Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Электронная книга - «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Краткое содержание книги:

Новы раман Уладзімір Някляева, па яго ўласным прызнанні, — удзячнасць Менску і ўсім тым, хто разам з ім увайшоў у жыццё аўтара. Гэтая кніга, шмат у чым аўтабіяграфічная, — пра фарміраванне ідэалаў някляеўскага пакалення ў часы хрушчоўскай адлігі. У яе падмурку рэальныя падзеі 1960-х і 2010-х гг.: існаванне ў Менску стыляг, якія слухалі Акуджаву, захапляліся радыёаматарствам і пераследаваліся брыгадміламі; «раскрыццё» КДБ «змовы антысавецкай групоўкі» філосафа-дысідэнта Кіма Хадзеева; прыезд у Менск Мікіты Хрушчова ды іншыя. Прычым поруч з прыдуманымі героямі тут дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, названыя і не: Лі Гарві Освальд, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Луцэнка. Таксама адна з дзейных асобаў — сам Менск, у чыіх дэкарацыях і развіваецца напаўдэтэктыўны сюжэт.
Кніга складаецца з трох узаемадапаўняльных частак: самога мастацкага твора, раздзела дакументаў і паслямовы аднаго з герояў рамана — Віктара Ледзенева. Такім чынам нібыта наўмысна падкрэсліваецца пэўная дакументальнасць кнігі, хоць сам Уладзімір Някляеў, які шмат зрабіў для таго, каб надаць ёй гэтай дакументальнасці, катэгарычна сцвярджае, што «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — твор выключна мастацкі.
1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:

Прыпынак праехалі моўчкі.

На наступным я сышоў — і больш ніколі ў жыцці не спаткаліся мне ні тыя дзве бабулі, ні дзядок, ні падпалкоўнік, ні намеснік начальніка Мінскага паравознага дэпо, ні кандуктарка Віялета Казіміраўна, ні сіні каптурык… Над усім — толькі вясновы пах пралесак.

Вось што дзіўна: убачыць людзей, разам з якімі пражываеш свой век на зямлі, толькі на імгненне аднойчы ўраніцы…

А ўвечары была вайна.

Мы ўжо грушаўскіх дабівалі, засталося толькі адну, дзявятую кроў пусціць, калі на мяне наляцелі незнаёмыя мужыкі. Не з нашых. П’яныя, у наколках — з тых, каго нядаўна выпусцілі з турмы па амністыі. Блатныя. Адзін ударыў алавянкай — і ўвечары я апынуўся там, дзе сышоў з тралейбуса ўраніцы: у Першай клініцы на Падлеснай.

Першай, каго ўбачыў, вярнуўшыся з таго свету, была Ася. Я пазнаў яе і заплакаў: ніколі мне з ёй не ажаніцца. Дама ў каракулі сышла з тралейбуса і павярнула на Даўгабродскую…

Пляц Волі, былы Высокі Рынак

— З каго нічога не выбіць — таго не б’юць, — кажа мне Саламон Майсеевіч на мой аповед пра тое, як я ледзьве не апынуўся на тым свеце. — Хіба выпадкова. Стаіш на вуліцы, нехта падыходзіць: “Чаго тут стаіш?..” Ты і адказаць не паспееш, бо сам пакуль не ведаеш, чаго тут стаіш, а той, які падышоў — тыц! Ці ў пысу табе, ці куды папала. І далей рушыў па сваіх таемных справах. Не надта яму, аказваецца, цікава, чаго ты тут стаяў.

Я слухаю Саламона Майсеевіча і ў згодзе ківаю галавой, бо ўжо сам здагадваюся: людзі людзей на гэтым свеце прыблізна гэтаксама цікавяць, як і на тым. Ну, калі мець на ўвазе людзей, якія яны ёсць, а не якімі прыкідваюцца.

Прыкідвацца чалавеку, як яно ні дзіўна, куды лягчэй, чым быць самім сабой. Таму і шчэмяцца ў акторы ўсе… То ў вайну, то ў мір гуляюць.

