Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Мяне няма: роздумы на руінах чалавека - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:

У сваёй кніжцы беларускі філёзаф збудаваў свой вобраз сучаснай урбанізаванай і расейскамоўнай Беларусі. Для Акудовіча “Ўся Беларусь” і “Ўласна Беларусь” — гэта дзьве канцэптуальна розныя кампазыцыі на прасторы аднаго топасу. “Уласна Беларусь” – гэта Архіпэляг. Унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданы астравы і астраўкі беларушчыны, а камунікацыі паміж імі адбываюцца дзякуючы тэкстам. Вось гэтую апалягетыку Тэксту вельмі нязвыкла ўбачыць у словах аўтара, вядомага сваім скэптычным стаўленьнем да таго меркаваньня, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыцьцё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Сучасную найбольшую ж пагрозу аўтар бачыць у тым, што, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. Сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблемай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.
1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 80
Перейти на страницу:

З тым дымам ён і адышоў у нябёсы, “а душа ўзяла і засталася”, затрымалася на нейкі час і вярэдзіць маю душу ягоным сумам па немагчымасьці інакш пазьбегнуць сьмерці, як толькі памерці.

III. БЕЗ ПЭРСАНАЛІЯЎ
ПРА ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ТАЛЕНТ І ТРАДЫЦЫЮ

1. Нахлебнікі традыцыі

Мне здаецца, што наша літарацкая (і калялітарацкая) публіка ў сваёй пераважнай бальшыні ўсё яшчэ ўяўляе традыцыю як нейкі мэханічна пасьлядоўны працэс па захаваньні і назапашваньні тыпалягічна аднолькавых элемэнтаў літаратурнай прадукцыі. (А тое, што не падпадае пад гэтую тыпалёгію, лічыцца ўжо не традыцыяй, а наватарствам, авангардам, форматворчасьцю — ці проста нейкай выпадковай недарэчнасьцю, хіба адно вартай жалю). Праўда, у шматлікіх развагах наконт традыцыі заўсёды згадваецца пра яе творчы развой, факталягічнае ўзбагачэньне, эвалюцыйны поступ, і тым самым падкрэсьліваецца задзіночанасьць традыцыі і сучаснасьці, іх дыялектычная лучнасьць, якая ў схеме выглядае прыкладна так: літаратурная традыцыя фармуе літаратара, а літаратар стварае адпаведныя творы, якія ў сваю чаргу далей фармуюць традыцыю... Але сутнасьць разуменьня традыцыі ад гэтага не мяняецца.

Зрэшты, падобна пра традыцыю разважалі ва ўсёй Эўропе, пакуль у 1918 годзе Эліот не надрукаваў сваё знакамітае эсэ “Традыцыя і індывідуальны талент”, некалькі бліскучых пасажаў зь якога змусілі да рэвізіі ўсяго комплексу праблемаў, зьвязаных з катэгорыяй традыцыі. Цяжка ўтрымлівацца, каб не працытаваць хаця б адзін зь іх: “Калі зьяўляецца новы твор мастацтва, ён уплывае адначасова на ўсе іншыя мастацкія творы, якія папярэднічалі яму. Існуючыя помнікі мастацтва ствараюць ідэальны парадак, узгадняюцца паміж сабою, але гэты парадак непазьбежна мяняецца са зьяўленьнем сярод іх новага (сапраўды новага) мастацкага твору. І цяпер ужо, каб аднавіць дасканалую пасьлядоўнасьць мастацкіх твораў, увесь папярэдні парадак абавязкова павінен зьмяняцца, хоць бы крышачку, і таму каштоўнасьці кожнага мастацкага твору ў адносінах да ўсіх астатніх твораў прыстасоўваюцца і ўтвараюць паміж сабою новую ўзгодненасьць. Той, хто пагодзіцца з гэтай ідэяй парадку як формаю існаваньня ангельскай і эўрапейскіх літаратураў, не палічыць абсурдным тое, што мінулае павінна мяняцца пад узьдзеяньнем сучаснага, як і сучаснае кіруецца ў сваім разьвіцьці мінулым”.

Пасябраваўшы са словамі Эліота “мінулае павінна мяняцца пад ўзьдзеяньнем сучаснага”, мы, прарабіўшы некалькі лягічных маніпуляцыяў, апынемся побач з высноваю, што толькі кардынальна адметнае здольнае зварушыць ды па-іншаму пераўладкаваць традыцыю, і тым самым у акце руху-пераруху даць ёй магчымасьць выявіць сябе актыўнай, дынамічнай, жывой...

Традыцыя ажывае, жыве ў пераменах, яна выяўляецца ў дынаміцы, а не ў статыцы. А перамены (дынаміка) у традыцыі адбываюцца не з таго, што мацуе яе статычнасьць, а з таго, што гэтую статычнасьць разбурае.

Літаратурная традыцыя — гэта бурэньне традыцыі, а не яе будаваньне. Адсюль і папярэдняя выснова: традыцыя трымаецца адно нетрадыцыйным. У традыцыйным традыцыя ў лепшым выпадку адпачывае, у горшым — памірае.

Эліот ня быў настолькі катэгарычным, аднак ёсьць у ягоным эсэ словы, якія хай сабе і ўскосна, але падтрымліваюць прадэкляраваны тут экстрэмізм: “... Калі адзіная форма насьледаваньня складаецца з таго, каб бязглузда і баязьліва ісьці па шляхах, пракладзеных бліжэйшым пакаленьнем, схіліўшы голаў перад яго дасягненьнямі, — такая “традыцыя” безумоўна бясплённая і эпігонская. Мы ўжо няраз былі сьведкамі такіх плыткіх плыняў у мастацтве, якія неўзабаве зьнікалі, як вада ў пяску, і наватарства заўсёды лепей за пустое паўтарэньне ўжо пройдзенага”.

Гэтая цытата ня толькі падмацоўвае папярэднія развагі, але і дапамагае перасунуцца да наступнага фрагмэнту размовы, пазначанага ня без публіцыстычнага напалу як “Нахлебнікі традыцыі”.

Традыцыю ствараюць, уладкоўваюць і пераўладкоўваюць адзінкі, а карыстаюцца зь яе сьціжмы і сьціжмы. Эліот у сваім эсэ аналізуе стасункі паміж традыцыяй і індывідуальным талентам, як тым, што адначасна ёсьць і творным і творцам традыцыі. А я б далей хацеў сказаць колькі слоў пра ўзаеміны традыцыі і індывідуальнага таленту, які адно спажывае з традыцыі, нічым яе ня жывячы.

Нахлебнік традыцыі, сьціпла тулячыся ў адным зь яе закуткоў ці нахабна ўладкаваўшыся ля яе цёплай печы, нічога, акрамя сваёй прысутнасьці, традыцыі не дадае, але за сталом сёрбае поўнай лыжкай. Гэтай немудрагелістай мэтафараю я хачу сказаць, што для нахлебніка традыцыя ёсьць адно дармавым прытулкам, дзе ён месьціць свой індывідуальны талент.

1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 80
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)