Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 230
Перейти на страницу:

— Што ж, можа быць, — пагадзілася Зоська, у другі раз ставячы яго ў тупік. Ён болей за ўсё баяўся, што яна не зразумее ягоных довадаў, а яна, аказваецца, довады хапала адразу, але ніяк не магла прыняць вывады, якія лагічна вынікалі з гэтых довадаў.

— Можа быць, можа быць! — пачаў траціць раўнавагу Антон. — Дык чаго ж ты хочаш? Загінуць? Можа, табе жыць агоркла?

Зоська ўздыхнула, павярнулася да яго тварам, узялася за вялікі гузік на яго кажусе.

— Антон, ты разумееш… Каму жыць не хочацца? Я ж зусім і не жыла яшчэ, можна сказаць. Але што ж ты прапануеш? Ісці да фашыстаў? Што ж гэта такое? Гэта ж горш, чым нават смерць. Тут трэба згубіць сумленне. Яны ж чума дваццатага стагоддзя. Супраць іх увесь свет. З імі ж жыць немагчыма, яны ж звяры.

— Ну, гэта гледзячы для каго звяры. Калі з імі па-добраму…

— Ты жартуеш: па-добраму! Яны вунь колькі перабілі і тых, хто з імі па-добраму і па-дрэннаму, і тых, хто ніяк. Людзі для іх — жывёла на ўбой, а не людзі.

— Ну ладна! — сказаў ён нецярпліва. — Я хіба кажу, што яны — золата? Але ж у нас няма выбару. Што ж нам рабіць? Яны — сволачы, але ж яны перамогуць. Мы ж павінны з гэтым лічыцца.

— Па-першае, яшчэ не перамаглі. I ці перамогуць, яшчэ невядома. Нават калі ўзялі Сталінград і возьмуць Маскву. Ёсць яшчэ Урал, Сібір…

— Што ў той Сібіры…

— Мы — людзі. I мы ніколі не пагодзімся з імі, нават калі яны і перамогуць. Ты кажаш, што няма выбару. Выбар ёсць: або мы, або яны. Во ў чым наш выбар.

— Да-а, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Здорава, аднак, цябе напрапагандавалі.

— Прапаганда тут ні пры чым. Я сама гэта ведаю. Бо маю вочы і вушы, Таму лепей давай не будзем. Давай забудзем гэтую нашу размову. Яе не было, так?

— Размову можна забыць, — апалым голасам сказаў Антон. — Аднак лягчэй ад таго не будзе. Трэба нешта рабіць.

Ён быў расчараваны і баяўся, што ўсё сапсаваў, калі пачаў вось так, напрасткі. Мабыць, трэба было інакш — танчэй, з падыходам. А ён у лоб ляпнуў сваю прапанову. Цяпер вось атрымлівай. Цяпер ён і не ведаў, з якога боку да яе падступіцца. Здаецца, усе свае козыры ён ужо выклаў у гэтай гульні і ні на крок не пасунуўся да сваёй мэты.

Антону надакучыла таптацца на мокрым снезе ў варотах, і ён адышоўся далей, знайшоў камень, падкаціў яго бліжэй да выхаду і, сеўшы, прысланіўся да шула. Праз тры крокі ад яго з гаротным выразам твару стаяла Зоська. Было відавочна, што адносіны паміж імі набывалі новы характар і трэба было зараз жа штось зрабіць, каб уратаваць іх і разам сябе таксама. Але Антон быццам забрыў у тупік і не ведаў, што можна было прыдумаць, чым падзейнічаць на гэтую яе неразумную ўпартасць.

— Зося! — сказаў ён пасля даўгой паўзы. — Я думаў, ты мяне сапраўды кахаеш?

— У тым-та ўся справа, — хуценька павярнулася яна. — Інакш быў бы другі разгавор.

— Гэта які?

— Просты. Хіба я змагла б з табой так размаўляць?

— Як?

— Гэтак цярпліва. Пераконваць цябе.

— Мяне, ці ведаеш, пераконваць не трэба.

— Не, трэба, Антон, — пераканана сказала яна, прысядаючы перад ім на кукішкі. — Гэта ў цябе дурата. Невялікая слабасць. Гэта забітыя на цябе так падзейнічалі. На мяне, ведаеш, таксама… падзейнічалі. Хіба ў іншым сэнсе.

— У якім жа?

— Ды, знаеш, жыць расхацелася.

— Во гэта і відно!

— Не, нічога табе не відно, Антон. Знаеш, ідзі ты назад у атрад. Калі што, я скажу, што ты быў са мной. Скажу, што я папрасіла цябе праводзіць…

— Дзівачка! — нявесела ўсміхнуўся Антон. — Спярша ты вярніся пасля гэтых тваіх заданняў.

— Пастараюся, — сказала яна.

— Пастараешся! Гэтага мала. Умець трэба! А ты такая ўмелая…

— Ага, я не надта ўмелая, прызнаюся. Але…

— Во. I не агіціравай мяне. Я ў атрад не вярнуся, — жорстка сказаў Антон. — З мяне хопіць. Я ваяваў чэсна ўсе восем месяцаў. Але — годзе! I цябе не пушчу.

— Жартуеш? — сказала яна дзіўна схаладнелым голасам.

— Ніколькі!

Антон ускочыў з каменя, зірнуў у вароты. У ім з’явілася непахісная цвёрдасць. Толькі яна магла памагчы яму саўладаць з лёсам і з гэтым упартым дзяўчом. Няхай насуперак яе волі. Ён ужо ведаў, што з дзяўчатамі трэба заўжды насуперак іхняй волі, і тыя пасля не скардзяцца. Некаторыя нават удзячны на ўсё жыццё. Трэба толькі рашуча і цвёрда, не зважаючы на іх жаласныя енкі…

11

Рэшту гэтага ветранага снежнага дня яны прастаялі на сцюжы за шулам шырокіх варот, пазіраючы на дарогу і поле. Але ў полі скрозь было пуста, а на дарозе толькі адзін раз праехалі сані з двума мужыкамі, і болей ніхто не ішоў і не ехаў. Зоська трошкі паплакала, хоць слёзы не далі палёгкі, і яна адчувала сябе зусім кепска. Суседства забітых падрыўнікоў, якіх яны не маглі тут пахаваць, прыгнятала яе. Але болей за ўсё яе прыгнятаў Антон. У тым, што ён надумаўся на недарэчнасць, у яе не было сумнення, але яна не знаходзіла спосабу, каб утрымаць яго ад гэтай злачыннай недарэчнасці. Усе яе довады ён абвяргаў з лёгкасцю, кіруючыся сваёй увогуле няблага пабудаванай логікай, за якой было натуральнае для чалавека жаданне выжыць. Але якім чынам?

1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)