Палкоўнік, пра якога размова далей, кажа, што актор — гэта той, хто не ведае, хто ён такі. Калі ён, канечне, не правізар, які ведае, што ён правізар. А Косця Воран з Палкоўнікам не згодны. “Сам пра сябе, — кажа Косця, — ніхто не ведае нічога. Нават правізар. Але ж не ўсе — акторы”.

“Ты хоць разумееш, што ты сказаў? — пытае Косцю Палкоўнік, спрабуючы задарма, не кінуўшы манету, выбіць з аўтамата газіроўку, але кулачок у Палкоўніка маленькі — і аўтамат толькі ўздрыгвае, пашыпваючы, а вады не дае. — Чаго пра сябе можа не ведаць правізар? Вось спытайся ў Саламона Майсеевіча: чаго ён пра сябе не ведае?”

“Але ж Саламон Майсеевіч не правізар…” — разгублена глядзіць Косця на Палкоўніка, якому ўсё адно, што там ведае ці не ведае пра сябе Саламон Майсеевіч, і толькі дзеля таго, каб Косця дапамог яму газіроўку з аўтамата выбіць, Палкоўнік кажа: “Але мог ім быць…”

“Гух!” — б’е Косця — і струменіць, зашыпеўшы, вада з аўтамата.

Мала каго так білі, як той першы ў Мінску аўтамат з газаванай вадой. І толькі праз тое, што з яго можна было нешта выбіць. Не Бог ведае што, шклянку вады з сіропам ці без, але ўсё ж…

Пасля хрушчоўскай грашовай рэформы шклянка газіроўкі без сіропу стала каштаваць не дзесяць капеек, а капейку, з сіропам — тры. З сіропам рэдка хто выбіваў. На маёй памяці толькі Косця Воран. І толькі аднойчы. Ці, можа, два разы. Але ён быў здаровы. У-у-у, які здаровы быў Косця Воран! Калі ад яго Ася ў аўтобус скочыла, каб да Гурыка паехаць, гэта на Круглай плошчы, на канцавым прыпынку першага аўтобуснага маршруту было, дык Косця ўхапіў аўтобус за задні бампер і трымаў. Аўтобус газаваў, пакуль бампер не адарваўся.

А тут нейкі аўтамат з газіроўкай… Ён амаль штодня ламаўся — і яго амаль штодня рамантавалі.

Стаяў ён на пляцы Волі, на спуску да Нямігі, куды перанеслі яго з праспекта Леніна ад крамы пад гадзіннікам, шостай прадуктовай, у якой і пачалі прадаваць мінчукам пеністую ваду з сіропам і без. Чаму перанеслі, ніхто не ведаў. Але ўсе здагадваліся: каб ятку знесці, у якой раней мяса прадавалі. Мяса на ўсіх не хапала, і каб яго стала болей, увесь Савецкі Саюз засеялі кукурузай, пасля чаго мяса зусім прапала. Ятка стаяла пустой — і ў ёй сталі прадаваць газіроўку. Мінчукі падыходзілі, выпівалі і пыталіся: “А закусіць?” Калі ж ятку знеслі і аўтамат замест яе паставілі, дык у каго пра што пытацца? У аўтамата?..

А аднойчыі ён знік. Усе падумалі, што яго звезлі, каб нічога ўжо пра ятку з мясам не нагадвала. Але не, я ведаў: ён знік сам. Каб не замінаць Саламону Майсеевічу, які праз яго стаў беспрацоўным і напісаў скаргу ў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі на Мінскі гарадскі выканкам дэпутатаў працоўных і на КДБ.

Я знайшоў зніклага на Берасцянскай, у двары дома, дзе аптэка. Сказаў, што Саламона Майсеевіча не стала — і цяпер яны адзін аднаму не замінаюць. Ні аўтамат Саламону Майсеевічу, ні Саламон Майсеевіч аўтамату. І ніхто ўжо не ўспамінае ятку.

1 2 3 4 5 6 7 8 9
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)