталі па чарзе ўсёй школай. Аднойчы я захварэў і доўга не хадзіў у школу, затое чытаў. Перачытаў усё, што было ў Слабодскай школе, а гэта пераважна руская класіка. Тады я адолеў «Вайну і мір», тры тамы «Ціхага Дону», шмат што з Ганчарова, Тургенева, а таксама Зарэцкага, Гартнага, Галавача. Доўга нідзе не мог дастаць коласаўскую «Дрыгву», пра якую дазнаўся са школьнай граматыкі. Дык падпільнаваў, як яна паявілася ў нарыхтоўчай краме ў Селішчах. Але ж дзе было ўзяць грошы? Звычайна летняй парой дзеці дралі лыка лазы, крушыны, усё тое сушылася на сонцы, і здавалі ў нарыхтоўчыя канторы. Чарговы раз занёсшы ладны бярэмак лазы у Гушчынскую Слабодку, я займеў магчымасць купіць «Дрыгву». Як усё тое было прачытана, ішло паляванне на кніжкі па сябрах і знаёмых. Скажам, дачуўся, што ў кагосьці ёсць якія незнаёмыя кніжкі, я прасіў даць пачытаць. На два дні, на адну ноч. Памятаю, з намі ў школе вучыўся Казлоўскі, здаецца, з вёскі Чамярычына. Ягоны бацька ці дзед былі настаўнікамі яшчэ за царскім часам, і пасля іх застаўся сундук з кніжкамі. Во гэта быў скарб! Казлоўскі прыносіў мне кніжкі ў школу, я да яго бегаў па кніжкі і ўлетку. Чытаў пераважна выданні ХІХ стагоддзя — МамінаСібірака, Караленку, Станюковіча, Памялоўскага, некалькі раманаў Шэлер-Міхайлава ды іншых. У яго ж неяк знайшоў рэдкую па тым часе кнігу Жуля Верна «Из пушки на Луну», якая мне дужа спадабалася. Дазнаўшыся, што на беларускай мове яе няма, я сам пераклаў яе з расейскай, паслаў у Менск у газету «Піянер Беларусі», каб там надрукавалі і пазнаёмілі беларускіх дзяцей з гэтым творам. Канешне, тое было наіўна, але кніжны свет ужо звыкла стаў для мяне не меней значны за рэальны. У дзіцячыя гады там адбывалася нейкае душэўнае фармаванне, можа, болей важнае за ўплывы рэальнага свету…
А. А.: А паэзію любіў, чытаў?
В. Б.: Не надта. Апроч хіба «Новай зямлі» Я. Коласа, якую часам перачытваў, калі не было чаго іншага.
А. А.: Што, ні Пушкін, ні Лермантаў не ўвайшлі ў цябе?