Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
З гэтымі павучаннямі гішпанец і стары дзікун рушылі ў дарогу на той самай пірозе, на якой іх прывезлі на маю выспу.
Як весела было мне збіраць іх у гэту дарогу! За ўсе дваццаць сем год майго зняволення на выспе я ўпершыню мог спадзявацца на тое, што вырвуся адсюль на волю. Я даў гэтым людзям вялікі запас хлеба і разынак, каб хапіла ім і нашым будучым гасцям.
Нарэшце я пасадзіў іх у пірогу і пажадаў ім добрай дарогі. Развітваючыся, я дамовіўся з імі, што калі яны будуць везці ў сваёй пірозе гішпанцаў, яны ўзнімуць сцяг у адкрытым моры, каб я мог здалёк пазнаць іх пірогу.
Адчалілі яны пры свежым ветры ў дзень поўні, у кастрычніку.
На жаль, я не магу назваць больш дакладную дату, бо, аднойчы згубіўшы правільны падлік дзён і тыдняў, я потым ужо не здолеў аднавіць яго.
Мінула даволі многа часу з моманту ад'езду маіх вандроўнікаў. Я чакаў іх з дня на дзень. Мне здавалася, што яны позняцца, што ўжо дзён восем назад павінны былі яны вярнуцца на выспу. Раптам адбыўся адзін зусім не прадбачны выпадак, якога яшчэ ніколі не здаралася за ўсе гады майго жыцця на выспе.
Неяк на досвітку, калі я яшчэ спаў моцным сном, прыбягае да мяне Пятніца і моцна крычыць:
— Едуць! Едуць!
Я падхапіўся, у момант апрануўся, пералез цераз агароджу і выбег у гай (ён да гэтага часу так разросся, што яго смела можна было ўжо зваць лесам).
Я да такой ступені забыўся пра небяспеку, што, насуперак звычаю, не ўзяў з сабою ніякай зброі. Я быў цвёрда ўпэўнены, што гэта вяртаецца гішпанец са сваімі сябрамі.
Якое ж было маё здзіўленне, калі я ўбачыў у моры, міляў за пяць ад берага, незнаёмую лодку з трыкутным ветразем! Лодка трымала курс прама на выспу, яе падганяў моцны спадарожны вецер, і яна хутка набліжалася. Ішла яна не з боку мацярыка, а з паўднёвага канца выспы.
Адным словам, гэта была зусім не тая лодка, якую мы чакалі.
На ўсякі выпадак трэба было падрыхтавацца да абароны.
Я прапанаваў Пятніцу схавацца ў гаі і ўважліва сачыць за людзьмі, якія знаходзіліся ў лодцы, таму што нам невядома было, сябры гэта ці ворагі. Затым я вярнуўся дадому, прыхапіў падзорную трубу і пры дапамозе лесак узлез на вяршыню гары, каб, не будучы бачны сам, агледзець усю мясцовасць; так рабіў я заўсёды, калі баяўся нападу ворагаў.
Не паспеў я падняцца на гару, як адразу ж убачыў карабель.
Ён стаяў на якары каля паўднёва-ўсходняга берага выспы, міляў за восем ад майго жытла. Ад берага да яго было не больш пяці міляў.
Карабель, несумненна, быў ангельскі, ды і лодка, як я цяпер мог упэўніцца, аказалася ангельскім баркасам.
Не магу выказаць, якія разнастайныя пачуцці выклікала ў мяне гэтае адкрыццё.
Маю радасць ад таго, што я ўбачыў карабель, прытым ангельскі, радасць ад чакання сустрэчы з маімі суайчыннікамі (значыць, з сябрамі) немагчыма апісаць.
Разам з тым нейкая патаемная трывога, якую я не мог растлумачыць, вымушала мяне паводзіць сябе асцярожна.
Перш за ўсё я задаў сабе пытанне: навошта спатрэбілася ангельскаму купецкаму судну заходзіць у гэтыя мясціны, якія ляжалі, як мне было вядома, у баку ад усіх гандлёвых шляхоў ангельцаў? Я ведаў, што яго не магла прыгнаць бура, таму што апошнім часам на моры буры не было. Калі нават на караблі сапраўды знаходзіліся ангельцы, мне ўсё роўна няварта да пары да часу паказвацца ім на вочы, бо зусім верагодна, што з'явіліся яны сюды не з добрым намерам. Лепей ужо мне і надалей заставацца на выспе, чым даверыцца падазроным людзям і аказацца ў руках якіх-небудзь бандытаў ці забойцаў.
Стоячы на гары, я не пераставаў сачыць за лодкай, якая набліжалася да выспы.
Раптам яна зрабіла круты паварот і пайшла ўздоўж берага ў напрамку да бухтачкі, дзе я калісьці прычальваў з плытамі. Відаць, тыя, што сядзелі ў лодцы, выглядалі, дзе б лепей прычаліць. Яны не заўважылі бухтачкі і прычалілі ў другім месцы, за паўмілі ад яе.
Я быў шчаслівы, што яны высадзіліся менавіта там, бо, калі б яны зайшлі ў бухтачку, яны апынуліся б, можна сказаць, у мяне на парозе і — хто ведае! — магчыма, выгналі б мяне з мае крэпасці і абрабавалі б да ніткі.
Людзі выйшлі на бераг, і я мог упэўніцца, што гэта сапраўды ангельцы, ва ўсякім разе большасць з іх. Аднаго ці двух, праўда, я палічыў за галандцаў, але я памыліўся, як потым выявілася. Усіх было адзінаццаць чалавек.
Трое з іх, відаць, былі прывезены сюды ў якасці палонных, таму што пры іх я не заўважыў ніякай зброі і мне здалося, што ў іх звязаны ногі. Я бачыў, як пяць чалавек, што першыя выскачылі на бераг, выцягвалі іх з лодкі.
Адзін з палонных, відаць, нечага прасіў: рухі яго рук выказвалі і пакуту, і мальбу і роспач. Відаць, ён быў у адчаі. Двое другіх таксама аб нечым упрошвалі, працягвалі наперад рукі, але ўвогуле яны як быццам былі спакайнейшыя і не так яскрава выказвалі сваё гора.