Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 147
Перейти на страницу:

«Трэба з'язджаць, — падумаў я. — Да Мультана. Іначай спакою не дадуць, п'яныя чэрці. І ўвогуле, чорт ведае што. Усе ў акрузе нейкія звіхнутыя, а ўсё, што даведаўся за дзень, не вартае і выедзенага яйка».

Раздзел XV

Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта

Раніцаю я другі раз зайшоў са сваёй прапановаю да дзеда Мультана. І мне спадабалася ў яго яшчэ болей.

— Калі ласка, — сказаў ён, — мне што? Толькі начамі самотна будзе. Я начамі хаджу.

І вось я перабраўся ў другі пакойчык небывала вялікай «вартоўні» дзеда. Той, асабліва прытульны, нягледзячы на запушчанасць. Прытульны ад старых партрэтаў, ад складу непатрэбных ікон у адным з кутоў, ад таго, што адны дзверы (другія вялі непасрэдна ў дзедаву вартоўню) і акно выходзілі проста на абсады і цераз нізкі каменны мур — у цяністы ўжо зараз сад. Калі высунуцца ў акно, справа было відаць «першакасцёл», да якога пасля быў прыбудаваны гмах навейшага з яго цудоўным іканастасам моранага дубу з пазалочанымі фігурамі (роўны яму мне давялося бачыць хіба што ў Будславе).

Першым госцем быў Шаблыка. Прынёс вялізны пачак паперы: нямецкія лістоўкі і нашы лістоўкі, газеты, у якіх казалі аб нападах партызан і аб нападах на партызан. І аб расстраляных дзеячах руху апору, і аб заложніках. Было нават з дзесятак нумароў «Нашага шляху».

— Нашто ты гэта г… трымаеш?

— Трэба ведаць, хто ёсць хто і хто быў хто. Нават калі гэта бессаромная прапаганда. Гэх, браток, колькі такой бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я пасля вайны «Індыйскую грабніцу». Вывад: «немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе». Нейкія там фільмы пра «Агента 007» — «англічанін спрытны хлопец паўсюль пройдзе»… Цьху! На жаль, нават першакласныя людзі часам не паўсюль праходзяць. «Тому в истории мы тьму примеров слышим». Вось, можа, нешта цікавае пра тых і знойдзеш. Хаця наўрад: у апошнія дні тым было не да газет… Вось дастаць бы газеты тых часоў, калі брат Высоцкага правакатара забіў. Хаця адкуль іх дастанеш? Такі пажар пракаціўся.

— Ну, мабыць, не ўсё ж згарэла.

З другім візітам з'явіліся Васілька Шубайла і Стасік Мультан. І мы адразу пашыбавалі з імі да лазу ў падпол касцёла, проста квадратнай адтуліны, за якой ход ішоў уніз, як быццам тут збіраліся ссыпаць у бункер бульбу.

— Вы, дзядзька, можаце плячыма не пралезці, — сіпатым шэптам сказаў Васіль.

— Пралезе. Рукамі наперад. Там нешта накшталт прыступкі. Да яе сантыметраў пятнаццаць.

Яны слізнулі туды, як маляўкі пад камень. Але нічога, пралез і я. Адна рука наперад, другую — пад сябе, каб далонню падштурхоўваць чэрава. Непрыемна, калі звісаеш над пустою цемраю.

Але і сапраўды, не больш чым пятнаццаць сантыметраў да каменнай пляцоўкі.

Не люблю я гэтых падзямелляў, асабліва запушчаных. Затхла, паўсюль кавалкі атынкоўкі, стаяць саркафагі, і ў кожным нечае былое жыццё. Вартае ці не вартае гэтага саркафага — іншая справа. І асабліва мяне мярзіць такое відовішча пасля таго, як давялося мне бачыць «зацны гроб» аднаго вялікага саноўніка былых часоў. Мумія ляжала ў мундзіры пры ўсіх рэгаліях, але… без портак. Порткі былі суконныя, і іх з'ела моль. Варта было ліслівіць, царадворстваваць, выракаць людзей на горшае, забіваць іх, каб пасля ляжаць без портак.

— Вось дойлід, — сказаў Стах. — Камісія нейкая з год назад прыязджала, здымала века. Як жывы, ляжыць, толькі трохі ўсох.

Галасы нашы гулка выбухалі пад скляпеннямі, так што й гэтых маглі б разбудзіць. І ўсё ж я непамерна здзівіўся, калі паўзмрок прарэзала вертыкальная смуга святла. Нечакана павярнулася вакол восі вялізная і, як я цяпер бачыў, непамерна тоўстая дошка (раней я думаў, што проста на ёй калісьці нешта было напісана ды фарба злезла), і ў гэтым святле ўзнікла постаць чалавека са свечкай у руцэ.

— Хто там? — спытала постаць, і я пазнаў ксяндза. — А-а, гэта вы?.. Якім чынам вы тут?

Я паказаў рукою на лаз.

— Нашто ж вы так? Я сам бы мог паказаць. І было б зручней.

— Прабачце, дзеці сказалі, што іншага ходу няма.

— І дарэмна сказалі. Ну добра, дзеці, ідзіце, гуляйце.

Ён паказаў на патайныя дзверы, але малыя кінуліся ў лаз.

— Каб мне іхні спрыт, — усміхнуўся ксёндз.

— Яго ў вас і зараз хапае.

— Не. Для некаторых рэчаў ужо не. Тут пад касцёлам, дый пад замкам, цэлая сістэма хадоў. Кажуць, ёсць і ход, што злучае касцёл і замак. У некаторыя з іх я не рызыкую хадзіць. Дужа рэдка не хапае смеласці. Часцей — спрыту. Хочаце, я вам некаторыя пакажу.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)