Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Новая зямля
Новая зямля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Новая зямля

Электронная книга - «Новая зямля». Краткое содержание книги:

Новая зямля
1 ... 58 59 60 61 62 63 64 65 66 ... 85
Перейти на страницу:

XXV. Летнім часам

Прайшоў Вялікаднік свяценькі. Бяруцца людзі за сявенькі, За плуг, за бораны, за сохі, Пайшлі разгульвацца патрохі. Запахла поле зноў раллёю; Гракі, вароны чарадою За свежай ходзяць баразною. Вясёлы шум і пануканне Чутны да самага змяркання. А над палямі ў ясным небе, Як быццам песнямі аб хлебе, Які даручан гэтай глебе, Зальюцца жаваранкі хорам, І песні моўкнуць па-над борам. А сам той бор глядзіць з усмехам І ўторыць чуткім сваім рэхам І спеву-посвісту драздоў, І громкім трубам пастухоў, І ціхай дудцы за гарою.
Адна работа за другою Ідзе-плыве сваёй чаргою То ў агародзе, то на полі І не спыняецца ніколі; І так у клопаце, ў рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Тады штодня ўставай дасвета, І агнявокая дзянніца, Як маладая чараўніца, Цябе сагрэе мілым смехам, Авее духам чыстым бораў, Палёў, лугоў, нябёс прастораў І сыпне радасць нізкім стрэхам, Ды толькі будзе той дастойны Вітаць у ранічак спакойны Златавалосую багіню, Той да грудзей яе прыхіне, Яе пацешыцца красою, Хто сам абмыецца расою.
За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку: Ідзе работа, не спі ў шапку. Агледзьце, братцы, добра косы, Каб не псаваць свае пракосы, Каб не ўвадзіць людзей у грэх, Касарства зводзячы на смех. Пахібка знойдзецца якая, Наш дзядзька першы не ўтрывае І на пакошу тыкне пальцам: Бяда няўмекам і нядбальцам, Хто шнур зжуе няроўным плехам — Антось яго ўжо дойме смехам, Задзене проста за жывое, Хоць сэрца ў дзядзькі і не злое. Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску: І ярка, лёгка, спрытна, гонка; Другі лягчэй знаходзіць жонку — Свой вечны лёс, сваю красу, Чым дзядзька добрую касу.
І паглядзець было цікава, Як дзядзька шчыра і ласкава Касу на рынку выбірае! Якіх ён спроб там не ўжывае! Спярша агледзіць яе пільна, З усіх бакоў глядзіць прыхільна І паступова, па парадку Як на насок, так і на пятку І на кляймо, на шыйку тую; Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу зробіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта, — У дзядзькі тут свая прымета, Ды я не ведаю якая, — І дзядзька косцы загукае: «Ка-са!» і вуха прыкладае — Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы: Каса павінна адгукнуцца; Калі ж каса не гаваркая, То дзядзька спосаб яшчэ мае: Наслініць, выцершы насуха, Рубец касы, той край абуха, І ўпапярок у тую сліну Кладзе саломінку-націну, І тут каса ўжо, брат, не схлусіць: Удоўж саломка легчы мусіць.
1 ... 58 59 60 61 62 63 64 65 66 ... 85
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)