Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
— І не таму толькі, — дадаў ён, — што я лічу гэтыя патрабаванні мэтазгоднымі, але, галоўнае, таму, што я абавязаны вам жыццём і да самае смерці буду лічыць сябе вашым даўжніком.
— У такім разе не будзем цягнуць, — адказаў я. — Вось вам тры мушкеты, вось порах і кулі. А цяпер кажыце, што, па-вашаму, нам трэба рабіць.
— Дзякую вам, што вы звяртаецеся да мяне за парадай, — сказаў капітан, — але ці маю права я даваць вам парады? Вы — наш начальнік, і ваша справа даваць нам загады, а наша — выконваць іх.
— Мне здаецца, — сказаў я, — што нам лягчэй усё-такі будзе расправіцца з імі, калі мы нячутна падкрадземся, пакуль яны спяць, і выстралім у іх адразу з усіх нашых стрэльбаў. Каму суджана быць забітым, той будзе забіты. Калі ж тыя, што застануцца жывыя, папросяць літасці, іх, бадай, можна будзе памілаваць.
Капітан нерашуча заўважыў, што яму не хацелася б праліваць столькі крыві, што, калі можна, ён хацеў бы ўстрымацца ад такой жорсткасці.
— З гэтых людзей, — дадаў ён, — толькі два безнадзейныя нягоднікі, гэта яны падбухторвалі на злачынства астатніх. Калі яны ад нас уцякуць і вернуцца на карабель, мы прапалі, таму што яны наляцяць сюды з астатнімі матросамі і пераб'юць нас усіх.
— Значыць, трэба прыняць маю параду, — сказаў я. — Вы самі бачыце, што мы вымушаны быць жорсткімі: для нас гэта адзіны сродак выратавання.
Але было відаць, што капітану не хочацца забіваць і калечыць столькі сонных людзей, хоць гэтыя людзі і пакідалі яго на галодную смерць.
Заўважыўшы гэта, я сказаў яму, каб ён ішоў са сваімі таварышамі наперад і рабіў так, як лічыць больш мэтазгодным.
Пакуль у нас ішлі гэтыя перагаворы, піраты пачалі прачынацца. З лесу пачуліся іх галасы. Я ўбачыў, што двое з іх ужо стаяць на нагах, і спытаў капітана, ці не гэта завадатары бунту.
— Не, — адказаў ён, — гэтыя людзі былі верныя свайму абавязку да апошняй хвіліны і прымкнулі да змоўшчыкаў пад уздзеяннем пагрозы.
— Тады няхай сабе яны ідуць, — сказаў я. — Не будзем перашкаджаць ім. Відаць, сам лёс паклапаціўся пра тое, каб выратаваць невінаватых ад кулі. Але крыўдуйце потым на сябе, калі вы дасце магчымасць астатнім уцячы. Яны схопяць нас, і вам тады літасці ўжо не будзе.
Гэтыя словы абудзілі ў капітана рашучасць. Ён і яго таварышы схапілі стрэльбы, засунулі за пояс пісталеты і рынуліся наперад.
Адзін з матросаў павярнуўся, пачуўшы крокі, і, убачыўшы ў руках сваіх палонных зброю, узняў трывогу.
Але было позна ўжо: у той самы момант, як ён закрычаў, прагучалі два стрэлы. Тыя, што стралялі, не прамахнуліся: адзін чалавек быў забіты напавал, другі цяжка паранены. Ён, аднак, усхапіўся на ногі і пачаў клікаць на дапамогу.
Але тут да яго наблізіўся капітан.
— Позна! — сказаў ён. — Цяпер ужо цябе ніхто не выратуе. Вось табе ўзнагарода за здраду!
З гэтымі словамі ён ускінуў мушкет і так моцна стукнуў здрадніка прыкладам па галаве, што той змоўк назаўсёды.
Цяпер, не лічачы трох чалавек, якія, відаць, зайшлі ў другі бок лесу, у нас заставаліся толькі тры праціўнікі, з якіх адзін быў лёгка паранены. У гэты час падышлі і мы з Пятніцай. Ворагі ўбачылі, што ім не выратавацца, і пачалі прасіць літасці. Капітан адказаў, што ён гатовы памілаваць іх, калі яны на справе дакажуць, што раскайваюцца ў сваім вераломстве, і прысягнуць, што дапамогуць яму завалодаць караблём. Яны пападалі перад ім на калені і пачалі горача запэўняць яго ў сваім раскаянні.
Капітан паверыў іх клятве і заявіў, што ахвотна даруе ім жыццё. Я не пярэчыў супроць гэтага, але патрабаваў, каб палонным звязалі рукі і ногі.
Як толькі перагаворы скончыліся, я загадаў Пятніцу і памочніку капітана збегаць да баркаса і зняць з яго ветразь і вёслы.
Неўзабаве вярнуліся і тыя тры матросы, якія блукалі па выспе. Яны зайшлі далёка і цяпер прыбеглі, пачуўшы нашы стрэлы.
Калі яны ўбачылі, што капітан з іх палоннага зрабіўся іх пераможцам, яны нават не спрабавалі супраціўляцца і, не пярэчачы, далі сябе звязаць.
Такім чынам перамога засталася за намі.
Раздзел дваццаць сёмы
Бойка з піратамі
Цяпер, на волі, я мог падрабязна расказаць капітану пра ўсе свае прыгоды і няшчасці і распытаць яго пра тыя сумныя падзеі, у выніку якіх ён застаўся без карабля.
Я пачаў першы. Я расказаў яму ўсю гісторыю свайго жыцця за апошнія дваццаць сем гадоў. Ён слухаў вельмі ўважліва і не раз выказваў здзіўленне маёй мужнасцю і працавітасцю, якія пазбавілі мяне ад непазбежнай смерці.
Цяпер, калі ён падрабязна даведаўся пра маё жыццё на бязлюднай выспе, я запрасіў яго самога і яго спадарожнікаў да сябе ў крэпасць, куды мы зайшлі маім звычайным шляхам — па прыстаўных лесках. Я прапанаваў сваім гасцям добрую вячэру, а затым паказаў ім усю сваю хатнюю гаспадарку з усімі прыдуманымі мною за многія-многія гады мае адзіноты прыстасаваннямі.